Кулак Магілёва

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Аляксей Дудараў — пра Дняпроўскі рубеж і мост з часам

/i/content/pi/cult/327/5939/pic_11.jpgНе адно пакаленне па праве лічыць Аляксея ДУДАРАВА "галоўным па вайне" ў беларускай драматургіі. Сам аўтар на гэта адказвае: "Як пачаў з "Радавых", так і да гэтага часу "ваюю". Прынамсі, для інтэрв'ю ён адарваўся ад працы над новым кінасцэнарыем ваеннай чатырохсерыйнай стужкі, якую стварае на падставе сваёй п'есы "Не пакідай мяне". Але ж наша размова, інспіраваная падзеямі пачатку вайны, "зачапілася" за іншыя творы - п'есу "Ты памятаеш, Алёша..." і кінасцэнарый фільма "Дняпроўскі рубеж", - прысвечаныя перыяду пачатку Вялікай Айчыннай: абароне Магілёва.

- Аляксей Ануфрыевіч, многія лічаць, што пачатак вайны быў адзначаны тым, што людзі проста не ведалі, як быць. Ці сапраўды, лічыце, менавіта так?

- Безумоўна, падзеі 22 чэрвеня былі поўнай нечаканасцю, прычым жорсткай. Я раблю такія высновы на падставе і дакументаў, з якімі даводзілася сутыкацца, і расповедаў аб пачатку вайны ад тых, хто непасрэдна перажыў гэтыя жахі, і на аснове ўсяго таго, што сам ведаю ды адчуваю. Калі любога, нават самага моцнага чалавека ўдарыць нечакана, можна прывесці ў стан разгубленасці і нават збіць з ног. Але потым ён абавязкова ачуняе, устане на ногі, і тады ўжо сцеражыцеся! 22 чэрвеня, сапраўды, сталася такім ударам. Але ўжо праз пару тыдняў, акурат пад Магілёвам, мы ўсталі, сплюнулі сукравіцу і сабраліся ў кулак. І гэты кулак даў па Гудэрыяну так нечакана і моцна, што той разгубіўся: не паверыў, што нехта рызыкнуў даць ягонай арміі адпор. Яны ж былі ўпэўнены ў сваёй непераможнасці, а тут - адну атаку адбілі, другую... Зразумела, цаной неймаверных чалавечых ахвяр: колькі там загінула салдат, апалчэнцаў, мірных жыхароў! Але і варожыя страты аказаліся значнымі. Ды самым галоўным для тых, хто выжыў і ведаў, што там адбывалася, стала ўсведамленне: немцаў можна біць!

- Развянчаўся міф аб іх непераможнасці?

- Менавіта так! Аказалася, што немцам можна аказваць супраціўленне, ваяваць з імі, браць у палон...

- Па сутнасці, пад Магілёвам адбылася вялікая псіхалагічная перамога нашай арміі?

- Так, ды яшчэ якая! Няхай нехта лічыць мае словы пафаснымі, але я ўпэўнены: не было б той гераічнай барацьбы пад Магілёвам, не было б і перамогі ў бітве пад Масквой. Нават з тых пазіцый, што некалькі тыдняў, пакуль пад Магілёвам нашы войскі стрымлівалі ворага, выйгралі тыя самыя "марозныя тыдні", якія потым паралізавалі непадрыхтаванага ворага пад Масквой. Таму для мяне Магілёў - горад-герой, і гераізм яго абароны можна паставіць на адну планку з Брэсцкай крэпасцю. Прычым, калі абарона Брэсцкай крэпасці ўяўляла з сябе сімвал супраціўлення і нязломнасці нашых людзей перад фашысцкай навалай, то пад Магілёвам на шляху немцаў паўстала армія, і тое, што адбывалася тут - гэта рэальная ваенная перамога. Зразумела, у той сітуацыі яна ніяк не магла перамагчы ворагаў, але спыніць і затрымаць іх - змагла! Па сутнасці, толькі пачынаючы з гэтага перыяду - абароны Магілёва - нашы войскі пачалі не проста абараняцца, а ваяваць. Няхай сабе на першых парах і адступаючы, але - ваяваць.

- Пад час працы над п'есай, а пазней - над кінасцэнарыем /i/content/pi/cult/327/5939/pic_12.jpgвам давялося шмат даследаваць архівы?

- Так, і мне вельмі дапамог у гэтай справе Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, дзе я азнаёміўся з вялікай колькасцю дакументаў, што датычацца таго перыяду. Трымаў у руках паімённыя спісы тых, хто абараняў горад, і нават рэальныя прозвішчы адтуль увёў у свае творы. Прыкладам, у п'есе "Ты памятаеш, Алёша..." ёсць ваенурач Паршын, які перапраўляе дакументы параненым, "робячы" іх радавымі і беспартыйнымі. Гэта - рэальная фігура: калі стала зразумела, што параненых не ўдасца вывезці з горада, ён палічыў магчымым такім спосабам ратаваць ім жыцці, бо ведаў, што ў адваротным выпадку зробяць з імі немцы. У мяне ў п'есе за гэта яго хацелі аддаць пад трыбунал свае: маўляў, як можна па ўласнай волі "пазбаўляць" вайсковых званняў і партбілетаў? У рэальнасці ж, даведаўшыся пра гэтыя маніпуляцыі, Паршына расстралялі немцы... Праца з архіўнымі дакументамі- рэч унікальная: нават калі ты не бярэш канкрэтную факталогію, а проста дакранаешся да іх, трымаеш у руках, гартаеш, чытаеш, яны ўсё роўна аказваюць на цябе ўздзеянне! Быццам бы наладжваюць мост з тым часам, так што потым па нейкіх іншых, невядомых і нябачных для нас каналах да цябе даходзіць тая або іншая інфармацыя.

- А што з гісторый пра ваенныя падзеі зрабіла на вас найбольшае ўражанне ў дзяцінстве? Пэўна ж, бацька-франтавік распавядаў розныя гісторыі...

- Так. Праўда, пра пачатак вайны- вельмі мала: гэты перыяд ён з нейкіх сваіх прычын абыходзіў. Мне тады найбольш запомніліся яго расказы пра абарону Сталінграда, у якой ён браў удзел. Дзіўна было: полк, у якім ваяваў бацька, акружылі немцы, а тых, у сваю чаргу, узялі ў кальцо нашы. Уяўляеце, у якім "пірагу" яны знаходзіліся?! Знясіленыя, галодныя, яны пайшлі на прарыў і выйшлі да шашы, убачылі грузавікі, што падбіралі нашых салдат і адвозілі іх у шпіталь. Першы ж вадзіцель, які сустрэўся ім і спыніўся, каб падвезці, паказаўся такім адкормленым! Насамрэч гэта быў, канешне ж, звычайны, нармальны мужык, але ім, зняможаным, ён падаўся волатам. "Забірайцеся на машыну", - кажа ён.Мы- за борт, а сілы ўзлезці - няма. Дык ён проста, узяўшы адной рукой, закідвае наверх спачатку мяне, потым - маёра!"- успамінаў бацька. ...Першыя дні вайны. Безумоўна, хапала ўсяго: была і паніка, і разгубленасць, і адступленні, і масавыя здачы ў палон, але былі сапраўдныя подзвігі, якія выяўлялі мужнасць нашых людзей. Пра гэта ўжо шмат сказана, напісана, пастаўлена і знята. Але я ўпэўнены: нічога з таго, праз што прайшлі нашы людзі ў той вайне, нельга забываць, мікшыраваць, "замазваць".

На здымках: Аляксей Дудараў на здымачнай пляцоўцы "Дняпроўскага рубяжа"; сцэна танкавай бітвы пад Магілёвам.

Фота Юрыя ІВАНОВА і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА