Прытча, якую не пралічыш

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Стрыжань для псіхааналізу

/i/content/pi/cult/327/5940/pic_13.jpgВайна не абмяжоўваецца адно толькі баявымі дзеяннямі. Яна - паўсюль, і кожнага без выключэння ставіць перад сітуацыяй "свае - чужыя". Вось толькі, у адрозненне ад фронту, дзе гэтае супрацьстаянне на шляху да перамогі мае адкрытаагрэсіўны, знішчальны характар, у тыле яно точыць людзей знутры: нельга пралічыць, у які момант і якім бокам раскрыецца той або іншы чалавек". Неаднойчы гэтая думка раскрывала ўсю сваю глыбіню праз пэўны твор мастацтва. І сёння, калі адно толькі "стралялкамі" ўжо нікога не здзівіш і не расчуліш, гэты глыбінны аспект вайны як трагедыі ўсеагульнага маштабу выходзіць на першы план у тэатры. Нездарма менавіта на такі стрыжань "нанізаў" сцэнічную дзею і Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа ў сваёй нядаўняй прэм'еры - спектаклі "Саня, Ваня, з імі Р ы м а с " Уладзіміра Гуркіна.

У цэнтры ўвагі - лёсы трох сёстраў, трох жанчын, якія праходзяць праз усе ваенныя гады, ад развітання з мужамі да... драмы мірнага жыцця. У кожнай - свой лёс, свая дарога: адной (Алена Пракопава) наканавана быць апорай для малодшых і... жанчынай-"ценем" без асабістых інтарэсаў; другой (Алена Кашаед) не ўдасца перажыць атрыманне пахавальнай, і яна паўторыць лёс уласнай маці, у якой у адно імгненне перастала біцца сэрца; трэцяя ж (Вольга Кашынская) пасля шматгадовага паваеннага чакання ў адзін дзень атрымае... ажно двух мужоў. Аднак усе гэтыя сюжэтныя перыпетыі - толькі фон для размовы пра псіхалогію людзей ваеннай эпохі. Кожная з гераінь, не зважаючы на аб'ектыўную рэчаіснасць ваеннага часу, не толькі працягвае змагацца за жыццё, але і, насуперак усяму, сцвярджае: самае важнае - не страціць пачуццё чалавечай годнасці, захаваць мір ва ўласнай душы, нават калі навокал нічога да гэтага не "заахвочвае".

Абапіраючыся на драматургію Уладзіміра Гуркіна, якая заўсёды вылучалася глыбіннымі назіраннямі чалавечай псіхалогіі, дзе драматызм спалучаецца з сентыментальнасцю, а авантурызм - з жыццёвай мудрасцю (варта ўзгадаць хаця б ягоныя творы "Залаты чалавек", "Любоў і галубы", "Кадрыля"), рэжысёр мазырскага спектакля Раман Цыркін у цэнтр увагі выводзіць менавіта ўзаемаадносіны паміж персанажамі. Няпросты клубок лёсаў, які вайна сплятае ў тугі вузел, эпізод за эпізодам "зацягваючы" свае віткі вакол кожнага,- складваецца ўражанне, што бліжэй да фіналу пастаноўкі акцёрам амаль фізічна немагчыма "прадыхнуць" ад усяго, што навалілася на іхнія плечы. Ды толькі магутная ўнутраная сіла прыроднага чалавечага імкнення да светлага не дае гераіням зламацца, сагнуцца пад цяжарам нягод - фінальная песня гучыць з іх вуснаў як своеасаблівы гімн сцвярджальна-стваральнай прыродзе людской душы.

Асобна варта адзначыць візуальнае рашэнне пастаноўкі, /i/content/pi/cult/327/5940/pic_14.jpgстворанае мастаком Андрэем Дзюбакам. Выбудоўваючы "драўляны" свет герояў, ён цікавым чынам злучае-спалучае рэаліі ўральскага побыту, зададзеныя драматургам, з... магутным беларускім каларытам, што праступае ў буслянках, якія, бы кароны, вянчаюць сцэнаграфічную канструкцыю. І дзякуючы гэтаму ўзнікае адчуванне наднацыянальнасці ўсёй сцэнічнай гісторыі, што набывае прытчавае гучанне, дзе галоўная інтанацыя - унутраная "зараджанасць" людзей на мірны побыт, на глыбокія гуманістычныя арыенціры, зламаць якія не ўдаецца нават такой навале, як вайна.

І напрыканцы хочацца парадавацца за мазырскіх акцёраў. Зусім нядаўна з пастаноўкай "Саня, Ваня, з імі Рымас" яны вярнуліся з ІХ Міжнароднага фестывалю камерных тэатраў і спектакляў малых форм "Славянскі вянец", што раз у два гады праводзіцца на пачатку лета ў Маскве. Іх выступленне там зазнала шырокі поспех у колах гледачоў і калег-акцёраў з розных краін свету, ды, адпаведна, было ацэнена спецыяльным прызам журы. Віншуем!

Фота з архіва тэатра