Без культуры — пра культуру?

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Журналіст-”культурнік”... Такога выразу няма нават у аказіянальна-слэнгавых пластах мовы, хаця пэўную з’яву рэчаіснасці ён усё ж адлюстроўвае. Бадай, у кожным выданні, незалежна ад яго формы ўласнасці, мэтавай аўдыторыі і накладу, ёсць аддзел культуры або, прынамсі, журналісты, што спецыялізуюцца на культурнай праблематыцы. Абсалютная большасць гэтых журналістаў — уключна з вашым пакорным слугой — у свой час былі студэнтамі Людмілы САЯНКОВАЙ ды іншых выкладчыкаў падначаленай ёй кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ. Таму выбар суразмоўцы на тэму “якасці і колькасці” асвятлення культурнага жыцця ў СМІ і прафесійнай падрыхтоўкі тых, ад каго гэтыя “параметры” наўпрост залежаць, быў адназначны.

 /i/content/pi/cult/128/593/Bez kultury.jpg
— Ведаю, што вы пільна сочыце за лёсам “выхаванцаў” кафедры. Наколькі запатрабаваны журналіст, які спецыялізуецца на культурнай тэматыцы, у цяперашняй медыяпрасторы?
— Мне часта даводзіцца сустракацца з рэдактарамі розных выданняў — і рэспубліканскіх, і рэгіянальных, — і ўсе яны ў адзін голас кажуць: нам патрэбны абазнаныя, кваліфікаваныя спецыялісты па культуры. Таму такія журналісты не маюць праблем з працаўладкаваннем. Скажам, такія нашы нядаўнія студэнты, як Ігар Сукманаў, Антон Сідарэнка, Валянцін Пепяляеў, “нацэльваліся” менавіта на культурную журналістыку ад першых дзён свайго навучання на факультэце. І кожны з іх здолеў добра самарэалізавацца ды нават набыць імя.
Сапраўды, са старых часоў там-сям яшчэ захавалася традыцыя, паводле якой матэрыялы на культурную тэматыку ўспрымаюцца як нешта другаснае і неабавязковае, прыдатнае адно для затыкання дзірак у “падвале” паласы. Але хацелася б верыць, што такое стаўленне з часам застанецца ў мінулым. Да таго ж, лепшыя рэдактары ніколі не пагарджаюць культурнай тэматыкай, разумеючы, што ад якасці і глыбіні яе адлюстравання шмат у чым залежыць імідж выдання і нават яго наклад. Прыкладам, у газеце “Беларусь сегодня” штат аддзела культуры ці не самы вялікі ў краіне — і, дарэчы, укамплектаваны ён выключна нашымі выпускнікамі.
— Ад наяўнасці такіх спецыялістаў залежыць агульны стан культурнай журналістыкі. На вашу думку, якія тэндэнцыі ў ёй сёння пануюць?
— Характар чалавека праяўляецца ў пэўных жыццёвых сітуацыях. Таксама і характар культурнай журналістыкі можна “праверыць” на прыкладзе адлюстравання той ці іншай падзеі. Скажам, фестывалю “Лістапад”, да арганізацыі якога я маю непасрэднае дачыненне. Гадоў дзесяць таму большасць прысвечаных яму публікацый апісвалі не столькі прадстаўленыя ў фестывальнай праграме фільмы, колькі банкеты і свецкія “тусоўкі”. Эпізод, калі адзін рэжысёр выпадкова наступіў на бальную сукенку актрысы, зацікавіў нашу прэсу куды болей, чым стужка гэтага рэжысёра. Не, я зусім не супраць свецкай хронікі ў прасторы спецыяльных выданняў, але ці мусіць яна дамінаваць на палосах агульнаграмадскіх газет?
З часам ракурс журналісцкай увагі стаў мяняцца, і на змену свецкай хроніцы прыйшлі “кінаагляды” — у тлустым-тлустым двукоссі. У публікацыях старанна пералічваліся фестывальныя фільмы разам з анатацыямі, якія кожны ахвотны мог знайсці ў праграмцы “Лістапада”.
Наступная фаза — паляванне на зорак з мэтай любым коштам узяць у іх інтэрв’ю. Пытаючыся, зноў жа, зусім не пра творчасць, а пра тое, ці праўдзівыя плёткі, пачэрпнутыя напярэдадні ў якім-небудзь расійскім таблоідзе.
Адным словам, пэўная эвалюцыя навідавоку, праўда, яна мае перадусім вонкавы характар. Знайсці свой уласны, адметны і глыбокі падыход да адлюстравання “Лістапада” ўдалося вельмі нямногім выданням. А ўзровень аналізу прадстаўленых на фестывалі фільмаў па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. Хаця сур’ёзныя развагі пра кіно — асабліва пра кіно беларускае — былі б надзвычай актуальнымі сёння. Скажам, не так даўно выйшла дэбютная поўнаметражка Марыі Мажар “Ворагі” — фільм, спрэчны нават не столькі паводле сваёй тэмы, колькі адносна якасці ды арыгінальнасці яе кінематаграфічнага ўвасаблення. Але ж мне пакуль не давялося бачыць грунтоўных дыскусійных матэрыялаў на гэты конт.
— Як, мусіць, і аналізу многіх іншых цікавых праблем. Напэўна, самым актуальным дыскурсам матэрыялаў па культурнай праблематыцы сёння з’яўляецца анекдот — часам мімікрыруючы пад якія заўгодна іншыя жанры. Гэта непазбежнасць, альбо..?
— Так, у пэўнай меры фармат выданняў вызначае сам час. Сучаснай журналістыцы, бадай, не абысціся без маскультавых прыёмаў, здатных прыцягнуць увагу чытача. І калі аўтар ставіць сабе такую мэту, у гэтым няма нічога кепскага. Адно што трэба быць сапраўдным прафесіяналам, каб спалучыць “прывабнасць” абалонкі з глыбокай “размовай па сутнасці”.
— І якімі якасцямі трэба валодаць, каб дасягнуць гэтага сімбіёзу?
— Перадусім, напэўна, быць аўтарам. Ці, іншымі словамі, журналістам, здатным цікава ды арыгінальна мысліць. Гартаючы “Известия”, я заўсёды звяртаю ўвагу на тэлеагляды Наталлі Пятроўскай. Не, я не вялікі аматар тэлебачання, ды і большасць перадач, пра якія там вядзецца гаворка, не гляджу. Мяне прываблівае перш-наперш сам узровень разваг гэтай аўтаркі.Памятаю, з якой дбайнасцю ў часы майго студэнцтва ў ВГИКу мы вышуквалі матэрыялы асобных аўтараў і выразалі іх. Я магла не бачыць тых спектакляў, пра якія пісала Наталля Крымава, але ахвотна чытала яе рэцэнзіі. Цяпер жа нам вельмі бракуе такіх імёнаў. Бракуе менавіта “аўтарскай журналістыкі”.
— Аднак ёсць і другі бок медаля — кампетэнтнасць журналіста. Даводзілася бачыць матэрыялы з вельмі “смелымі” меркаваннямі, але іх аўтарам не ставала элементарнай абазнанасці, і таму нічога, апрача раздражнення, іх выступленні не выклікалі.
— Ну так, мне таксама не аднойчы даводзілася хапацца за галаву. Без хаця б базісных ведаў па гісторыі і тэорыі мастацтва добра пісаць пра яго немагчыма — вядома, калі не абмяжоўвацца адно “інфармацыйна-даведачнымі” матэрыяламі ў стылі “Што? Дзе? Калі?”. А гэтак у нас шмат хто і робіць.
Аднойчы на выстаўцы Шагала да мяне падыйшлі былыя выпускніцы, якія наведалі музей, так бы мовіць, па службовым абавязку. Пасля нядоўгай размовы з імі стала зразумела, што адлюстроўваць гэтую культурную падзею яны проста не гатовы: няма патрэбнага багажу ведаў.Бывае, што ў аддзелы культуры трапляюць людзі, не надта падрыхтаваныя для такой працы, калі не сказаць “выпадковыя”. Нярэдка воляй лёсу там апынаюцца тыя нашы былыя студэнты, якія падчас вучобы аніякай цікавасці да культуры і блізка не праяўлялі. І працавацьу гэтай тэматыцы ім вельмі складана — даводзіцца як бы вучыцца наноў.
— Значыць, трэба рыхтаваць такіх спецыялістаў падчас навучання?
— На мой погляд, сітуацыю ў нашай журналістыцы магло б змяніць увядзенне на журфаку адмысловай спецыялізацыі — хай нават не спецыяльнасці, — дзе б рыхтавалі аглядальнікаў па культуры і мастацтве. Бо перадумовы для яе ўзнікнення ў нас ёсць. Яшчэ падчас майго навучання на факультэце склалася своеасаблівае кола выкладчыкаў і студэнтаў, зацікаўленых культурнай праблематыкай. І некаторым з гэтых студэнтаў з часам было наканавана стаць выкладчыкамі. Каб не хадзіць далёка па прыклады, прызнаюся, што маё захапленне кіно пачалося менавіта з факультатыву легендарнай Ефрасінні Бондаравай.
Менавіта дзякуючы руплівасці гэтага кола, якое нават выпускала свае студэнцкія газеты і альманахі, на журфаку з часам была ўтворана кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі. Цяпер мы маем курсы па профілі, прызначаныя для тэатральных, літаратурных і кінакрытыкаў, а таксама аглядальнікаў па культуры, якія вядуць выкладчыкі нашай кафедры і запрошаныя журналісты-практыкі, — напрыклад, загадчык аддзела культуры газеты “Беларусь сегодня” Алена Малочка. Але спецыяльнасці альбо нават спецыялізацыі, на якой бы рыхтавалі абазнаных у культурнай праблематыцы журналістаў, у нас няма па-ранейшаму.
— І якія змены гэта прынесла б у навучальны працэс? Наогул, што павінна ўключаць падрыхтоўка “культурнага” журналіста?
— Перш-наперш, вядома, гэта фундаментальны набор гуманітарных ведаў. А потым — шырокі спектр разнастайных спецкурсаў і майстар-класаў, разлічаных на невялікія групы студэнтаў, каб кожнаму з іх мы маглі прапанаваць на выбар не пяць спецкурсаў, а 15 — 20. Яны могуць мець вельмі розныя функцыі: арыентаваць будучага спецыяліста ў тэорыі і гісторыі таго ці іншага віду мастацтва, пашыраць светапогляд студэнта праз засваенне філасофіі культуры, вучыць практыцы. Так, пісаць не навучыш, але, абмяркоўваючы канкрэтныя прыклады, студэнты маюць магчымасць павышаць свой прафесіяналізм, каб потым унікаць памылак.
Яшчэ адзін важны аспект — засваенне культуры культурнай журналістыкі. Бо яе ў нас, пагадзіцеся, не заўсёды хапае.
— А ці здолее дыпламаваны аглядальнік па культуры пры неабходнасці знайсці сябе ў іншай тэматыцы? Бо ў жыцці, як вядома, рознае бывае...
— Думаю, “культурна падрыхтаваныя” студэнты выйграюць у параўнанні з тымі, хто атрымаў “адукацыю наогул”, ці не паўсюдна. Бо культура, насуперак некаторым меркаванням, — гэта не “вузкаспецыяльная” сфера. Яна пранізвае ўсе праявы жыцця грамадства, з’яўляючыся, па словах знакамітага Арнольда Тойнбі, “кроўю і лімфай любога сацыяльнага арганізма”. І журналіст, які добра арыентуецца ў набытках сусветнай культуры, знойдзе спосаб прымяніць гэтыя свае веды, нават пішучы пра сельскую гаспадарку.

Гутарыў Ілля СВІРЫН