Тэрыторыя дзяцінства

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

У горадзе Клімавічы Магілёўскай вобласці цягам чатырнаццаці гадоў ладзіцца фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». З рэгіянальнага фестываль вырас у Міжнародны, атрымаўшы годнае і заслужанае прызнанне. Сёлета форум, дзе пануе творчасць дзетак, праходзіў з 25 па 29 мая — незадоўга да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

/i/content/pi/cult/325/5878/pic.jpg

Пра мёд мас­тац­тва  ў  клімавіцкіх сотах

Майскае сонейка шчодра сагрэла зямлю, і прырода радасна страпянулася. А як жа: вось яно, каляндарнае лета! Дрэвы пакрыліся клейкай лістотай, кветкі рассыпаліся па зямлі ўсімі колерамі вясёлкі, і пчолы, гудучы ад задавальнення, збіраюць нектар... А там, дзе я правёў мінулы фестывальны ўік-энд, сабраліся ў гуллівы вулей не пчолы - сапраўдныя "залатыя пчолкі".

Такім чынам - Клімавічы! Гарадскі парк ператварыўся ў казачную пляцоўку, на якой з'явіліся падворкі райцэнтраў Магілёўшчыны - сапраўды маленькія мястэчкі: Шклоў, Хоцімск, Глуск, Касцюковічы, Клімавічы, Чавусы, Крычаў - усе  не пералічыш! Зачароўвалі і прыцягвалі не толькі дэкарацыямі, але і пачастункамі. Мёд з агуркамі, засоленымі ў гарчычным расоле, каштавалі? А сала, што проста растае ў роце? А бульбу, запечаную з брусніцамі? А квас?..

/i/content/pi/cult/325/5878/pic_3.jpg

Ведаеце, я ўзгадваю ранейшыя вандроўкі па гэтых краях: спынішся ля хаты, папросіш вады папіць, а табе збан малака вынясуць з сенцаў, ды са словамі: "Не крыўдзі нас, пі! Малако - толькі са склепа, халодненькае!.."

Гасцінны народ жыве на Беларусі!

Сямнаццацітысячныя Клімавічы павялічылі колькасць сваіх жыхароў ажно на тысячу чалавек! Уяўляеце? А ў горадзе цягам пяці дзён праходзіў ХІ Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка".

За ўвесь час правядзення фестывалю ў ім бралі ўдзел дзіцячыя калектывы і выканаўцы з 19 краін свету. Сёлета ж на форуме іх было прадстаўлена 13: Азербайджан, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Румынія, Таджыкістан, Украіна, Эстонія і, канешне ж, наша Беларусь.

Асаблівасць клімавіцкага фестывалю - у жанравай разнастайнасці. Конкурсы праходзяць па некалькіх відах мастацкай творчасці: вакальнай, харэаграфічнай, выяўленчай, дэкаратыўна-прыкладной. А юныя таленты тут заўжды ацэньвае найпрадстаўнічае журы. Упершыню старшынёй журы "Залатой пчолкі" стаў народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід Захлеўны.

/i/content/pi/cult/325/5878/pic_2.jpgДля таленавітай моладзі фестываль - трамплін у творчае будучае. Менавіта на ім атрымалі першае прызнанне Ксенія Сітнік -- пазней уладальніца Гран-пры Міжнароднага дзіцячага конкурсу на "Славянскім базары ў Віцебску" і пераможца Міжнароднага конкурсу песні дзіцячага "Еўрабачання-2005", Андрэй Кунец, што заняў ІІ месца на дзіцячым жа "Еўрабачанні-2006", Ганна Мушак - уладальніца Гран-пры Міжнароднага музычнага фестывалю "Залаты шлягер", лаўрэат Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні на "Славянскім базары ў Віцебску", Міхаіл Ліла - лаўрэат дзіцячага конкурсу "Славянскага...".

Яшчэ адна асаблівасць "Залатой пчолкі": усе выдаткі па пражыванні і харчаванні ўдзельнікаў, па арганізацыі культурнай праграмы бярэ на сябе фестывальны аргкамітэт. Гэта яшчэ раз пацвярджае: выказванні пра беларускую гасціннасць, а таксама пра высокі ўзровень дзяржаўнага клопату аб дзецях - не толькі словы...

Угледзьцеся ў абліччы на фотаздымках і, мяркую, вы адчуеце атмасферу свята. А вось з меркаваннямі, што выказалі ў Клімавічах карэспандэнту "Культуры" прадстаўнікі аргкамітэта і журы форуму, падзялюся.

Член журы, шматгадовы рэдактар тэлебачання, адна са стваральніц славутай "Калыханкі", заслужаны дзеяч культуры Беларусі Ніна Шоба заўважыла: "Залатая пчолка" адгудзела, але нікога не ўджаліла".

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы Алег Хмялькоў сказаў: "Ад іншых мерапрыемстваў нашага ўпраўлення культуры "...Пчолка" адрозніваецца тым, што яна "салодкая" і найбольш поўніцца радасцю".

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Кашталапава назвала клімавіцкі фестываль здольным на суперніцтва з любым еўрапейскім па выканальніцкім майстэрстве і арганізацыі.

А член журы ад Украіны Уладзімір Дальчук заўважыў па-філасофску: "Мы розныя - у гэтым наша багацце. Мы разам - у гэтым наша сіла!"

Аташэ па культуры Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжуан Цзянь Пін адказваў за прыезд дзяцей з далёкага Цзянь Цзіня. Цягам форуму ён засмучаўся хіба з адной прычыны: маўляў, калектыў прыехаў не надта шматлікі - усяго 30 чалавек...

Вось меркаванне мастака з Кіева Мікалая Гроха: "Ведаеце, у Беларусі, на прыкладзе "Залатой пчолкі", я бачу імкненне знітаваць нашы сэрцы і душы".

/i/content/pi/cult/325/5878/pic_4.jpg

А народны артыст Расіі, прафесар Маскоўскай кансерваторыі Валерый Калістратаў на клімавіцкім фестывалі - упершыню: "Да слоў Дастаеўскага "Прыгажосць уратуе свет" я дадам: гэта адбудзецца, калі мы ўратуем прыгажосць. У Клімавічах я зрабіў адкрыццё: дзеці ў нечым сталі выхавацелямі сваіх бацькоў". А потым шчыра дадаў: "Слухаю цяпер тут выканаўцаў песень на беларускай мове і мне самому хочацца размаўляць па-беларуску".

Дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастак Юрый Піскун адзначыў, што да слова членаў журы на "Залатой пчолцы" прыслухоўваюцца асабліва чуйна: "Летась я настойваў, каб Клімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў прэзентавалі тэлевізар. Сёння ж даведаўся, што школа атрымала не толькі тэлевізар, але і камп'ютар. Цудоўна!"    

Закрываючы "Залатую пчолку-2011", намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, старшыня фестывальнага аргкамітэта Валерый Малашка згадаў словы Маякоўскага: "Если звёзды зажигают, значит, это кому-нибудь нужно.

..". Тымі зоркамі, а да ўсяго - і ўладальнікамі Гран-пры "Залатой пчолкі" сталі: навучэнка Буйніцкай ДШМ Магілёўскага раёна Паліна Бадзеева,­ ансамбль танца "Равеснік" Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў з Мінска, вакальны ансамбль хлопчыкаў Магілёўскай ДШМ № 3, навучэнец Хоцімскай ДШМ Дзмітрый Хучаў і навучэнка Горацкай дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў Вікторыя Валынцава.

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, развітваючыся, выказаў удзячнасць "К" і запрасіў газету ды ўсіх яе чытачоў на фестывалі, што неўзабаве пройдуць у Бабруйску і Глуску. Словам, фестывальнае лета - пачынаецца!

Юрый ІВАНОЎ,  наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Клімавічы - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф