Батальён і медальёны

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Дакументы і артэфакты: за ўзгоркам, на жоўтым пяску...

/i/content/pi/cult/327/5931/5-1.jpg

Гэтымі днямі адразу ў некалькіх раёнах краіны праводзяцца пошукавыя работы па выяўленні пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Карэспандэнт "К" наведаў адно з такіх месцаў: раскопкі групы 52-га спецыялiзаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Яны праходзяць за некалькі кіламетраў ад Фаніпаля.

Даследаванні вядуцца на месцы колішняга ўзгорка, які стаў сведкам трагедыі 70-гадовай даўніны. Сёння ён паступова ператвараецца ў пясчаны кар'ер. Не выпадкова, што менавіта рабочыя, якія займаліся пагрузкай зямлі, першымі заўважылі чалавечыя астанкі і звярнуліся да мясцовай улады. Вядома, на час даследавання ўсе работы былі спынены.

Першае, што паўстала перад вачыма, калі ўдалося пераадолець пясчаную перашкоду, - акуратна складзеныя чалавечыя рэшткі. І што самае жахлівае - яны належалі не салдатам варагуючых армій, а зусім маленькім, прыкладна пяцігадовым, дзецям, расстраляным, як высветлілася па тыпу знойдзеных куль, у самым пачатку вайны. Імёны ахвяр, таксама, як і імёны катаў, пакуль не вядомыя. Ніякіх вынікаў на сёння не дало апытанне жыхароў навакольных вёсак. Вялікае спадзяванне ўскладаецца толькі на архівы і выпадковыя знаходкі, паколькі на месцы масавага расстрэлу практычна не засталося ніякіх матэрыяльных артэфактаў: усе знішчаныя на ўзгорку людзі былі папярэдне прымусова распрануты./i/content/pi/cult/327/5931/5-3.jpg

 - Штогод такіх аб'ектаў толькі адна наша група даследуе некалькі дзясяткаў, - распавёў камандзір рэкагнасцыровачнай пошукавай групы, прапаршчык Максім Вострыкаў. - Літаральна два тыдні таму мы працавалі ў Бярэзінскім раёне на асобным участку рэканструкцыі дарогі, дзе выявілі чалавечыя астанкі разам з медальёнам, які ў той жа дзень быў перададзены спецыялістам. У выніку вельмі хутка было высветлена прозвішча байца Чырвонай Арміі, нашага земляка, які быў прызваны на службу ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны і загінуў пры абароне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цікава, што практычна адразу былі знойдзены нашчадкі байца, ягоныя ўнукі, якія толькі праз 70 гадоў даведаліся пра лёс свайго продка.

Па словах камандзіра пошукавай групы, адзін з важных аспектаў у іх працы - менавіта аператыўнасць. У прыватнасці, інфармацыю пра знойдзеныя чалавечыя рэшткі пад Фаніпалем перадаў ваенны камісарыят ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны нашай краіны. 7 чэрвеня Дзяржынскім выканкамам было прынята рашэнне аб даследаванні аб'екта, а на наступны дзень пошукавая група ўжо працавала на месцы.

Як адзначыў Максім Вострыкаў, таксама нядаўна ў Дзяржынскім раёне групай былі знойдзены астанкі афіцэра і салдата, забітых у першыя дні вайны. Непадалёк ад іх даследчыкі выявілі сем вінтовак Мосіна, штык-нож, медальён, аўтаматычны аловак, які, на дзіва, нават цяпер можа спраўляцца са сваімі абавязкамі: добра піша.

Аднак такой плённай працы заўсёды папярэднічае добрая падрыхтоўка. І калі з красавіка па кастрычнік праводзяцца палявыя пошукавыя работы, то ў астатні час вядзецца праца ў архівах, а таксама інжынерная падрыхтоўка сапёраў. Яшчэ адным фактам, які сведчыць на карысць грунтоўнай падрыхтоўкі даследчыкаў, з'яўляецца тое, што нават пад час палявога сезона па суботах праводзяцца заняткі і інструктажы. Пры гэтым адным з важных прадметаў у працэсе падрыхтоўкі салдатаў з'яўляецца грунтоўнае вывучэнне гісторыі Беларусі, і ў першую чаргу - вядома ж, фактаў, звязаных з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі нашай краіны. Невыпадкова нават сярод салдат тэрміновай службы даволі часта ў 52-і пошукавы батальён трапляюць прафесійныя гісторыкі. Сярод іх - і непасрэдны ўдзельнік даследавання пад Фаніпалем, выпускнік Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, магістр, а сёння старшы сапёр, яфрэйтар Аляксандр Петухоў. Для яго служба ў арміі - не проста ганаровы абавязак, але яшчэ і добрая магчымасць прафесійнага самаўдасканалення.

/i/content/pi/cult/327/5931/5-4.jpgПавышае прафесійны ўзровень і міжнароднае супрацоўніцтва. Па словах Максіма Вострыкава, які ў 2001 г. сам прызываўся ў гэты батальён сапёрам, у бліжэйшы час плануюцца сумесныя работы з калегамі з Татарстана. Апрача гэтага, адна пошукавая група па дамове будзе ўдзельнічаць у сумесных даследаваннях на тэрыторыі Польшчы. Іх мэта - абмен вопытам, у тым ліку па процідзеянні "чорным археолагам". Сляды іх "плённай" працы можна заўважыць і на раскопках пад Фаніпалем./i/content/pi/cult/327/5931/5-2.jpg

- "Чорныя археолагі" перашкаджаюць, - абураецца Максім Вострыкаў. - Для іх галоўнае - знайсці каштоўныя рэчы, у тым ліку ўзнагароды. Чалавечыя астанкі іх не цікавяць... "Дзякуючы" працы такіх "аматараў гісторыі" былі назаўсёды страчаны імёны мноства герояў мінулых войнаў, у тым ліку Вялікай Айчыннай. У той жа час, нават па нумары зброі, праз супрацоўніцтва з Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску, мы можам устанавіць імя ахвяр ваенных дзеянняў...

А таму невыпадкова камандзір рэкагнасцыровачнай пошукавай групы папрасіў не афішаваць інфармацыю пра месцы будучых раскопак. Заўважым, толькі адна гэтая пошукавая група ў складзе трох чалавек плануе сёлета даследаваць не адзін дзясятак месцаў з пахаваннямі часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Такім чынам, ёсць надзея, што і надалей будуць выяўлены сотні імёнаў байцоў Чырвонай Арміі, палеглых у баях за вызваленне нашага краю.

Даведка "К"

Пяцьдзясят другі, асобны

 У снежні 1992 г. Урад Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб паляпшэнні работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1994 г. было створана ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны і сфарміраваны 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, якім за час свайго існавання былі праведзены палявыя пошукавыя работы больш чым на 1500 аб'ектах. За гэты перыяд былі эксгумаваны і перададзены мясцовым органам улады для наступнага перапахавання рэшткі некалькіх тысяч нашых суайчыннікаў, з якіх каля дзесяці тысяч - перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

З 2003 г. фарміруецца сістэма дзяржаўнага ўліку воінскіх пахаванняў, якая прадугледжвае іх улік на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.

 Сёння для якаснага выніку выкарыстоўваюцца новыя тэхнічныя сродкі пошуку і збору інфармацыі: металадэтэктары, прыборы спадарожнікавай навігацыі, лічбавыя фотакамеры.

У даследаваннях батальёна прыняў удзел

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Дзяржынскі раён - Мінск

На здымках: нашыўка ў выглядзе зоркі і аловак з вайсковым медальёнам, знойдзеныя ў Дзяржынскім раёне; прапаршчык Максім Вострыкаў;

яфрэйтар Аляксандр Петухоў і радавы Дзяніс Дзерваед вядуць раскопкі.

Фота аўтара

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"