Ад “…Зарніц” да “…Галасоў”

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Начальнік аддзела культуры Браслаўшчыны Галіна Караткова паведамляе: 10 чэрвеня распачалося міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”.

У свяце, "стаж" якога вымяраецца дзесяцігоддзямі, прымуць удзел больш за 500 прадстаўнікоў з васьмі краін. Дваццаць адзін калектыў выступіць на пляцоўках Браслава і раёна. Пад час "...Зарніц" можна пачуць, апрача беларускай мовы, эстонскую, літоўскую, латышскую, польскую, рускую, украінскую... Запрошана дэлегацыя з Венесуэлы. Сёння, 11 чэрвеня, "Браслаўскія зарніцы" прапаноўваюць Свята сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава". Па словах Галіны Каратковай, "рыцарскае" мерапрыемства на Замкавай гары ўпершыню ладзілася летась. Сёлета на "Меч Брачыслава" прыедуць рыцарскія клубы з Наваполацка, Полацка і Мінска.

12 чэрвеня адбудуцца гала-канцэрт і падвядзенне вынікаў "Браслаўскіх зарніц". Мяркуецца правесці абмен думкамі паміж кіраўнікамі дэлегацый, а таксама заключэнне дамоў аб культурным супрацоўніцтве.

Не менш прадстаўнічая падзея чакаецца ў Дуброўне, дзе з 17 да 19 чэрвеня пройдзе ХVІІІ Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі, Украіны "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне". Чакаецца 700 удзельнікаў і 35 творчых калектываў.

- Галоўная падзея форуму,- распавядае "К" начальнік аддзела культуры Дубровеншчыны Кацярына Лабука, - што ён святкуе паўналецце. Фестывалю ўручым пашпарт.

Распачнецца форум Святам горада і канцэртам, прымеркаваным да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Завершыцца ж кірмашом рамёстваў, гала-канцэртам, выступленнямі артыстаў эстрады.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"