Куды вёска “пераходзіла”?

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Плюс-мінус два метры: выявіць скарбы азёрнага дна

/i/content/pi/cult/325/5875/14-1.jpg

 У летнюю спёку, якая днямі запанавала на Беларусі, ці не самая вялікая асалода - паплаваць у празрыстай азёрнай вадзе. Аднак не многім вядома пра таямніцы, схаваныя на дне айчынных вадаёмаў, у тым ліку - пра старажытныя неалітычныя паселішчы, што апынуліся пад вадой каля чатырох тысяч гадоў таму. Айчынныя археолагі толькі пачынаюць грунтоўна даследаваць цікавую праблему.

Як сталася, што цэлыя паселішчы, разам з хатамі і іншымі пабудовамі, апынуліся пад вадой? І ці сапраўды нашы продкі будавалі надводныя жылыя комплексы, так званыя палафіты?

 Па словах старшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максіма Чарняўскага, так ці інакш, у глыбокай старажытнасці ўсё чалавечае жыццё было звязана з вадой. У эпоху неаліту, прыкладна чатыры тысячы гадоў таму, нават на адлегласці аднаго - двух кіламетраў ніхто не ўзводзіў сабе жыллё. Больш за тое: тагачасныя хаты былі размешчаны ўсутыч да вады. Дзякуючы такой тэндэнцыі, прыазёрныя паселішчы былі распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. А на Палессі і ў іншых рэгіёнах Беларусі захавалася шмат легенд нават пра вёскі на азёрах, палевыя збудаванні- палафіты, існаванне якіх пакуль бачыцца досыць сумнеўным.

Калі ж казаць пра помнікі перыяду неаліту і бронзавага веку, то археалагічныя матэрыялы такога кшталту сустракаюцца часцей на Паазер'і. Пры гэтым, як адзначыў Максім Чарняўскі, яны вельмі складаныя для выяўлення і даследавання, бо прыкладна некалькі тысяч гадоў таму адбылася істотная кліматычная змена, якая прывяла да рэзкага ўвільгатнення клімату. У выніку ўзровень вады ўзняўся на паўтара - два метры, і азёры ў сваіх памерах сталі такімі, якімі мы іх бачым сёння.

За 3500 гадоў берагавая лінія некаторых азёр адсунулася да 150 метраў углыб. Што і казаць, па звестках Максіма Чарняўскага, нават усходняя частка самага буйнога беларускага возера Нарач - з боку Мястры - была заселена нашымі продкамі. А таму, праплываючы ці гуляючы па плыткім месцы, можна смела ўявіць, што дзесьці пад нагамі знаходзіцца старажытнае паселішча.

Як аказалася, такое месцазнаходжанне збудаванняў прывяло да двух казусаў. У прыватнасці, у свой час лічылася, што на Беларускім Паазер'і захавалася не так шмат матэрыялаў перыяду неаліту, ранняга бронзавага веку. Меркавалася, нібыта гэта была нейкая сакральная тэрыторыя, альбо некалі тут адбыўся вялікі мор, які прывёў да знікнення насельніцтва. Усё аказалася значна прасцей. Помнікаў археалогіі на Віцебшчыне прыкладна столькі, колькі і ў іншых рэгіёнах. Толькі сёння яны знаходзяцца на дне азёр на глыбіні каля двух метраў.

Таксама лічылася: маўляў, усе тыя рэшткі збудаванняў, якія паказваліся з-пад вады, сведчаць пра старажытныя астраўныя паселішчы, што ўзводзіліся для абароны ад набегаў ворагаў. Ізноў-такі, па словах Максіма Чарняўскага, даследчыкі забываліся "апусціць" узровень вады на ўсё тыя ж два метры. А ў вадзе, асабліва ў глеі, без доступу кіслароду, гэтыя драўляныя канструкцыі адносна добра захаваліся да нашага часу. Прытым рэшткі старажытных будынкаў выяўляліся, калі спускалася вада ў азёрах, аднак не да канца... У адваротным выпадку мусіла б з'явіцца паўвыспа, на якой калісьці і размяшчалася паселішча.

 З іншага боку, сёння айчынныя археолагі не могуць адмаўляць існаванне палафітаў, вёсак на астраўках, пакуль іх адсутнасць не будзе даказана. Бо пра той факт, што такія вёскі на затопленых мясцінах існавалі ў жалезным веку, сведчаць даследаванні нашых суседзяў - літоўскіх падводных археолагаў. У прыватнасці, пасярэдзіне невялікага возера імі была выяўлена выспа, дзе размяшчалася паселішча, якое з'яўлялася функцыянальным аналагам гарадзішча, у тым ліку было добра абаронена ад імклівага наступлення ворагаў.

Апошнія некалькі гадоў беларускімі гісторыкамі даследуецца месца размяшчэння прыазёрных неалітычных паселішчаў на Віцебшчыне. У прыватнасці, Максім Чарняўскі дэталёва вывучае Крывінскі тарфянік на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў.

 І калі нават звычайныя археалагічныя раскопкі - справа даволі няпростая, што ўжо казаць пра даследаванні забалочаных мясцін! Па словах Максіма Чарняўскага, калі выпадае вільготны сезон, даводзіцца літаральна вёдрамі вычэрпваць ваду з раскопу.

У сярэдзіне бронзавага веку на Паазер'і адбыўся пад'ём вады, які расцягнуўся на некалькі соцень гадоў. Людзі былі вымушаны сысці са сваіх паселішчаў, пакінуўшы хаціны, якія з цягам часу зараслі азёрнай травой, а пасля моцна закансерваваліся торфам. Тым больш, чатыры тысячы гадоў - дастатковы час для з'яўлення торфу, які ўтвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду раслін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатнення.

Якія ж скарбы пакінулі жыхары гэтых паселішчаў? Як адзначыў Максім Чарняўскі, пры перасяленні нашы продкі забіралі з сабой усе каштоўныя і патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Таму тут былі выяўлены касцяныя вырабы, сякеры, наканечнікі стрэл, надзвычай якасна напаліраваныя, нібыта іх толькі што пакрылі лакам, а таксама своеасаблівыя нажы і кінжалы. Захавалася нават смала, што выкарыстоўвалася для насаджвання стрэл.

На жаль, пакуль не выяўлены пахаванні, характэрныя для сярэдняга неаліту - бронзавага веку. Магчыма, у той час існаваў зусім іншы паха/i/content/pi/cult/325/5875/14-2.jpgвальны звычай, напрыклад, пахаванні ў дуплах дрэў. Шэраг знаходак сведчыць пра магчымасць размяшчэння нябожчыкаў на тэрыторыі самога паселішча, у межах жылых пабудоў.

У той жа час, археолагі зафіксавалі цікавы працэс перамяшчэння старажытнага паселішча. У прыватнасці, вёска "пераходзіла" з месца на месца ўслед за вадой, а дакладней - разам з берагавой лініяй. Напрыклад, у выпадку, калі адступала вада, людзі маглі зноў прыйсці на месца колішняга паселішча.

 Ці маюць гэтыя даследаванні пэўны турыстычны патэнцыял у будучыні? Мала хто задумваецца, што балоты з'яўляюцца ўнікальным і каштоўным аб'ектам - не толькі прыродным, але і культурным.

Можна зрабіць рэканструкцыю любога перыяду, пачынаючы ад палеаліту, адлюстраваць перасоўныя паселішчы, тарфяннікавыя неалітычныя жылыя комплексы. Галоўнае пытанне - як да гэтай справы падыходзіць. Калі грунтоўна, то, на думку Максіма Чарняўскага, варта рэканструяваць хаця б пару хацін, іх знешняе і ўнутранае ўбранства. Адкрыць паблізу майстэрню па вырабе крамянёвых прылад, даць магчымасць турыстам прымераць тагачасную вопратку, пастраляць з лука ці пакідаць дзіду. Зразумела, гэта патрабуе вельмі вялікіх высілкаў, але ў выніку такі комплекс можа істотна прывабіць замежных і айчынных турыстаў.

Як бы там ні было, сёлета ў ліпені раскопкі тарфяннікавых паселішчаў працягнуцца, каб знайсці адказы на многія цікавыя для ўсёй айчыннай гісторыі пытанні.


На здымках: фрагмент пабудовы на месцы раскопак у паселішчы Асавец;

знаходкі прадметаў паўночнабеларускай археалагічнай культуры сярэдзіны ІІІ - сярэдзіны ІІ тыс. да н.э.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"