Таццяна пра “Івана ды Валянціну”

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Погляд маладога гледача. І аўтара

/i/content/pi/cult/327/5934/pic_3.jpgДа 70-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай маштабную праграму падрыхтавала Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Сярод шэрагу перадач - прэм'ера: дакументальная стужка "Іван ды Валянціна". Карэспандэнт "К" вырашыў звярнуцца да яе аўтара - рэдактара студыі дакументальнага кіно Белтэлерадыёкампаніі Таццяны РАМІЗЕВІЧ, каб высветліць, як новае пакаленне бачыць падзеі тых далёкіх часоў і ўвасабляе іх на экране.

- На жаль, маё пакаленне часцяком успрымае падзеі Вялікай Айчыннай выключна па прыгодніцкіх стужках, - кажа Таццяна Рамізевіч. - Відавочцаў і непасрэдных удзельнікаў падзей тых складаных і, адначасова, гераічных часоў, на жаль, засталося зусім няшмат. Таму нашай мэтай было - даць слова ім, удзельнікам Вялікай Айчыннай.

- Ваша карціна складаецца з дзвюх частак...

- Так, два героі, два лёсы, аб'яднаныя адной бядой - вайной. Першая частка фільма прысвечана Валянціне Міхайлаўне Макаравай - вязню лагера смерці "Асвенцым". Другая - Івану Ягоравічу Волкаву, партызану, удзельніку баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі. Ветэраны дзеляцца сваімі ўспамінамі, апавядаюць аб тым, праз што ім давялося прайсці...

- Для сваёй стужкі вы абралі не зусім звычайную форму...

- Так, у фільме няма звыклых "сінхронаў" і голасу за кадрам, які даводзіць да гледача падрабязнасці біяграфій герояў. Першая частка - "Валянціна" - пабудавана як вандроўка па Мінску, пад час якой Валянціна Міхайлаўна спрабуе знайсці памятныя і дарагія для яе сэрца мясціны, будынкі. Ды, на жаль, амаль нічога не знаходзіць: так змянілася беларуская сталіца за пасляваенныя гады! У другой частцы паказана падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі ў сям'і Івана Ягоравіча: як збіраюцца родныя ветэрана, як яны віншуюць яго са святам. Спадзяюся, наша работа будзе запатрабавана, у першую чаргу - менавіта маладым гледачом.

На здымку: Валянціна Макарава і Таццяна Рамізевіч на Плошчы Перамогі ў Мінску.

Матэрыялы паласы падрыхтаваў Антон СІДАРЭНКА