Адкуль выток — адтуль і натхненне

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Калі вы чытаеце гэтыя радкі, Свята пісьменства ўжо запоўніла вуліцы Шклова, пакінуўшы віхуры арганізацыйных клопатаў у мінулым. Але ў той дзень, калі карэспандэнт “К” сустрэўся з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам РУСАКЕВІЧАМ, карпатлівая праца па арганізацыі Дня пісьменства была яшчэ ў поўным разгары. Таму і першая тэма, закранутая падчас гутаркі, вызначылася сама сабой.

/i/content/pi/cult/127/588/Rusakevich.jpg 
— Свята і праца — паняцці, бадай, антанімічныя. Аднак сувязь паміж імі відавочная: каб свята адбылося, хтосьці мусіць добра папрацаваць. Пэўна, нямала намаганняў вымагае ад Міністэрства інфармацыі і правядзенне Дня пісьменства?
— Для падрыхтоўкі і правядзення свята быў створаны арганізацыйны камітэт пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Аляксандра Мікалаевіча Косінца, у які ўвайшлі кіраўнікі ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.Мы ўсе разам — органы рэспубліканскай і мясцовай улады абласнога і раённага ўзроўняў — парупіліся, каб стварыць для свята годнае атачэнне, зрабіць Шклоў яшчэ больш дагледжаным і прыгожым.
Міністэрству інфармацыі таксама давялося вырашаць шматлікія арганізацыйныя і фінансавыя аспекты Дня пісьменства, прадумваць яго канцэптуальны бок.Безумоўна, правядзенне такога маштабнага мерапрыемства — справа адказная ды працаёмкая. Але робіцца яна ў ахвоту, з душой. Да таго ж, у міністэрстве склалася добрая каманда прафесіяналаў, якія маюць багаты досвед арганізацыі падобных святаў, ды і на дапамогу калег цалкам можна разлічваць. Рыхтуючы праграму Дня пісьменства, мы шчыльна супрацоўнічалі з выдавецтвамі і рэдакцыямі перыядычных выданняў, каб разам знайсці спосаб прадставіць айчынны друк як мага больш змястоўна.
— І які спосаб падаецца вам найбольш эфектыўным? Напэўна, правядзенне арыгінальных шоу-праграм...
— Так, гэта добры спосаб прыцягнуць увагу публікі. Але, мяркую, самым плённым усё ж з’яўляецца іншы фармат — шчырая гутарка з выдаўцамі, пісьменнікамі, журналістамі, падчас якой кожны ахвотны можа задаць важныя для яго пытанні, узяць аўтограф, выказаць заўвагі або прапановы ды і проста пазнаёміцца з людзьмі, якіх раней даводзілася ведаць хіба завочна. Пагадзіцеся, у наш хуткаплынны час такой удумлівай суразмовы вельмі не хапае.
— Дзень беларускага пісьменства мае свае ўстойлівыя традыцыі, але штораз яго сцэнарый абрастае пэўнымі навацыямі — якім, зрэшты, з часам таксама наканавана стаць традыцыямі. Мяркуючы па праграме свята, сёлета іх таксама не бракуе…
— Мусіць, перш-наперш вы маеце на ўвазе Рэспубліканскі конкурс на лепшы мастацкі твор “Залаты Купідон”? Сапраўды, цырымонія ўзнагароджання яго пераможцаў стане адной з дамінант сёлетняга свята. Гэты конкурс, пакліканы агледзець набыткі айчыннай літаратуры за мінулы год, праводзіцца ўпершыню. Яго арганізатарамі выступілі міністэрствы інфармацыі, культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Думаецца, цалкам лагічна, што поруч з узнагароджаннем пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, якое ўжо трывала “прапісалася” ў праграме свята, ушанаваны будуць таксама і лепшыя аўтары.Яшчэ адна навацыя сёлетняга свята, якой, напэўна, наканавана стаць традыцыяй, — павышаная ўвага да культуры рэгіёна, дзе ладзіцца Дзень пісьменства. І, шпацыруючы па Вуліцы Духоўнасці, Асветы і Культуры, госці свята здолеюць азнаёміцца са шматлікімі здабыткамі Магілёўскай зямлі, якая падарыла нашай нацыі столькі выбітных талентаў. Знаёмства гэтае будзе шматгранным, пра што сведчаць хаця б назвы тэматычных пляцовак: “Тэатральны фальварак”, “Магілёўшчына музейная”, “Магілёўшчына бібліятэчная”, “Магілёўшчына літаратурная”, “Газетныя выданні Магілёўшчыны”...Яшчэ дзве дэталі святочнай праграмы, якія нельга абмінуць увагай: адкрыццё помніка генералу Сямёну Зорычу і Раённага краязнаўчага музея, пра які даўно марылі шклоўцы. Таму аб свяце ў іх будзе добры напамінак.
— Але ж Шклоўшчына атрымае і “помнікі нерукачынныя” — што, між іншым, таксама адпавядае традыцыі Дзён пісьменства...
— Так, па добрай завядзёнцы, беларускія выдаўцы падрыхтавалі свае падарункі для краю, дзе праходзіць Свята пісьменства. І назваць гэтыя кнігі “помнікамі”, мабыць, не будзе перабольшваннем — дзякуючы іх “манументальнасці”. Шыкоўны фотаальбом “Шклоў”, выпушчаны ў выдавецтве “Беларусь”, выявіць хараство гэтага кутка нашай краіны для ўсяго свету, а зборнік “Адсюль выток, адсюль натхненне. Шклоўшчына літаратурная” — чарговая кніга ў серыі “Беларусь літаратурная” выдавецтва “Мастацкая літаратура” — красамоўна сведчыць, наколькі багатая талентамі гэтая зямля.
— Сёлета беларуская грамадскасць шырока адзначае 125-гадовы юбілей класікаў нашай літаратуры. Ці знойдзе гэтая падзея сваё адлюстраванне ў святочнай праграме?
— Безумоўна. Нацыянальная кніжная палата Беларусі падрыхтавала да свята унікальную выстаўку выданняў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якая не толькі дазволіць гасцям Дня пісьменства ўбачыць рарытэтныя кнігі нашых класікаў, але і прадэманструе несупынную ўвагу да творчасці Купалы і Коласа з боку выдаўцоў. Усяго будзе прадстаўлена 310 назваў кніг, што выйшлі ў Беларусі з 1925 па 2007 год.Дарэчы, не слабне яна і сёння: творы беларускіх Песняроў актыўна перавыдаюцца ў самых розных фарматах. Для людзей, якія цікавяцца спадчынай Якуба Коласа ў яе паўнаце, прызначаны дваццацітомны збор яго твораў, выданне якога было распачата ў гэты юбілейны год. А для тых, хто знаёміцца са знакавымі для нашай культуры паэтычнымі радкамі ўпершыню, у серыі “Бібліятэка школьніка” выйшлі “Песні жальбы. Казкі жыцця” Коласа і “Мая малітва” Купалы. Асабліва важна адзначыць, што ўвагай мы не абмінулі і тых дзетак, якія звычайныя кнігі чытаць не могуць: “Міхасёвы прыгоды” Коласа выйшлі сёлета шрыфтам Брайля.
— Дзень пісьменства ахвотна наведваюць акрэдытаваныя на Беларусі прадстаўнікі дыпкорпуса і тыя госці краіны, якія хочуць больш даведацца пра яе культуру, наогул пра жыццё. Ці не ўзнікала ідэі далучыць да мерапрыемстваў і творцаў з-за мяжы, надаўшы святу міжнародны маштаб?
— Так, і сёлета гэтая ідэя ўжо рэалізавана. У рамках Дня беларускага пісьменства 31 жніўня пройдзе “круглы стол” з удзелам пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны, Сербіі, Балгарыі. Яго тэма выглядае даволі красамоўнай: “Славянская літаратура і выклікі сучаснасці”. Думаю, невыпадкова, што творцы з розных канцоў славянскага свету сустрэліся для прадуктыўнай у плане ўзмацнення літаратурных сувязей размовы менавіта ў рамках нашага свята.Вядома, замежныя госці не абмінуць сваёй увагай наша свята і гэтым разам. Мы чакаем у Шклове дыпламатаў не толькі суседніх краін, але і В’етнама, Венесуэлы, ЗША, Індыі, Казахстана, Кубы, Кыргызстана, Лівіі, Малдовы, Палесціны, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, прадстаўнікоў СНД і АБСЕ.
— Свята пісьменства становіцца добрай нагодай для дэманстрацыі дасягненняў айчыннага друку і разваг пра цяперашні яго стан. Хацелася б пачуць агульную характарыстыку кнігавыдавецкай справы на Беларусі. Якія тэндэнцыі, на ваш погляд, назіраюцца ў гэтай галіне?
— Супастаўляючы асноўныя яе паказчыкі за гэты і мінулы гады, можна прыйсці да высновы, што стан галіны даволі ўстойлівы. Ніякіх рэвалюцыйных скачкоў за апошні час не адбылося, развіццё ідзе паступова. За першае паўгоддзе 2006 года было выдадзена амаль сем тысяч кніг і брашур агульным накладам 27,6 млн. асобнікаў. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года асартымент назваў узрос больш чым на 6%. Наклад, наадварот, крыху зменшыўся — амаль на 4%. Дынаміка названых паказчыкаў знаходзіцца ў рэчышчы сусветнай тэндэнцыі — павелічэння асартыменту назваў пры некаторым змяншэнні тыражоў.Сёння ліцэнзіі на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці маюць 646 арганізацый розных форм уласнасці. Але далёка не ўсе яны з’яўляюцца актыўнымі “гульцамі” на выдавецкім рынку. Прыкладна 300 уладальнікаў ліцэнзій выпусцілі летась ад адной да пяцідзесяці назваў кніг, і толькі 40 — пяцьдзесят і больш назваў.
Наўрад ці можна казаць пра сутнасныя змены і паводле тэматыкі кнігавыдавецкай прадукцыі. Па-ранейшаму самымі запатрабаванымі застаюцца вучэбныя выданні: за першае паўгоддзе 2006 года іх выйшла амаль дзве з паловай тысячы назваў агульным накладам 8,5 млн. асобнікаў, што складае прыкладна траціну ад усёй выдавецкай прадукцыі за гэты час.
Другі радок “рэйтынгу запатрабаванасці” займаюць літаратурна-мастацкія выданні, а завяршаюць тройку лідэраў кнігі навуковыя і навукова-папулярныя.
Прадукцыя 6 дзяржаўных рэспубліканскіх выдавецтваў у агульным аб’ёме кніжнай прадукцыі складае 4,3% па назвах і 10,5% па тыражах. Пры гэтым асноўная ўвага надаецца павышэнню змястоўнай і мастацка-паліграфічнай якасці беларускай кнігі.
— Па-ранейшаму шмат гаворыцца і пішацца пра тое, што паліцы нашых кнігарняў завалены кнігамі, выпушчанымі ў Расіі...
— Без сумневу, прадукцыя расійскіх выдавецтваў займае вельмі значнае месца на кніжным рынку Беларусі — ад 85 да 90 працэнтаў паводле асартыменту назваў. Але такая сітуацыя з’яўляецца цалкам заканамернай, асабліва калі ўлічыць, што кніг у Расіі кожны год выдаецца ў 10 разоў больш, чым на Беларусі. І калі яны знікнуць з нашых кнігарняў, асартымент апошніх істотна збяднее. У той час як чытач, наадварот, патрабуе ўсё большай разнастайнасці. Скажам, сёння буйныя кнігарні, кшталту “Светача” альбо “Цэнтральнай”, могуць прапанаваць на выбар да 50 тысяч назваў кніг!
Таму, наколькі б эфектыўна ні развіваўся наш кніжны рынак, айчынныя выдаўцы ўсё адно не змогуць задаволіць сваімі сіламі патрэбы ўсіх чытачоў, бо ў кожнага яны свае і часам вельмі прыдзірлівыя. Таму згаданая вамі праблема патрабуе канцэптуальна іншага падыходу: не імкнуцца “рашучымі мерамі” зменшыць “наплыў” расійскай кнігі, а спрыяць павышэнню якасці і папулярызацыі сваёй.
Прыкладам, кніг на беларускай мове. Толькі за мінулае паўгоддзе іх было выпушчана 467 назваў, а агульны наклад перавысіў 2 мільёны асобнікаў.
— А ці здатныя нашы выдаўцы вытрымаць гэтую канкурэнцыю?
— Так. Пераканацца ў гэтым вы зможаце, завітаўшы ў любую кнігарню. Вазьміце ў рукі кніжныя навінкі, старонкі якіх яшчэ пахнуць друкарскай фарбай, — “Гісторыя беларускага мастацтва” Б.Лазукі, “Мужчынскі касцюм на Беларусі” Л.Ракавай і А.Бялявінай, энцыклапедыю “Блакітны скарб Беларусі”, “Туристскую энциклопедию Беларуси”, трохтомнік “Современная Беларусь”... І вы ўпэўніцеся, што нашы выдаўцы нічым не саступаюць расійскім калегам — ні паводле зместу сваёй прадукцыі, ні паводле яе мастацкага афармлення і паліграфічнага выканання.
Апошняе, дарэчы, чарговы раз засведчыў Міжнародны конкурс “Мастацтва кнігі” дзяржаў-удзельніц СНД, які, ужо чацвёрты раз, прайшоў 9 — 10 жніўня ў Маскве.
Як заўсёды, нашы выдавецтвы сабралі багаты ўраджай дыпломаў — сёлета ажно дзесяць. Для параўнання: расійскія атрымалі толькі тры, а ўкраінскія — пяць. Значыць, наша кніга мае прызнанне не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі. 

Гутарыў Ілля СВІРЫН