22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

№ 25 (996) 18.06.2011 - 25.06.2011 г

БРЭСЦКАЯ КРЭПАСЦЬ: ФОТАЗДЫМАК ЛЯ ПАРТРЭТА ПРАДЗЕДА

/i/content/pi/cult/327/5922/1-1.jpgГЭТА ТРЭБА НАМ

Мой унук Данька пяць разоў паглядзеў фільм "Брэсцкая крэпасць" і папрасіў мяне: "Дзеда, дыск не прыбірай: я яшчэ хачу сябрам паказаць..." ...Мы з начальнікам упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгорам Бысюком п'ём каву ў кабінеце дырэктара Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой" генерала Валерыя Губарэнкі. - Гэта - пераемнасць пакаленняў,- працягвае Рыгор Бысюк. - Хадземце, я пакажу музей, мы ўзнавілі экспазіцыю, гэта трэба бачыць...

Па маёй просьбе Валерый Уладзіміравіч апранае генеральскую форму: "На двары горача, але з-за павагі да газеты "Культура"- апрану...". Мы ж накіроўваемся ў музей.

...Брэсцкая зямля - грань эпох. "Калі б камяні маглі гаварыць..." - словы паэта Роберта Ражджэсцвенскага сталі гімнам Брэсцкай крэпасці. Кампазітар Ігар Лучанок расказваў, што яго паланілі словы, і мелодыя нарадзілася а пятай раніцы, летам. Нотнай паперы пад рукамі не аказалася - кампазітар разлінеіў просты аркуш і занатаваў мелодыю. Першымі слухачамі песні былі родзічы, а калі Анатоль Падгайскі праспяваў: "А над Брэстам цішыня такая, быццам свет аглух на той вайне...", - абыякавых не засталося...

...У музеі было шматлюдна. У зале, прысвечанай абаронцам Цытадэлі ў чэрвені 1941 года, мы ўбачылі мужчыну ў форме маёра Савецкай Арміі і дзяўчынку гадоў сямі, таксама ў вайсковай форме. Яны стаялі ля партрэта абаронцы Брэсцкай крэпасці Уладзіміра Абызава. Стаялі, нібы ганаровая варта.

 - Гэта мой дзед, а Ганначкін прадзед,- адказаў Дзмітрый Абызаў (ён - на фота 1-й паласы - Ю.І.) на мой маўклівы погляд.- Мы прыехалі з горада Чарнагалоўка Нагінскага раёна Маскоўскай вобласці... Узнікла адчуванне нерэальнасці. Праз семдзесят гадоў унук прыехаў у Брэст, каб ушанаваць памяць дзеда...

 Брэсцкая крэпасць. "Героям граніцы, жанчынам і дзецям, што мужнасцю сваёй зрабілі крок у бессмяротнасць" - выбіта на помніку насупраць Цярэспальскіх варот. Першы ўдар на сябе ў 1941 годзе прыняла застава пад камандаваннем лейтэнанта Кіжаватава. Сувязь часоў, повязь пакаленняў...

Ля помніка пагранічнікам (яго аўтар - скульптар Валянцін Занковіч), які ўрачыста адкрыюць 22 чэрвеня, я сустрэў начальніка заставы імя Героя Савецкага Саюза, лейтэнанта Кіжаватава капітана Сяргея Антанюка з ваеннаслужачымі-пагранічнікамі- дваццацігадовымі юнакамі, якія сёння абараняюць дзяржаўную мяжу (на фота на стар. 2). Службовы сабака, аўчарка Лера, таксама з імі. На пытанне, як ідзе служба, капітан адказаў павайсковаму: "Граніца на замку".

 ...У 1941-м я, разам з ваенным заводам, дзе працаваў бацька,/i/content/pi/cult/327/5922/2-1.jpg быў эвакуіраваны ў горад Уральск. Мы, хлопчыкі і дзяўчынкі, караскаліся на плот, слухалі песню сыходзячых на фронт салдат. Я памятаю песні людзей, якія рушылі ў бок вакзала: "Вставай, страна огромная!..". "На вайну", - казалі дарослыя.

А мы гулялі ў вайну, і ў нас былі "нашы" і "немцы". І "нашы" заўжды перамагалі, таму што "немцы" ўзнімалі рукі ўгару і крычалі: "Здаёмся!". Паспрабавалі б яны крычаць інакш! Мы ж мяняліся пасля крыку "Перамога!", і гульня ў вайну працягвалася.

У нас кватараваў казах Муса. Калі яго запрашалі да стала, ён піў чай, заварваючы... тонка нарэзаную цыбулю кіпенем. У куце вісеў рэпрадуктар - чорная талерка з вінцікам для рэгуліроўкі гуку. Рэпрадуктар быў чымсьці кшталту іконы. На яго літаральна маліліся: "Зараз будзе паведамленне Саўінфармбюро!". Муса кепска разумеў па-руску, але і ён сядаў бліжэй.

- Суседзяў, суседзяў пакліч! - гэта ўжо мама - маёй сястры Але.

Голас Левітана ўсяляў упэўненасць у перамозе, незалежна ад таго, пра што паведамляла Саўінфармбюро, - пра паражэнні ці дасягненні: "Увага! Гаворыць Масква! 8 мая 1945 года ў Берліне прадстаўнікамі германскага вярхоўнага камандавання падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі! Вялікая Айчынная вайна, якую вёў савецкі народ супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пераможна завершана!.. Вечная слава героям, што загінулі ў баях за свабоду Радзімы!"

Перамога! Вайна скончылася!.. Але гэта будзе праз 1418 дзён і начэй. А сёння мы адзначаем жалобную дату: 70-годдзе з дня пачатку вайны. Словы гучаць, як набат: " Гэта трэба - не мёртвым! Гэта трэба - жывым!" Гэта неабходна нам з вамі, усім тым, хто жыве пад мірным небам Беларусі.

 наш спецкарэспандэнт

 Мінск - Брэст - Мінск

 Фота аўтара

Падрабязнасці выязнога пасяджэння калегіі - у наступным нумары "К

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф