Салдацкі хлеб, або “І вякуе дзень даўжэй за век…”

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Менавіта гэтак, у перакладзе Міхася Стральцова на беларускую мову, хочацца згадаць крылатае выслоўе, што стала назвай рамана Чынгіза Айтматава. Чаму?

/i/content/pi/cult/327/5935/pic_4.jpgБо ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працягваецца вельмі цікавы творчы праект па вяртанні сучаснаму гледачу імён старэйшых мастакоў, якіх ужо даўно няма з намі, і тых, чые творы не так часта можна бачыць на стацыянарных выстаўках, а некаторыя - і зусім рэдка. Гэтым разам працуе выстаўка "И дольше века...". У дадзеным выпадку згаданая назва мае сваю сімвалічную нацыянальную знакавасць, бо ў экспазіцыі прадстаўлены работы больш як двух дзясяткаў беларускіх мастакоў - вядомых і малавядомых, чые юбілеі (ад 100 да 140 гадоў) прыпадаюць менавіта на 2011-ы.

Я з задавальненнем і з нейкай журбінкай прайшоўся па "галёрцы" музея: многіх творцаў ведаў асабіста, з некаторымі нават сябраваў (Л.Лейтман, М.Станюта, С.Каткоў), іншых, даўно памерлых, ведаў толькі па іх спадчыне (М.Філіповіч, А.Астаповіч, В.Волкаў, У.Хрусталёў). А вось некаторыя імёны, шчыра кажучы, для мяне былі зусім новыя: А.Хатулёў, Н.Рапапорт, а таксама М.Грушка і А.Маневіч; фота работ апошніх выстаўлены ў вітрынах, бо арыгіналы - на рэстаўрацыі. Яшчэ мала ведаў У.Старчакова з Брэста. Але астатнія- Б.Звінагродскі, Я.Ціхановіч, М.Дучыц, /i/content/pi/cult/327/5935/pic_5.jpgВ.Дзядок і іншыя - імёны вядомыя.

Сярод аўтараў выстаўкі - і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай. Іх я хачу вылучыць асобна, бо напярэдадні трагічнай даты - 70-годдзя пачатку самай страшэннай вайны ў гісторыі - гэтыя імёны (А.Астаповіч, К.Касмачоў, І.Давідовіч, С.Каткоў, А.Забораў) мне бачацца як бы ў пранізлівым чорна-белым з чырвонымі ўспышкамі пораху "экране", дзе адначасова сыходзяцца смутак і святло, боль і гонар за тых, хто ў цяжкія часіны "асвоіў", акрамя прафесіі мастака, і салдацкі хлеб. А таленавіты графік А.Астаповіч, да прыкладу, яшчэ ўвосень 1941-га аддаў сваё жыццё ў баях за Радзіму. Але творчую спадчыну паспеў пакінуць унікальную. У экспазіцыі можна пабачыць каля 20 яго графічных твораў, зробленых чорнай тушшу і акварэллю. Аркадзь Астаповіч - адзін з першых паэтычных пейзажыстаў Беларусі ў графіцы. У яго мастацтве, на першы погляд, няма нечаканасцей, яно - сціплае, пазбаўленае вонкавай эфектнасці і вытанчанасці, але за ўяўнай будзённасцю хаваюцца вялікая сардэчнасць, праўда і глыбіня пачуццяў сапраўднага нацыянальнага мастака.

/i/content/pi/cult/327/5935/pic_6.jpgА І.Давідовіч, вядомы наш "кампазітар" жывапісу, наогул ухітрыўся маляваць свае творы, хай і эскізныя, у час перапынкаў паміж баямі ("Паранены салдат", "Ваенныя гады", "У вызваленай вёсцы"). Іншыя мастакі-салдаты пасля вайны прысвяцілі сваю творчасць, у асноўным, мірнаму жыццю на зямлі, якая паўстала з руін, цудоўнай прыродзе, хаця да памяці вайны кожны з іх вяртаўся неаднойчы. Яно і зразумела.

А што да не вядомых мне мастакоў, дык пра Анікіту Хатулёва я высветліў вось што. Ён нарадзіўся ў 1877-м, скончыў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, потым кіраваў мастацкай студыяй у Маскве. І ў яго вучыўся ў 1918 - 1919 гг. Міхась Філіповіч. Памёр Хатулёў у 1941-м. Другі "незнаёмец" - скульптар Натан Рапапорт, аўтар эскізных праектаў помнікаў героям-севастопальцам і ў гонар "Вызвалення Заходняй Беларусі", выхаванец Варшаўскай акадэміі мастацтваў.

Але самае цікавае на выстаўцы тое, што на мастацтве такіх, /i/content/pi/cult/327/5935/pic_7.jpgздавалася б, розных індывідуальнасцей, талентаў, стыляў, аказваецца, можна пабачыць нейкі моцны зрэз нашага няпростага жыцця цягам больш чым паўстагоддзя існавання нашай дзяржавы- ад 20-х да пачатку 70-х. Прычым, нягледзячы на тое, што прадстаўленыя ў экспазіцыі творцы атрымлівалі свае прафесійныя веды ў зусім розных мастацкіх установах (ад Пецярбурга - Петраграда - Ленінграда і Масквы да Варшавы і Віцебска), усе яны мелі вельмі моцную акадэмічную школу майстэрства і, галоўнае, асаблівае пачуццё адказнасці за тое, што стваралі ў жывапісе, графіцы, скульптуры. Не ўсё, канешне ж, вытрымала праверку часам - так заўсёды было ў гісторыі любога мастацтва, - але мы павінны ведаць усе бакі станаўлення і развіцця нашай выяўленчай культуры і яе прадстаўнікоў, для каго творчасць заўсёды была галоўнай справай, якой яны служылі верай і праўдай.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"