Дарога з “другога плана” праз Парк валуноў

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Воранаўшчына: дывідэнды ад любоўнага трохкутніка

/i/content/pi/cult/325/5872/12-2.jpg

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз

Наша газета неаднойчы пісала пра сферу культуры Воранаўшчыны, пра мясцовыя самабытныя калектывы. Апошняя публікацыя пра новыя тыпы ўстаноў культуры раёна з'явілася амаль два гады таму, калі сённяшні начальнік аддзела культуры толькі прыступіў да працы. Дарэчы, са зместам тагачаснай крытычнай публікацыі ён цалкам пагадзіўся, прыняўшы артыкул як кіраўніцтва да далейшага дзеяння. За той час у сферы раённай культуры змянілася многае. Аддзел, як падаецца, стаў больш ініцыятыўным, больш дзеяздольным. Аднак за гэтыя гады ўзніклі і новыя праблемы.

Народ пытаецца і прапануе

 "Як прывучыць народ да платных паслуг?"

Гэтае пытанне мне задавалі ледзь не ў кожнай установе культуры, якія наведаў цягам камандзіроўкі. Кожнаму з работнікаў галіны абяцаў, што давяду праблему мясцоваму кіраўніцтву. Меркаванне раённых улад вы прачытаеце ў тэксце "лятучкі". Натуральна, апроч "пазабюджэтнага" пытання, жыхары Воранаўшчыны ўзнімалі і іншыя праблемы.

Ганна Кейзо, загадчык Жырмунскага філіяла раённага Цэнтра рамёстваў:

- Вырабляем неблагую кераміку, якая карыстаецца попытам, а вось муфельнай печы не маем. Вырабы на абпал даводзіцца вазіць у Воранава. Вельмі нязручна...

 Галіна Станкуць, дырэктар СДК аграгарадка "Пераганцы":

- У камп'ютарнай базе ўтрымліваем фотахроніку ўсіх клубных мерапрыемстваў. Для таго, каб гэтая справа доўжылася бесперапынна, клубу патрэбны лічбавы фотаапарат...

Аляксандр, рабочы з вёскі Больцінікі:

- Даўно чуў, што ў нашай вёсцы з'явіцца буйны турыстычны комплекс і што дапамагаюць нам у гэтым замежнікі. Як рухаецца справа?..

Ніна Пятроўна, жыхарка гарадскога пасёлка Воранава:

- Наш райцэнтр, напэўна, адзін з нямногіх у рэспубліцы, што не мае пакуль свайго музея. Шкада...

Навучэнцы Радунскай гімназіі:

- Ведаем пра ідэю стварэння Парку валуноў. Нават самі бяром удзел у рэалізацыі праекта: адшукваем па раёне найбольш цікавыя камяні. Калі будзе рэалізаваны гэты цікавы праект?..

 Намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Мечыслаў УЛЯШКА яшчэ ўчора быў у адпычынку, а сёння з неадкладнымі пытаннямі да свайго куратара ў прыёмнай "выстраіліся" начальнікі аддзелаў адукацыі і сацыяльнай абароны. Мы з начальнікам аддзела культуры Сяргеем КАМЯНКОМ трапілі на прыём, так бы мовіць, пазаспісачна.

 Яўген РАГІН: /i/content/pi/cult/325/5872/12-3.jpg

- Цягам апошніх пяці гадоў, Мечыслаў Іванавіч, наша газета наведвае Воранаўшчыну з зайздроснай перыядычнасцю. На мой погляд, станоўчая дынаміка развіцця вашай сферы культуры - відавочная. Асабліва выніковым, як падаецца, стаў мінулы год. Да прыкладу, менавіта на Воранаўшчыне я ўпершыню ўбачыў ледзь не ў кожнай сельскай клубнай установе (а ўсяго іх 24) камп'ютарную тэхніку. У іншых рэгіёнах Беларусі клубнікі пра гэта толькі мараць. Поспех - неаспрэчны, але і праблем дастаткова. Якія з іх лічыце найбольш надзённымі?

 Мечыслаў УЛЯШКА:

 - Галоўная праблема, напэўна, тычыцца матэрыяльнай базы. Інакш кажучы, турбуе стан пэўных устаноў культуры. І прычына тут вось у чым. Калі працавалі над рэалізацыяй Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, асноўную ўвагу ў сацыяльнай сферы звярнулі на ўстановы адукацыі і медыцыны. Культура, скажу шчыра, засталася на "другім плане"... Давялі да ладу школы, дзіцячыя садкі, ФАПы, амбулаторыі, а на ўстановы культуры глядзець не вельмі прыемна.

Яўген РАГІН:

- За час камандзіроўкі наведаў вёскі Жырмуны, Бастуны, Тракелі, Пераганцы, Навіянка, Больцінікі, Гайцюнішкі, гарадскі пасёлак Радунь. У тамтэйшых бібліятэк і клубаў хай і не шыкоўны, але досыць прыстойны выгляд...

Мечыслаў УЛЯШКА:

- І вобласць дапамагае, і рэспубліка. Але імкнёмся выкарыстоўваць для паляпшэння матэрыяльнай базы свае, раённыя, грашовыя сродкі. Працягваем рамонт клубнай установы ў Місевічах. У Канвелішскім СДК будзем даводзіць да ладу ўнутраныя памяшканні. Своеасаблівыя задумкі ёсць па клубе ў Больцініках.. Карацей, гэтыя тры аб'екты засталіся пераходнымі.

Яўген РАГІН:

- Але пакрысе ад "дзяржпраграмных" даўгоў пазбаўляецеся... Разумею так, што 2010-ы для начальніка аддзела культуры, які працуе ўсяго два гады, стаў сапраўды выпрабавальным. Выдаткі па Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла засталіся, але леташнія зрухі пераконваюць: аддзел - самадастатковы...

Сяргей КАМЯНОК:

 - Мінулы год, лічу, быў сапраўды прарыўным. Выкарысталі на рамонтна-будаўнічыя работы больш за 1 мільярд рублёў. На Канвелішскі СДК пайшло 107 мільёнаў, Больцініцкі - 218, Місевіцкі - каля 300 мільёнаў рублёў. 180 мільёнаў асвоілі на рамонце даху Воранаўскай ДШМ, 50 - на замене вокнаў. На бягучы рамонт Радунскага ГДК выкарыстана 50 мільёнаў рублёў.

Мечыслаў УЛЯШКА:

- Палова гэтых грошай - з раённага бюджэту.

Сяргей КАМЯНОК:

- Дадам, што летась Дзіцячая школа мастацтваў у Радуні перабралася ў новы будынак, які адрамантавала наша гаспадарчая група.

Мечыслаў УЛЯШКА:

 - Я пагаджаюся, што мінулы год быў насамрэч прарыўным. Тут, неспрэчна, вялікая заслуга нашага былога старшыні райвыканкама Аляксандра Астроўскага. Сённяшні старшыня Мікалай Розум таксама цудоўна разумее сітуацыю і як можа дапамагае сферы культуры.

Яўген РАГІН:

- Цягам апошняга часу "К" адсочвала на Воранаўшчыне работу аж трох начальнікаў аддзела культуры. Як вам, Мечыслаў Іванавіч, апошні начальнік?

 Мечыслаў УЛЯШКА:

- Я сказаў бы, што першы год працы ў яго быў годам пошуку. Цяпер Сяргей Аляксандравіч добра ведае людзей і тое, на чым трэба сёння канцэнтраваць увагу... Калі я сыходзіў у адпачынак, за работу аддзела культуры не хваляваўся... Галоўнае для яго кіраўніка- падбор кадраў і стварэнне ўмоў для іх эфектыўнай дзейнасці.

Яўген РАГІН:

 - Ну, дзейнасць іншым разам не надта эфектыўная. Леташні план па аказанні платных паслуг выкананы на 99,3 працэнта...

 Сяргей КАМЯНОК:

 - У параўнанні з іншымі раёнамі Гродзеншчыны згаданы план у нас, на мой погляд, крыху завышаны: 300 мільёнаў рублёў. А насельніцтва на Воранаўшчыне - толькі сельскае. І людзі прызвычаіліся, што культурная паслуга - бясплатная. Змяніць такі светапогляд надзвычай цяжка. Спрабуем, безумоўна. Па выніках чатырох месяцаў гэтага года пры даведзеным плане 105 працэнтаў выконваем яго на 111 працэнтаў. Але баюся, што ўсе нашы пазабюджэтныя высілкі не заўжды станоўча паўплываюць на якасць мерапрыемстваў. Але пытанне гэтае, безумоўна, трэба вырашаць не на раённым узроўні.

Яўген РАГІН:

- З апошняй высновай мо і пагаджуся. А наконт таго, што да платных клубных паслуг у свой час не "прывучылі", хачу вось што зазначыць. Колькі гадоў таму пры наведванні мной Ашмяншчыны і кіраўнікі раёна, і начальнік аддзела культуры запэўнілі: да платных паслуг яны прывучалі насельніцтва даўно і планамерна... Мечыслаў Іванавіч, як ставіцеся да такой стратэгіі? На мой погляд, час тут, на Воранаўшчыне, крыху ўпушчаны...

Мячыслаў УЛЯШКА:

- Цяжка тут штосьці адказаць... Мо ў нейкай ступені вінавата і кіраўніцтва раёна. Сяргей Аляксандравіч не дасць схлусіць, што ўстаноўка была наступная: мерапрыемствы з нагоды прафесійных святаў праводзіць бясплатна. Напэўна, гэта не зусім правільны падыход: за адны канцэрты мы грошы патрабуем, за другія - не...

 Сяргей КАМЯНОК:

- Але тэндэнцыя змяняецца. Сёлета ўсе карпаратыўныя святы мы ладзілі на платнай аснове.

Мячыслаў УЛЯШКА:

- Дадам, што ў сельскагаспадарчых арганізацыях штогод праходзяць справаздачна-выбарчыя сходы, і сёлета мы звярнуліся да кіраўніцтва гэтых арганізацый, каб заключаліся дамовы з сельскімі ўстановамі культуры на аплату мерапрыемстваў, якія ладзяцца пад час сходаў. Гэта не надта вялікія, але стабільныя пазабюджэтныя грошы.

 Яўген РАГІН:

- Сельскія ўстановы культуры абсталяваны, як мне падаецца, вельмі прыстойна, прынамсі, лепш, чым РДК у Воранаве і ГДК у Радуні. Пра камп'ютары ў вясковых клубах я ўжо казаў. Апрача таго, маецца тут неблагая музычная апаратура, нават тры газонакасілкі ёсць. І ўсё набыта збольшага за пазабюджэтныя сродкі...

Сяргей КАМЯНОК:

 - На іх цяпер - асноўны спадзеў. Іншая справа, калі план па платных паслугах становіцца фізічна неадольным, а напружаная рэалізацыя яго адбівае ў работнікаў культуры ахвоту думаць творча, выступаць з крэатыўнымі ініцыятывамі.

 Яўген РАГІН:

- Муфельную печ, якой не хапае ў Жырмунскім філіяле РЦР, набываць будзеце менавіта за пазабюджэт?

Мечыслаў УЛЯШКА:

 - Такая печ ёсць у адной з агульнаадукацыйных школ. Яна там не выкарыстоўваецца, трэба перадаць яе ў Жырмуны.

Яўген РАГІН:

 - Выйсце - аптымальнае. Але я прадоўжу гаворку пра пазабюджэтную дзейнасць у аспекце турыстычнага развіцця раёна... Воранаўшчына цікавая тым, што плошчай сваёй выцягнута яна ўздоўж літоўскай мяжы больш чым на сто кіламетраў. Ёсць усе магчымасці для сістэмнага развіцця не толькі пазабюджэтнай, але і інвестыцыйнай дзейнасці. І я з радасцю даведаўся, што ў вашага аддзела культуры калісьці ўзнікла ініцыятыва культурнага трансгранічнага супрацоўніцтва з літоўскім горадам Алітус...

Мечыслаў УЛЯШКА:

- Мы разам падрыхтавалі праект па выкарыстанні сядзібы ў Больцініках.

Яўген РАГІН:

- Вёска ўжо цяпер лічыцца турыстычным брэндам Воранаўшчыны.

Сяргей КАМЯНОК:

 - Але матэрыяльных падстаў, ці дакладней - інфраструктуры для гэтага няма пакуль аніякай. Мы прапанавалі Алітусу сумесна правесці Міцкевічаўскі фестываль. У выніку перамоў прыйшлі да высновы, што неабходна добраўпарадкаваць парк, рэканструяваць маёнтак Путкамера. Праект (усе дакументы мы рыхтавалі пры дапамозе літоўскага боку) разглядаецца цяпер у адпаведных структурах Еўрасаюза. Спадзяёмся, што на закупку апаратуры, касцюмаў і ўладкаванне сцэны нам будзе выдаткавана, згодна з праектам, 35 тысяч еўра. Калі ўсё атрымаецца, да ўдзелу ў фестывалі мы будзем запрашаць Украіну, Польшчу, Расію. Праект, як кажуць, доўгатэрміновы, і ў перспектыве - бюджэтаўтваральны.

Яўген РАГІН:

- Маёнтак графа Путкамера, дзе месцяцца цяпер сельская бібліятэка, колішнія гаспадарчыя прыбудовы, дамок для прыслугі, стайня і старасвецкі, амаль некрануты, парк, проста ўражвае сваёй першароднасцю і прыгажосцю. Ды плюс да ўсяго рамантычная гісторыя пра любоўны трохкутнік Верашчака- Міцкевіч - Путкамер... Маю на ўвазе тое, што рэалізацыя задуманага прынясе гарантаваныя дывідэнды.

/i/content/pi/cult/325/5872/12-4.jpgМечыслаў УЛЯШКА:

- Нават губернатар зацікавіўся Больцінікамі... Мяркуем правесці там добраўпарадкаванне ваколіц возера. Будынак запатрабуе немалых грашовых укладанняў. Дамок прыслугі цяпер жылы. Старшыня мясцовага СВК пагаджаецца даць яго сённяшнім жыхарам кватэры, каб ператварыць аб'ект у гасцініцу. У былым вадзяным млыне паблізу ўрочышча "Гаёк" (а менавіта там таемна сустракаліся Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака) з'явіцца "старажытная" кавярня, а ў парку - плітачныя сцежкі... Патрэбна 2,5 мільярда рублёў, каб прыступіць да такой працы.

Яўген РАГІН:

- Пад час паездкі па раёне заўважыў, што прыдарожны сэрвіс у вас практычна адсутнічае. Якія стасункі ў райвыканкама з прыватным бізнесам?

 Мечыслаў УЛЯШКА:

- Сёлета на аўкцыён быў выстаўлены зямельны ўчастак на так званым Бастунскім перакрыжаванні. Там з'явяцца неўзабаве і кавярня, і гасцініца. Словам, ідзём насустрач любой разумнай ініцыятыве прыватніка. На сёння шостая аграсядзіба ў раёне будуецца.

Яўген РАГІН:

 - Ксёндз у вёсцы Беняконі нават маленькі заапарк утрымлівае. Ваша літоўскае прымежжа і блізкасць да "замкавых" Навагрудка і Ліды ствараюць самыя спрыяльныя ўмовы для турыстычнага вектара дзейнасці. Наколькі ведаю, у аддзела культуры ёсць прыкідкі і па ўключэнні ў будучы турмаршрут гарпасёлка Радунь...

Сяргей КАМЯНОК:

- Так. У Радуні знаходзіцца колішняя яўрэйская іешыва (школа), дзе працаваў сусветна вядомы праведнік і філасаф Хафец Хаім. У іешыве размешчаны сёння наш ГДК, які практычна штотыднёва сустракае гасцей з ЗША, Ізраіля, Польшчы, Вялікабрытаніі... Вельмі хацелася б, каб Радунь, як і Больцінікі, стаў месцам журналісцкага буму.

Яўген РАГІН:

- І Больцінікі, і Радунь, і Гайцюнюшкі, дзе ва ўнікальным доме-крэпасці месціцца цяпер рэспубліканская клініка, ужо сталі месцамі пільнай турыстычнай увагі. На бальнічнай прахадной у Гайцюнюшках мы бачылі рэгістрацыю наведвальнікаў, што завітвалі сюды, каб палюбавацца адмысловай архітэктурай дома-крэпасці: там ёсць запісы людзей, якія жывуць ледзь не ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза і ў ладнай палове краін Еўропы... Турыст, словам, пра ўсе вашы гістарычна-архітэктурныя цікавосткі ўжо добра ведае. А інвестар?

 Мечыслаў УЛЯШКА:

 - Летась у аблвыканкаме адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ізраільскага грамадскага аб'яднання іудзеяў. Іх цікавілі два аб'екты ў Радуні: ішыва і могілкі, дзе пахаваны Хафец Хаім. Прадстаўнік абласнога ўпраўлення спорту і турызму наведаў Ізраіль, дзе ішла канкрэтная гаворка пра тое, што мы можам выдаткаваць у арэнду паўтара гектара зямлі агульнага карыстання, дзе нашы партнёры жадаюць размясціць музей Хафеца Хаіма, рэстаранчык, гасцінічны комплекс... Натуральна, мы ўсяляк падтрымліваем інвестарскае жаданне развіваць інфраструктуру Воранаўскага раёна. Да справы падключыліся міністэрствы замежных спраў, спорту і турызму, Гродзенскі аблвыканкам, нават кампанія "Белавія", бо будучы аб'ект стане сапраўды месцам сусветнага паломніцтва... Дадам, што будучы музей размесціцца на нашай зямлі, інакш кажучы, стане нашай уласнасцю, і таму справа знойдзецца і для нашых работнікаў культуры.

Яўген РАГІН:

- Ваш раён можна прыводзіць у прыклад таго, што сённяшні час - час ініцыятыў...

 Сяргей КАМЯНОК:

- Чарговая з іх - Парк валуноў у Радуні. Прапанаваў ідэю краязнаўца і выкладчык гісторыі Іван Фісенка. Валуноў на тэрыторыі раёна - процьма. Парк плошчай у гектар сваімі абрысамі будзе паўтараць форму раёна, а камянямі пазначым населеныя пункты і гісторыка-культурныя аб'екты. Любы ахвотны за паўгадзіны зможа пазнаёміцца з мініяцюрнай Воранаўшчынай.

Мечыслаў УЛЯШКА:

- Справа - агульная, да яе падключаны аддзелы культуры і адукацыі. А рэалізуем праект у самы бліжэйшы час.

Яўген РАГІН:

- Адна з праблем воранаўскай культуры звязана з адсутнасцю краязнаўчага музея...

Сяргей КАМЯНОК:

- Шкада, але гэта так. Гісторыя багатая, ёсць што паказаць, а музея - няма... Разам з былым старшынёй райвыканкама і гісторыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта мы вызначылі месца, дзе ў перспектыве размесціцца наш музей - былая панская сядзіба, што знаходзіцца на ўскрайку Воранава. Сёлета сіламі гаспадарчай групы плануем выкарыстаць на пачатковыя работы каля 60 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту.

Мечыслаў УЛЯШКА:

- Праектаў у нас шмат, работы ў сферы культуры - таксама. Хачу паўтарыць, што кіраўніцтва райвыканкама трымае сітуацыю пад кантролем і робіць усё магчымае, каб вырашыць праблемы.

Дэталь да агульнай карціны/i/content/pi/cult/325/5872/12-1.jpg

Дзве Галі, Рэгіна і Наташа

У Пераганцаўскім СДК дырэктарам - Галіна Станкуць, а мастацкім кіраўніком - Галіна Цевель. Леташні план па аказанні платных паслуг аграгарадоцкая ўстанова з поспехам выканала, зарабіўшы на дыскатэках і канцэртах амаль чатыры з паловай мільёны рублёў. Да таго, што ўсе паслугі ў культуры - платныя, дзяўчаты сваіх наведвальнікаў хоць і не без цяжкасцей, але прывучылі. На дапамогу прыйшло тое, што прынята называць крэатывам.

Па-першае, Галіны шчыльна супрацоўнічаюць з намеснікам старшыні мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства Янам Эйсмантам. Матэрыяльная падтрымка з боку РУСП "Саўгас "Воранаўскі" - гарантавана.

Па-другое, СДК аграгарадка "Пераганцы" ладзіць сумесныя мерапрыемствы з суседнім СК вёскі Навіянка. Загадчыкам тут - Рэгіна Мерава, а мастацкім кіраўніком - Наташа Адамовіч. Дзве ўстановы дзейнічаюць у межах аднаго сельсавета, таму і інтарэсы ў іх- аднолькавыя. Дзве Галіны, Рэгіна і Наташа днямі правялі ў Пераганцах тэатралізаваны конкурс старшакласніц дзвюх вёсак. Мерапрыемства - з ліку нестандартных, таму і карысталася ў наведвальнікаў немалым поспехам. Чарговае мерапрыемства чацвёрка крэатыўшчыц плануе правесці на сцэне ў Навіянцы...

Хтосьці запярэчыць: маўляў, хіба ж вялікае дзіва - узаемадзеянне дзвюх клубных устаноў! Між тым, узаемадзеянне такое, як паказвае журналісцкая практыка, даволі рэдкае. А шкада, бо менавіта ў ім - адзін з нявыкарыстаных рэзерваў сістэмнай пазабюджэтнай дзейнасці.

 

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Воранаўскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"