“…Пажарам і бомбамі гнаны”

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Мінск: апошняе выступленне МХАТа і марскія львы ў Свіслачы

/i/content/pi/cult/327/5942/pic_19.jpgПа традыцыі, чэрвень распачынае сезон летніх адпачынкаў, а таксама - гастролей тэатральных калектываў. Не стаў выключэннем і чэрвень 1941 года, які карэнным чынам змяніў паўсядзённае жыццё беларусаў. Чым жыла сталіца нашай краіны ў першыя дні вайны, як яе сустрэлі ўстановы культуры, якія ў той час былі ў Мінску? Гэтыя пытанні мы паспрабавалі высветліць у навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірыны ВАРАНКОВАЙ. 

- Як і ў іншы час, напярэдадні вайны амаль усе мінскія тэатры знаходзіліся на гастролях, але, нягледзячы на гэта, культурнае жыццё сталіцы было вельмі насычаным: тут праходзіла шмат разнастайных мерапрыемстваў з удзелам прыезджых творчых калектываў. Можна прыгадаць гастролі Дзяржаўнага польскага тэатра БССР з Гродна. Сцэну тагачаснага БДТ-1, які выехаў на выступленне ў Адэсу, часова заняў Адэскі ўкраінскі тэатр Рэвалюцыі. 17 чэрвеня 1941 г. у Доме Чырвонай Арміі імя К.Варашылава распачаліся гастролі знакамітага Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра СССР імя М.Горкага, сёння больш вядомага як МХАТ. У цырку-шапіто ў парку культуры і адпачынку імя М. Горкага выступаў найбуйнейшы савецкі цыркавы атракцыён з Масквы "Акварыум з марскімі львамі"...

- Што ж адбывалася, калі па радыё прагучала інфармацыя пра пачатак Вялікай Айчыннай? Аб чым сведчаць дакументы і архівы?

- Абсалютная большасць жыхароў Мінска і гасцей горада даведалася пра пачатак вайны толькі а 12-й гадзіне дня 22 чэрвеня з радыёвыступлення намесніка Старшыні Саўнаркама СССР В.Молатава. Паколькі ў першы дзень вайны нямецкая авіяцыя яшчэ не бамбіла сталіцу, становішча тут заставалася збольшага спакойным. Больш за тое: усе, уключаючы грамадзянскія ўлады і ваеннае камандаванне, былі ўпэўнены, што сітуацыя на мяжы вельмі хутка зменіцца і ўсё вернецца на кругі свая. Аптымістычныя меркаванні людзей не змянілі нават першыя нямецкія бамбардзіроўшчыкі, якія з'явіліся над Мінскам удзень 23 чэрвеня і атакавалі толькі чыгуначную таварную станцыю і аэрадром. Ва ўсіх яшчэ заставалася надзея на шчаслівы зыход падзей. Цікава, што ўвечары нават адбыўся запланаваны спектакль МХАТа. Аднак ужо на наступны дзень, 24 чэрвеня, Мінск бамбардзіравалі не менш за васямнаццаць разоў.

- Нельга не запытацца і пра эвакуацыю, у першую чаргу - устаноў культуры, у такіх надзвычайных умовах...

/i/content/pi/cult/327/5942/pic_20.jpg- У сітуацыі, якая склалася, калі пад'язныя шляхі Мінскага чыгуначнага вузла былі разбураны, а большая частка рухомага саставу знішчана, толькі ў другой палове дня 24 чэрвеня мясцовыя ўлады абвясцілі пра агульную эвакуацыю насельніцтва беларускай сталіцы. Згодна са справаздачнымі дакументамі Саўнаркама БССР, цалкам і арганізавана выехалі ў савецкі тыл вядучыя артысты Тэатра оперы і балета, большая частка калектыву кансерваторыі і некаторых іншых творчых арганізацый Мінска. Аднак, насамрэч, усё ішло не так гладка. Да прыкладу, ва ўспамінах піяніста-канцэртмайстра кансерваторыі К.Палубінскай маюцца звесткі пра тое, што ёй з маленькім сынам самастойна давялося дабірацца да Барысава, дзе пашчасціла сесці ў таварны цягнік і выехаць у Саратаў. Артыстам тэатра оперы і балета таксама ўдалося пакінуць горад і затым прадоўжыць працу ў розных тэатрах тылавых раёнаў. У 1943 г. тэатр уз'яднаўся як адзіны калектыў у г. Каўрове Уладзімірскай вобласці. "Аўтаматычна" апынуўся ў эвакуацыі згаданы ўжо БДТ-1, які вайна заспела на гастролях у Адэсе. У першыя дні вайны артысты выступалі перад чырвонаармейцамі і маракамі, а затым выехалі праз Маскву ў Томск, пры гэтым яны былі вымушаны пакінуць у Адэсе ўсе дэкарацыі і касцюмы, захапіўшы з сабой толькі нацыянальныя строі.

- Зразумела, не ўсім тэатральным калектывам пашчасціла эвакуіравацца...

- Сапраўды, былі і больш трагічныя гісторыі. Да прыкладу, вайна раскідала трупу тагачаснага Дзяржаўнага тэатра юнага гледача БССР імя Н.Крупскай. Баранавічы, дзе тэатр выступаў тымі днямі, апынуліся ў зоне баявых дзеянняў. Некаторыя артысты, пакінуўшы горад, які бамбілі, здолелі трапіць на ўсход, іншыя дабраліся да Мінска і тут апынуліся ў акупаванай сталіцы БССР. Вядома, што рэжысёр Тэатра юнага гледача М.Зораў загінуў у гета... З цяжкасцю выбраліся з Мінска, пакінуўшы ўсю сваю тэатральную і асабістую маёмасць, артысты МХАТа, Адэскага тэатра рэвалюцыі, Маскоўскай цыркавой трупы. Апошнія перад адыходам з горада выпусцілі ў Свіслач марскіх львоў, коні самі вырваліся з палаючай стайні, а большасць дрэсіраваных жывёлін загінула пры бамбёжцы... Таксама ў акупаваным Мінску засталіся бібліятэчныя зборы, у тым ліку - Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.Леніна, бібліятэкі Акадэміі навук БССР, музейныя калекцыі, архівы...

На здымках: артысты Чырвонаармейскага ансамбля песні і танца ў 1942 г.; ансамбль армейскай самадзейнасці Заходняга фронту.

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"