“Душа мая разрывалася ад думкі, што будзе з гэтымі скарбамі…”

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Алена Аладава. З успамінаў пра першыя дні Вялікай Айчыннай

/i/content/pi/cult/327/5946/pic_28.jpgУспаміны легендарнага дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алены Васільеўны Аладавай, напісаныя яе рукой, захоўваюцца ў сям'і яе дзяцей - Вальмена і Радаславы. Некаторыя фрагменты тых успамінаў былі ў 2006 годзе апублікаваны ў кнізе "Елена Аладова. Музей - ее судьба". Мы прадстаўляем частку ейных успамінаў розных часоў пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, якую Аладава сустрэла ў Мінску, і пра тое, што было потым. Падаем іх з некаторымі купюрамі.

Дзяржаўная карцінная галерэя налічвала больш за 2700 твораў беларускага, рускага і заходнееўрапейскага мастацтва, у тым ліку 48 слуцкіх паясоў, 60 ікон ХVІ - ХVІІІ стст. і частку калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Аднак усё гэта знікла ў першыя гады Вялікай Айчыннай: на вялікі жаль, калекцыю не паспелі падрыхтаваць да эвакуацыі. У першыя дні акупацыі Мінска немцы толькі злёгку "пагаспадарылі" ў галерэі. Але потым у горадзе з'явіліся два высокапастаўленыя "знаўцы прыгожага": дырэктар Дрэздэнскай галерэі, спецыяльны ўпаўнаважаны па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у г. Лінцы, Г.Пасе і спецыяльны ўпаўнаважаны па падліку культурных каштоўнасцей на ўсходніх тэрыторыях К.Мюльман. Вось яны і аказаліся ініцыятарамі татальнага разрабавання нашай галерэі, ды не толькі яе.

Хаця руку да гэтага прыклалі і іншыя "аматары мастацтва" кшталту фашысцкай суполкі "Спадчына", якую ўзначаліў сам Гімлер. Словам, практычна ўсе творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва канфіскавалі і адправілі ў Рэйх і Кёнігсберг. І да верасня 1941-га калекцыя галерэі была вывезена ў невядомым накірунку. Гэтая страта аказалася для беларускай культуры вельмі цяжкай. Пасляваенны пошук наладзілі з затрымкай, бо адсутнічаў інвентарны спіс: да вайны не паспелі зрабіць вопіс усіх твораў. І толькі ў 1944-м супрацоўнікі галерэі зрабілі яго па памяці.

Пасля вайны вярнуліся толькі тыя творы, якія перад Вялікай Айчыннай экспанаваліся на выстаўках у Расіі або былі знойдзены ва Усходняй Прусіі савецкімі салдатамі, а таксама ў самім разбураным Мінску. Карацей кажучы, усё трэба было пачынаць наноў. І гэты, другі, этап гісторыі Мастацкага музея быў звязаны з 33-гадовай дзейнасцю Алены Васільеўны Аладавай - дырэктара галерэі з 1944-га, якая да вайны кіравала аддзелам беларускага і рускага мастацтва.

Пасля вызвалення галерэі далі чатыры пакоі Дома прафсаюза на плошчы Свабоды, а ўвосень 1947-га ўжо размясцілася і экспазіцыя на другім паверсе гэтага дома. У фондах галерэі да таго часу было сабрана больш за 300 твораў. Але Аладава дабілася ў беларускага Урада таго, каб узвесці спецыяльны будынак для галерэі. І праз дзесяцігоддзе - 5 лістапада 1957-га - быў адкрыты будынак Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (так стала называцца галерэя). Фонд яго па колькасці работ (больш за тры тысячы) дасягнуў даваеннага ўзроўню... Але хто цяпер можа падлічыць тыя страты (не толькі мастацкія!), якія выпалі на долю ўсёй шматпакутнай беларускай культуры ў гады Вялікай Айчыннай?!

 

■ ■ ■

"...1941 год. Першыя дні вайны. Немцы ўжо пад Мінскам. /i/content/pi/cult/327/5946/pic_29.jpgАпошняя ноч была праведзена намі ў горадзе, у Дзяржаўнай карціннай галерэі па вуліцы Карла Маркса, 29. Да гэтага два дні ўпакоўвалі экспанаты галерэі. Самыя лепшыя палотны выцягвалі з рам і ўкладвалі ў скрыні. Шмат давялося павазіцца з калекцыяй слуцкіх паясоў. Іх было 48 адзінак: сярод іх - "літыя", залататканыя фабрыкі "Леа Мажарскі ў горадзе Слуцку", фабрыкі Пасхаліса ў Ліпаўцы, кракаўскай фабрыкі Маслоўскага. І ўсе яны ляжалі ў вельмі цяжкай скрыні, у сховішчы. Мы - тры жанчыны і адзін мужчына, наш супрацоўнік, ледзь маглі яе ссунуць з месца.

А ў гэты час уся мая сям'я: муж, кампазітар Мікалай Ілліч, і два сыны - адзінаццацігадовы Вальмен і васьмігадовы Гельмір - сядзелі ў бамбасховішчы галерэі ў чаканні, калі мы ўходзімся, каб найхутчэй пакінуць Мінск. А як выехаць, калі мы засталіся без транспарту? Дакладней кажучы, наш грузавік стаяў у двары, але - без вадзіцеля, бо той яшчэ ў першы дзень вайны пайшоў на прызыўны пункт. А апроч яго аўтамабіль ніхто з галерэйшчыкаў вадзіць не ўмеў. Спрабавалі кудысьці тэлефанаваць - дарэмна.

З досвітку пачаліся новыя бядоты. Нейкія невядомыя людзі сталі падпальваць у двары драўляныя штабелі. Бамбасховішча і галерэйныя залы напаўняліся едкім дымам. І тады мой муж з некалькімі хлопцамі ўсялякімі падручнымі сродкамі сталі гасіць пажар. Толькі патушаць, як праз некаторы час хтосьці зноў рабіў падпал. Не іначай, як нас усіх хацелі выкурыць з галерэі і бамбасховішча. Але навошта? Аднак дзень мы выстаялі.

А тут, бліжэй да ночы, стала спыняцца падача вады. Мы ледзь паспелі схаваць некаторыя запасы проста... у экспанаты: кітайскія вазы і японскія сасуды. Грэх, канешне ж, але іншай ёмкасці на той момант у нас пад рукой не было.

Раніцай дырэктар галерэі Мікалай Пракопавіч Міхалап абвясціў нам, што трэба неадкладна ўцякаць, бо немцы ўжо блізка і вось-вось увойдуць у Мінск.

Так, марудзіць было нельга. Я кажу дырэктару, што трэба кожнаму з нас узяць з сабой хаця б па адным слуцкім поясе, бо хто ведае, што з імі можа здарыцца. Але, як на грэх, захавальнік Зарэма Канапацкая і яе сястра, брыгадзір-наглядальнік Таіда Канапацкая кудысьці зніклі з ключамі ад сховішча, і знайсці іх не было ніякай магчымасці. Галерэю засталіся ахоўваць два вартаўнікі, але такая абарона музейных каштоўнасцей насіла, канешне ж, выключна ўмоўны характар. Так ці інакш, але мы ўслед за нашым "важаком" Міхалапам рушылі ў дарогу. З нявыказаным смуткам выйшлі на Савецкую вуліцу, прайшлі нейкую адлегласць, звярнулі, пабачылі наш дагараючы дом, іншыя будынкі, ахопленыя полымем... Зноў выйшлі на Савецкую. Поўная збянтэжанасць. Што прынясе нам дзень заўтрашні, ніхто не ведаў. Асабліва балела душа за пакінутыя музейныя скарбы, якім не было цаны! Які лёс іх чакае? Але што мы маглі зрабіць?

На ўскраіне горада сустрэлі мастакоў Пашу Гаўрыленку і Жэню Зайцава, якія таксама накіроўваліся ў бок Калодзішчаў. Пачуўшы наш блытаны расповед, яны суцяшалі нас, казалі, маўляў, не перажывайце: перамога будзе за намі і галерэя будзе адроджана.

А мы з адчаем усё азіраліся на палаючыя кварталы горада, дзе засталося наша дзецішча - толькі-толькі набраўшая моцы цудоўная карцінная галерэя з унікальнымі калекцыямі з чатырох тысяч адзінак старажытнабеларускага, рускага, замежнага і прыкладнога мастацтва, з вялікім зборам лепшых твораў мастакоў рэспублікі.

Дайшлі да Калодзішчаў, дзе сталі чакаць эшалон. Прыйшоў нейкі састаў, крыты брызентам. Але нас на яго не ўзялі. Чакалі наступнага. Нарэшце ён з'явіўся, і ваенныя дазволілі нам усім сесці ў яго. Міхалап прыладзіўся на першай платформе, мы - дзесь пасярэдзіне эшалона. У гэты эшалон бітком набілася шмат іншых бежанцаў.

Словам, рушылі. Праз кожныя паўгадзіны гучаў трывожны сігнал паравоза, і ўсе, уратоўваючыся ад нямецкіх авіяцыйных налётаў, саскоквалі з платформы, беглі ў кусты і падалі ніцма.

Потым - адбой, і мы зноў займалі свае месцы на платформе. Так цягнуліся да прыцемку. З кожным прыпынкам прыбывала процьма людзей. Сярод іх і ваенныя, і міліцыянеры, і грамадзянскія асобы, мужчыны, жанчыны, дзеці - у берэтах, кепках, капелюшах, фуражках, з рукзакамі і чамаданамі, торбамі і мяшкамі. На нашай платформе нават павярнуцца было немагчыма.

Памятаю, нейкі рабочы падышоў да начальніка састава і сказаў, што тут, у натоўпе, шмат шпіёнаў, і добра б праверыць ва ўсіх дакументы. "Праверым",- адказаў той, але раздаўся чарговы сігнал паветранай трывогі, і мы вокамгненна скаціліся з адхону. Пасля адбою, падымаючыся да поезда, я пабачыла на насыпе цела таго самага рабочага з прастрэленай скроняй. Зразумела, што хтосьці з "чужых" яго застрэліў....

/i/content/pi/cult/327/5946/pic_27.jpgСтала не па сабе. І мы вырашылі, пакуль не позна, з гэтай кампаніі бегчы. На наступным прыпынку перабраліся на першую платформу, дзе быў Міхалап, каб разам абмеркаваць далейшыя нашы дзеянні і ўчынкі. Праехалі яшчэ трошкі. Ужо цямнела. Чакаем перапынку. І вось, нарэшце, поезд спыніўся на вельмі высокім насыпе. Але што здарылася? Па баках састава, уздоўж вагонаў, унізе, ланцужком, стаялі ваенныя ў чорных плашчах. Раздаўся загад: усім легчы і не варушыцца. Усё стала ясна, але раздумваць не даводзілася. Мы хутка адчынілі абодва барты платформы і сталі саскокваць на зямлю. Я і муж схапілі нашых хлопчыкаў за рукі і скаціліся кулём уніз. Потым з усіх ног кінуліся прэч. І ў гэтую хвіліну пачалася кананада. З боку галавы поезда падкаціла артылерыйская батарэя і пайшла дзікая страляніна. Апошняе, што я пачула, быў голас Міхалапа: "Дзе, дзе Аладавы?"...

А мы імчаліся, як шалёныя, праз нейкае балота. Увесь абутак прамок настолькі, што яго давялося выкінуць. Беглі босыя, на світанні, трапілі на вясковыя могілкі і перавялі дух. Тут вырашылі правесці некалькі гадзін, каб адпачыць ды набрацца сіл. Куды дакладна ісці - не ведалі. Ведалі толькі, што шлях - на ўсход.

Выйшлі на Маскоўскую шашу і пабачылі, як чалавечая лавіна цягнецца ў напрамку Масквы. Па баках шашы стаялі групамі салдаты ў форме чырвонаармейцаў. Чым далей мы адыходзілі разам з натоўпам, тым меншыя рабіліся гэтыя групы, пакуль апошнія салдаты, якія засталіся ззаду, зусім не зніклі з поля нашага зроку.

І тут мы пабачылі на ўзбочыне дарогі дагараючыя рэшткі нашых самалётаў! Адчуўшы, што зноў трапілі ў пастку, вырашылі вярнуцца на прасёлачную дарогу і прабірацца на ўсход самастойна.

Праз нейкі час увайшлі ў невядомую вёску. Там якіясьці сур'ёзныя людзі праверылі нашы дакументы, паглядзелі: муж - кампазітар, я- навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай карціннай галерэі, два хлопчыкі. І раптам чуем: "Зараз жа вяртайцеся! Калі зноў трапіце на нашы вочы, расстраляем на месцы!"

Што гэта былі за правяраючыя асобы, мы не ведалі, але паслухаліся і павярнулі назад. Да ночы перачакалі ў лесе, а на світанні, зноў прасёлачнымі дарогамі, пайшлі наперад, на ўсход. Але голад не цётка - увайшлі ў нейкую вёску, каб здабыць там харч. Добрыя бабулі абулі нас у сялянскія лапці, далі крынку малака, усыпалі ў міску вараную бульбу і далі вялікі кавалак хлеба. І толькі мы ўзяліся за трапезу, як раптам расчыніліся дзверы хаты і ўляцела колькі ваенных у нашай форме, канешне са зброяй: "А, бежанцы! Зараз жа ўсіх у хлеў!" І адзін з іх крыкнуў нешта абразлівае старэйшаму сыну.

Кінулі нас у стары брудны хлеў, дзе ў стойле нема рыкала рагатая жывёла. Але скрозь шчыліны чуваць: ваенныя перагаворваюцца, кажуць, што хутка ўчыняць нам, бежанцам, "добрую пацеху". Тады Мікалай Ілліч з Вальменам выламалі ў задняй сценцы хлява нейкую дошку, і мы падрыхтаваліся бегчы. Аднак тут раптам пачалася страляніна, завязаўся бой, які то набліжаўся, то аддаляўся. Мы нічога не разумелі. Потым высветлілася, што падышла нейкая наша воінская частка, якая, мабыць, прабіралася да лініі фронту, і выбіла з вёскі ці то пераапранутых немцаў, ці то паліцаяў. Спагадлівыя жанчыны адкрылі хлеў: "Бяжыце хутчэй адсюль! Уцякайце, пакуль нікога няма! Усе чужыя сышлі, але могуць вярнуцца!" Ну, мы і рванулі куды вочы глядзяць. Больш ні ў якія вёскі не заходзілі: беражонага Бог беражэ...

Ішлі начамі, днём адпачывалі ў зацішных месцах. І так дайшлі да райцэнтра Горкі Магілёўскай вобласці, у якім знаходзіўся наш урад на чале з намеснікам старшыні Саўнаркама, членам ЦК КП(б) Беларусі Антонам Іванавічам Захаравым. Гэта за 86 кіламетраў ад Магілёва. У Магілёве я была перад вайной, збірала матэрыял для дысертацыі. Працавала ў царкве, што была прыстасавана пад сховішча для старажытнабеларускага мастацтва, дзе сабралі сотні ўнікальных ікон; многія з іх я тады сфатаграфавала.

Душа мая разрывалася ад думкі, што будзе з гэтымі скарбамі, калі давядзецца здаць ворагу Магілёў, які, дарэчы, збіраліся перад вайной зрабіць беларускай сталіцай.

/i/content/pi/cult/327/5946/pic_30.jpgУ горадзе я сустрэла майго старога знаёмага, пісьменніка Кузьму Чорнага і журналіста Праўдзіна, увяла іх у курс справы, і мы рушылі на прыём да Захарава. Пайшлі прасіць дапамогі, г. зн. машыну, у якую можна пагрузіць і выратаваць хаця б частку гэтых каштоўнасцей ды вывезці на ўсход у бяспечнае месца.

Захараў ветліва прыняў нас і абяцаў дапамагчы вывезці іконы. А нам адразу ж выдаў "ахоўную грамату": усім аказваць нам садзейнічанне ў далейшай дарозе на ўсход. Мы пайшлі на станцыю, але яшчэ да нашага падыходу яе разбамбіла нямецкая авіяцыя. Што рабіць? Выбраліся на шашу і сталі галасаваць. Спыніўся грузавік, і пажылы вадзіцель падабраў нас. Давёз да горада Ельні - гэта ўжо Смаленская вобласць. Тут мы пераначавалі ў Доме калгасніка, і на світанні нашу сям'ю адправілі ў Саратаў. Пазней я даведалася, што Горкі былі акупаваны фашыстамі 12 ліпеня 1941 года. Такім чынам, мы паспелі своечасова. Урад таксама паспеў эвакуіравацца..."

На здымках: будынак Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР напрыканцы 1930-х; працоўнае пасведчанне Алены Аладавай; Алена Аладава з мужам Мікалем Аладавым і дзецьмі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.  

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"