Трубы, маршы, мажарэткі...

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

“Беларускія фанфары” чакае... джаз!

/i/content/pi/cult/325/5873/13-3.jpg

Раз на тры гады Баранавічы святкуюць Дзень горада па-асабліваму: урачыстасці спалучаюцца з Міжнародным фестывалем духавой музыкі "Беларускія фанфары". Сёлета ж амаль 20 духавых аркестраў з пяці краін свету - Беларусь, Літва, Польшча, Расія, Украіна - дэфіліравалі і ў гонар 140-годдзя раённага цэнтра.

Як заўсёды, святочных мерапрыемстваў было багата: тэатралізаваныя выступленні, музычныя шоу-праграмы, паказы мод. Але ўсё гэта - у атачэнні бляску духавых гучанняў і шэсця мажарэтак- дзяўчын, што суправаджаюць духавыя калектывы. Бо ў цэнтры падзей апынуліся два конкурсы духавых аркестраў - ІІ Міжнародны і VII Рэспубліканскі. Арганізатарамі ж фестывалю выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Брэсцкі аблвыканкам і Баранавіцкі гарвыканкам./i/content/pi/cult/325/5873/13-2.jpg

- Гэты фестываль, - падзяліўся ўражаннямі старшыня журы, заслужаны артыст краіны, дацэнт кафедры дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Барыс Чудакоў,- чарговы раз даказаў, што рэгіён - паняцце не геаграфічнае, а творчае. Баранавічы ўжо па праве могуць лічыцца сталіцай нашай духавой музыкі. Калектывы, што збіраюцца на фестываль, з кожным годам дэманструюць усё больш высокі ўзровень, рыхтуюць не толькі ўласна конкурсныя выступленні (а туды ўваходзіць і абавязковы твор, які адразу ўзнімае конкурсны ўзровень), але і дэфіле з мажарэткамі. Прызвычаілася і публіка. Сёлета выступленні ўдзельнікаў ахапілі ўвесь горад, нават ускраіны. Адкрыццё і закрыццё праходзілі на стадыёне. Можна толькі павіншаваць арганізатараў: свята - атрымалася!

 - Тое, што ў свой час Рэспубліканскі фестываль, вядомы з 1996 года, перарос у Міжнародны, - выказаў думку член журы, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Карацееў,- найлепшым чынам адлюстравала патрабаванні часу. Бо агляд таго, што робіцца ў нашай краіне, павінен спалучацца з перайманнем усяго лепшага, што ёсць у еўрапейскай культуры. /i/content/pi/cult/325/5873/13-1.jpgДы і нашым гасцям было чаму павучыцца! На такіх форумах мы вучымся ў іх, яны- у нас. Асабліва ўзрадавалі дзіцячыя калектывы - наша надзея і перспектыва. Для некаторых з іх, дарэчы, гэты фестываль стане "пуцёўкай" на далейшыя творчыя спаборніцтвы. Той жа сёлетні лаўрэат - народны духавы аркестр "Віціны" са Стоўбцаў - днямі едзе на маштабны Міжнародны фестываль-конкурс "Кубак Масковіі". Увогуле, правядзенне буйнога форуму ў Баранавічах, запрашэнне айчынных аркестраў на прэстыжныя міжнародныя конкурсы сведчаць, што папярэдне вялася вялізная праца на месцах, у абласцях праходзілі адборы. Праўда, не ўсе рэгіёны былі, як кажуць, на ўзроўні: хтосьці ўвогуле не даслаў калектываў. І не таму, што іх няма! Але кагосьці не адпусцілі з-за ўдзелу ў мясцовых мерапрыемствах, камусьці не дапамаглі фінансава, а хтосьці "не дацягваў" да патрэбнай планкі. Відавочна адно: будзе больш калектываў на месцах - больш будзе і выбару. Да таго ж, да намінацый "Аматарскія аркестры" і "Муніцыпальныя" ў будучым маглі дадацца б і ансамблі, як тое было раней. У гэтым пераканала выступленне пад маім кіраўніцтвам ансамбля трубачоў "Festivo" пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў. Калектыў добра прымалі гледачы, ён атрымаў Дыплом за мастацкі ўзровень канцэртнай праграмы.

 - Мы працуем над тым, каб фестываль абнаўляўся, - падвёў вынік член аргкамітэта, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Іван Галабурда. - Радуе і зацікаўленасць мясцовых улад: старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі прысутнічаў на гала-канцэртах. А Баранавіцкі гарадскі канцэртны духавы аркестр на чале з Васілём Прадуном, які стаў абсалютным пераможцам, і ўвогуле можна назваць адным з лепшых у рэспубліцы! Нашы замежныя госці адзначалі, як добра наладжана ў нас сама сістэма існавання і развіцця аматарскіх калектываў. Змястоўнай атрымалася і творчая лабараторыя, на якой вялася зацікаўленая размова пра перспектывы фестывалю і духавога выканальніцтва. Пэўна, надалей у межах свята будуць больш шырока закранацца і эстрадныя, і джазавыя кірункі ў рэпертуары духавых аркестраў, выконвацца музыка беларускіх аўтараў.


На здымках: моманты свята на вуліцах і стадыёне Баранавічаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"