Цырк з сюрпрызамі

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Беларускі дзяржаўны цырк сустрэў лета адкрыццём чарговай праграмы пад назвай “Юбілей”. Прадстаўленні складзены з айчынных атракцыёнаў і нумароў зорак міжнароднага маштабу.

Галоўны рэжысёр праекта Серж Бандарчук у размове з журналістамі наўмысна пазбягаў у дачыненні да праграмы слова "новая". Справа ў тым, што ў летнія спектаклі, акрамя абсалютна новых, трапіла мноства нумароў з вясновага цыкла, праўда, перапрацаваных і ўдасканаленых.

У пэўных артыстаў тэрмін падпісаных замежных кантрактаў не супадаў з плануемымі выступленнямі ў Мінску. Але слава аб рэстаўраваным цырку з найсучасным светлавым і гукавым абсталяваннем, з шыкоўнымі ўмовамі для жыцця і рэпетыцый ужо разляцелася па свеце, таму многія гатовы прыехаць у Беларусь нават толькі на два спектаклі.

Зрэшты, цырк працягвае ўводзіць у дзеянне разнастайную тэхніку, аб якой шмат гаварылася яшчэ напярэдадні адкрыцця, але да гэтага часу не было магчымасці асвоіць яе на ўсе сто працэнтаў. Па словах Сержа Бандарчука, адным з галоўных сюрпрызаў гэтага лета стануць камп'ютарныя тэхналогіі. Праграмаванне ж вялося праз Інтэрнэт з цэнтральнага офіса, што месціцца ў Германіі.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"