Калегія калег

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

У Карэліцкім і Навагрудскім раёнах Гродзеншчыны адбылося чарговае пасяджэнне сумеснай выязной калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту і турызму краіны.

 

У сваім выступленні міністр культуры Павел Латушка прывёў прыклады істотнага росту турыстычнай запатрабаванасці тых помнікаў спадчыны, якія былі адрэстаўраваны. Прыкладам, лік наведвальнікаў Замкавага комплексу "Мір" за першыя пяць месяцаў пасля яго адкрыцця павялічыўся ў паўтара раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Разам з тым, міністр культуры адзначыў неабходнасць больш інтэнсіўнага развіцця турыстычнай інфрастуктуры. Таму стварэнне спрыяльных умоў для інвестара ў галіне турызму стала магістральнай тэмай пасяджэння.

 Новыя пункты судакранання культуры і турызму былі выяўлены і непасрэдна на маршруце выязнога пасяджэння. Адзін з іх- Любчанскі замак. Як зазначыў на замкавых валах міністр спорту і турызму Алег Качан, менавіта прыцягненне дывідэндаў ад турызму можа забяспечыць фінансаваннем далейшыя рэстаўрацыйныя работы.

На сёння рэгіён не можа пахваліцца высокімі паказчыкамі ў галіне турызму. Але, як адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Жук, мясцовыя ўлады робяць актыўныя захады па развіцці туріндустрыі - у тым ліку і ў Навагрудку, які з'яўляецца адным з найпрыцягальных для наведвальнікаў гарадоў Гродзеншчыны.

Падрабязнасці выязнога пасяджэння калегіі - у наступным нумары "К".