“На паўслове абарвалася радасць…”

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Мамін сон і Віцебск Леаніда Шчамялёва

/i/content/pi/cult/327/5936/pic_8.jpgСваімі ўспамінамі пра першыя дні Вялікай Айчыннай падзяліўся народны мастак Беларусі, удзельнік баёў за Радзіму, кавалер баявых ордэнаў Леанід ШЧАМЯЛЁЎ. Вось што ён распавёў:

- Нядзельная раніца 22 чэрвеня 1941-га для мяне, 18-гадовага хлопца, пачалася сонечна і весела. Настрой - надзвычай добры, усё ў парадку: побач бацькі, сябры, цудоўная прырода, звыклы гоман Полацкага базару і роднай вуліцы, ядраны пах коней, якія ішлі на вадапой, халаднаватая свежасць ракі... Словам, навакольны свет здаваўся казачным, светлым і радасным. У тую раніцу я з хлопцамі пайшоў на Віцьбу - левы прыток Заходняй Дзвіны. На лодачнай станцыі ўзялі лодкі, дружна налеглі на вёслы і пад песеньку "По морям, по волнам, нынче здесь - завтра там..." апынуліся ў сваёй роднай стыхіі, на сярэдзіне ракі. І раптам а 12-й гадзіне чорны рэпрадуктар на лодачнай станцыі аб'явіў, што зараз выступіць наркам замежных спраў Молатаў.

Вайна!.. Людзі ў паніцы разбегліся хто куды. Я з хлопцамі таксама кінуўся ўцякаць у бок дома. Адна-адзіная думка не давала спакою: што ж здарылася?.. Ужо на наступны дзень першыя авіябомбы нямецкіх "юнкерсаў" былі скінуты на Віцебск у раёне аэрадрома і нафтавых аб'ектаў. Адна бомба выбухнула побач з універмагам. Але самае страшэннае для віцябчан было тое, што армадзе злавесных птушак не аказвалася процістаяння! Нашы зеніткі чамусьці маўчалі. Мне ўзгадаўся жудасны сон мамы, які яна бачыла напярэдадні: нібы велізарная чорная маса птушак закрыла неба над Віцебскам... Але хто тады верыў у містычныя сны!

Праз колькі дзён тату Дзмітрыя Аляксеевіча прызвалі ў армію. І ў складзе чыгуначнага батальёна, без зброі, з адной торбай за плячыма, ён пайшоў у накірунку Суражскай шашы. Апошнімі словамі, якія мы пачулі ад яго, былі: "Чакайце, я хутка вярнуся!.." Не вярнуўся. Дзе і як загінуў - /i/content/pi/cult/327/5936/pic_9.jpgневядома да сёння...

Як я пазней высветліў, 5- 6 ліпеня 153-я стралковая дывізія яшчэ стрымлівала націск ворага на рубяжы вёсак Гняздзілава - Ліпна - Парнева - Машканы- Аляксандрава. 10 ліпеня рэгулярныя войскі 220-й мотастралковай дывізіі вымушаны былі пакінуць Віцебск.

Але ўжо за два дні да гэтага ў горадзе амаль нікога з жыхароў не засталося. Раптам з'явіўся муж Галі, маёй сястры: іхні полк вось-вось павінен быў адпраўляцца на перадавую. Ён сказаў, што трэба, пакуль не позна, збірацца ў дарогу: цяжарнай жонцы савецкага кадравага афіцэра нельга заставацца ў Віцебску...

Пайшлі да каменданта горада генерал-маёра Трасценкі. І той падпісаў мне як суправаджаючаму цяжарную сястру, маці, пропуск на выезд. Тады з горада не так проста было вырвацца: з боку НКУС быў вельмі жорсткі кантроль за эвакуацыяй насельніцтва. У Віцебску засталіся мая бабуля і сястра маёй маці, якія не змаглі эвакуіравацца. Я, мая мама і Галя ледзь паспелі пагрузіцца ў апошні эшалон, які адпраўляўся на ўсход. 11 ліпеня ў Віцебск увайшлі фашысты...

Пад Рудняй эшалон накрыла варожая авіяцыя. І тут я ўпершыню пабачыў, што ёсць смерць і гора чалавечае. Мужыкоў у эшалоне было мала, у асноўным - жанчыны і дзеці, і цяжка ўявіць сабе, што там рабілася. Калі самалёты адбамбіліся, жывыя пахавалі мёртвых, дапамаглі параненым. Тут жа, пад Рудняй, быў выкінуты парашутны дэсант: парашуты - рознакаляровыя, а фігуркі пад імі - злавесна-чорныя, быццам сама смерць спускалася з нябёс. Парашутысты абстралялі нас з паветра, кулі свісталі блізка, але, на шчасце, не зачапілі.

Потым на папутнай палутарцы разам з ваеннымі дабраліся да паўстанка Кардымава, што на паўночным усходзе ад Смаленска. Там пераселі ў таварны поезд і праз Ярцава, Сафонава, Вязьму, Мажайск, пад частымі бамбёжкамі, 21 ліпеня дабраліся да таварнай станцыі Масквы. У гэты ж дзень горад зведаў першы налёт фашысцкай авіяцыі, і была абвешчана першая за вайну паветраная трывога. Вось як для мяне, будучага сяржанта 896-га стралковага палка 211-й стралковай дывізіі 13-й арміі, пачалася Вялікая Айчынная...

 Амаль праз 40 гадоў з'явіцца маё палатно "Навальніца. 22 чэрвеня 1941 года". Памятаеце? У самы разгар вясковага вяселля з райцэнтра прыехаў вайсковец, каб паведаміць трагічную вестку аб пачатку вайны. І быццам на паўслове абарвалася радасць. Трывожная цішыня ахапіла святочна апранутых людзей...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"