Баль пад знакам васілька

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца, па традыцыі, напрыканцы чэрвеня. Пра гэта паведамілі карэспандэнту “К” у Міністэрстве культуры краіны.

 

Мастак-пастаноўшчык свята Вольга Грыцаева распавядае канцэпцыю афармлення доўгачаканага для соцень выпускнікоў балю:

- Баль выпускнікоў сёлета будзе прысвечаны тэме 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У афармленні Палаца Рэспублікі мы адлюструем этапы развіцця творчасці паэта. Шмат ягоных вершаў было прысвечана музыцы, маці, прыродзе, знакамітым слуцкім паясам, і гэтыя матывы знойдуць сваё ўвасабленне ў кампазіцыях з выкарыстаннем выяў музычных інструментаў, тканін...

Перад банкетнай залай будзе створана рэкрэацыйная зона, аформленая ў тэматыцы выяў аб'ектаў і рэліквій беларускай спадчыны, з элементамі народнага побыту. Такім чынам нагадаем, адкуль ідуць вытокі паэзіі Багдановіча: з хаты, сям'і, прыроды. А ў самой зале выпускнікі ўбачаць алегарычную кампазіцыю: яна стане сімвалічным пажаданнем дасягнуць вышынь на іхнім жыццёвым шляху. Тут жа яны змогуць ўзгадаць знакамітыя радкі з вершаў Багдановіча "Зорка Венера", "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы" і "Маладыя гады".