“План “Д”: па законах мастацкай стужкі

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

“Адваротны адлік”: так пачалася вайна

/i/content/pi/cult/327/5933/pic_2.jpgПапулярны тэлевізійны цыкл "Адваротны адлік", што ідзе на канале АНТ, прысвяціў Вялікай Айчыннай нямала сваіх выпускаў. 20 чэрвеня ў эфір выйдзе новая перадача, якая распавядзе нашаму гледачу пра незнаёмыя збольшага падзеі, што адбываліся ў першыя ваенныя дні. Карэспандэнт "К" звярнуўся да нязменнага кіраўніка праграмы Уладзіміра БОКУНА, каб даведацца пра падрабязнасці стварэння дакументальных серыялаў на ваенную тэматыку.

- Новы выпуск "Адваротнага адліку" называецца "Па плане "Д". Як пачыналася сакрэтная вайна", - распавёў Уладзімір Віктаравіч. - Ён знаёміць з гісторыяй партызанскага атрада пад кіраўніцтвам знакамітага Васіля Каржа. Гэты атрад распачаў сваю дзейнасць у Пінску ў самыя першыя часы вайны, а праз некалькі дзён ужо прыняў бой з акупантамі. Наколькі я ведаю, дадзены выпадак - унікальны ў гісторыі Другой сусветнай, бо ў іншых краінах праходзілі месяцы, пакуль нацыстам аказвалі арганізаванае ўзброенае супраціўленне. Калі мы зазірнулі ў архівы, паглядзелі раней засакрэчаныя крыніцы, то аказалася, што гэты атрад быў створаны яшчэ да вайны савецкімі спецслужбамі, якія рэалізоўвалі так званыя работы па лініі "Д". Інфармацыя аб тым выпадку вядомая спецыялістам, але шырокая аўдыторыя ёй не валодае. Спадзяюся, сітуацыю выправіць прэм'ера нашай перадачы. Таксама 21 - 22 чэрвеня гледачы АНТ убачаць выпускі "Адваротнага адліку", якія мы рыхтавалі да мінулых гадавін пачатку Вялікай Айчыннай: "Асуджаны свет" і "Самы доўгі дзень".

- Напісаны тысячы кніг, зняты сотні кінафільмаў, але аўдыторыя прагне новых твораў, перадач, даследаванняў пра Вялікую Айчынную...

- Таму што ўвесь час адкрываюцца новыя старонкі гісторыі вайны, застаюцца шматлікія "белыя плямы". Гэта і тэма остарбайтэраў, бежанцаў, шматлікія загадкі падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі, і тых, што яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Кожная новая работа толькі павышае цікавасць да ваеннай тэмы ў аўдыторыі.

- Адна з галоўных праблем кінадакументалістаў - недахоп візуальнага матэрыялу. У праекце "Адваротны адлік" гэтае пытанне вырашаецца з дапамогай гістарычных рэканструкцый, ігравых эпізодаў, у якіх аднаўляюцца падзеі, што некалі адбываліся...

- Так, гэта вельмі добрае выйсце для нас, дакументалістаў, бо здымак саракавых гадоў, кадраў ваенных падзей, жыцця на акупаванай тэрыторыі, у тыле, выяў пэўных асоб, аб якіх мы вядзём гаворку, заўсёды вельмі не хапае. Даводзіцца самім увасабляць сітуацыі, разыгрываць гістарычныя эпізоды. Хачу адзначыць, што мы ствараем "Адваротны адлік" па законах ігравога кіно, з улікам усіх асаблівасцей драматургіі мастацкай стужкі. У кожнай перадачы ёсць свая завязка, развіццё падзей і кульмінацыя ў поўнай адпаведнасці з законамі жанру. Наогул, я не падзяляю кіно на дакументальнае і ігравое. Каб годна і цікава распавесці аб падзеях мінулага, трэба падысці да іх па ўсіх правілах вялікага кіно, што, я спадзяюся, нашай камандзе і ўдаецца.

Фота Юрыя ІВАНОВА