Сад Нэмэна з ініцыятывай

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Калі Вера САВІНА, сцэнарыст шматлікіх дакументальных фільмаў, прысвечаных выбітным постацям нашай культурнай прасторы, зазірнула днямі ў рэдакцыю, падумалася: яна збірае вакол сябе людзей не толькі стужкамі, але і заўсёднымі ідэямі, творчай прадпрымальнасцю ў рэалізацыі самых нечаканых праектаў з канкрэтным вынікам. І вось — новы: яна дамовілася са сталічным Батанічным садам аб удзеле яго спецыялістаў у чэрвеньскіх пасадках кветак і дрэў каля Клуба-музея Чэслава Нэмэна ў Старых Васілішках — ацалелага роднага дома знакамітага музыканта — ураджэнца Беларусі. Прычым гэта не першая арганізацыя, што з ахвотай далучаецца да інцыятывы, якую рэалізуе мясцовая і сталічная грамадскасць у Шчучынскім раёне Гродзеншчыны. І рэалізуе паспяхова: наведанне новай установы культуры (прэзентацыя яе адбылася ўсяго колькі месяцаў таму) стала ўваходзіць у шэраг турыстычных маршрутаў айчынных ды польскіх аператараў. На чарзе — стварэнне апякунскага савета. Тэма іх узнікнення сёння як ніколі актуальная ў сферы культуры. Пра тое, як развіць ініцыятыву ў рэгіёнах, якія крытэрыі ацэнкі твораў мастацтва прымаць пад увагу пры выхадзе на міжнародны ўзровень, праз што актуалізавацца культурнаму складніку ў сучаснай тэлепрасторы, разважае Вера Савіна, дыялог з якой вядзе драматург Алена Папова.

/i/content/pi/cult/325/5868/11-1.jpg

І з апякунскім саветам

- Ты заўжды была чалавекам, які захапляецца сваімі героямі. І, наколькі разумею, апошнім па часе захапленнем стала асоба ўраджэнца Беларусі Чэслава Нэмэна - бадай, найзнакамітага польскага музыканта ХХ стагоддзя. А фільм пра Чэслава Нэмэна атрымаў назву "Гэты дзіўны свет"...

- Паводле назвы яго самай знакамітай песні. У 1976-м, калі Нэмэн выступаў у мінскім Палацы спорту, я, зусім яшчэ пачаткоўка, брала ў яго інтэрв'ю. Праўда, тады яно нікуды не пайшло...

- І праз столькі гадоў...

- ...Мы знялі фільм пра творцу. Карціну пра любоў: да радзімы, бацькоўскага дому, кветак, дрэў, ракі - пра тое, аб чым усё жыццё спяваў Чэслаў Нэмэн. І ён заўжды заставаўся верны сваім Старым Васілішкам, дзе пражыў дваццаць гадоў, ніколі не забываўся, адкуль ён.

- Стужка была вельмі добра прынята. Пасля ты ўзяла самы актыўны ўдзел у стварэнні Клуба-музея Чэслава Нэмэна ў Старых Васілішках. Яго дырэктар Уладзімір Сінюта так і напісаў у адной з мясцовых газет: "Найбольшы ўклад у адкрыццё музея ўнесла мінчанка Вера Савіна"...

 - У фільма быў вялікі рэзананс, шмат рэцэнзій у беларускай (у тым ліку ў "Культуры"), і польскай прэсе. Увогуле ж, калі я ўпершыню пабачыла гэты дом, дзе нарадзіўся і шмат гадоў жыў Чэслаў Нэмэн, унікальны талент, што паядноўвае культуру народаў, зразумела: сядзібу трэба ратаваць, бо і гэта таксама астравок айчыннай найноўшай гісторыі, наша духоўнае багацце, наш капітал. Ну, і пачала неяк дзейнічаць, усіх разварушваць. Гэтак фільм вырас у праект. Музей папаўняецца новымі экспанатамі, уключаны ў турыстычныя маршруты, але, мусіць, найбольш важна іншае: з'явілася вялікая група энтузіястаў, гатовая бескарысліва падтрымліваць памяць пра Чэслава Нэмэна. Вось цяпер хочам прывесці ў парадак палісаднік каля дома, сад Выджыцкіх (сапраўднае прозвішча Нэмэна), займаемся фарміраваннем апякунскага савета.

Дарэчы, у Старых Васілішках ёсць унікальны касцёл, дзе хрысцілі будучага артыста, дзе ён спяваў у хоры. Мне нават здаецца, што якраз там ён упершыню судакрануўся з высокімі энергіямі, адтуль вытокі яго чысціні і спавядальнай творчасці. Чаму кажу пра гэты помнік даўніны? На пачатку ХХ стагоддзя касцёл пабудаваны на ахвяраванні жыхароў Васілішак. І мне падаецца, што стаўленне да Дома-музея Чэслава Нэмэна можа быць такой жа высакароднай справай, аб'ядноўваючы і актывізуючы яго прыхільнікаў. Уласна, гэта і адбываецца, ствараецца яшчэ адна традыцыя.

Натхніцца на Лангбарда - Ты нарадзілася ў Туле...

 - Але з першых месяцаў жыцця - у Мінску. Гэта мой родны горад, з якім, так склалася, і звязаны ўвесь мой лёс.

- І вучылася ты ў 21-й сталічнай школе, як, дарэчы, і я. А яна размешчана непадалёк ад Вялікага тэатра. Мо з тых часоў і выспявала ідэя фільма пра архітэктара Іосіфа Лангбарда?

 - З Вялікім у мяне, наогул, звязана вельмі многае. Мой бацька быў салістам оперы, а першае наша жыллё ў Мінску- грымёрка ў тэатры акурат насупраць выхада на сцэну. Я, дарэчы, не хадзіла ў дзіцячы садок, таму на спектаклях і рэпетыцыях знаходзілася пастаянна. На памяць ведала арыі, уверцюры, цэлыя фрагменты з "Рыгалета", "Аіды", "Яўгенія Анегіна". Гэта ўсё настолькі ўплецена ў маё дзяцінства...

- І ўлюбёная музыка, вядома ж...

 - Вядома ж, оперная. Да гэтае пары. Я чула яе нават дома. Мы ж і пасля жылі непадалёк ад тэатра. Уяві, прыходжу са школы, вокны расчынены, на ўвесь квартал, гучаць залатыя галасы беларускай опернай сцэны: Зіновій Бабій, Аркадзь Саўчанка, Віктар Чарнабаеў... Тата - за раялем... Аднак я любіла толькі слухаць: заняткі ў музычнай школе былі для мяне катаваннем. І, дарэчы, пасля, калі я стварала праграмы, фільмы, мне былі цікавыя артысты не ў побыце, а ў моманце творчасці і чараўніцтва, калі яны ператвараюцца ў Атэла, Ленскіх, Гамлетаў, Аід...

Тэатр плюс ТБ. Без гламуру

- Мы ж з табой пазнаёміліся пасля прэм'еры маёй п'есы "Хуткія цягнікі" ў віцебскім Коласаўскім тэатры. Ты тады працавала на тэлебачанні...

- Так, у літаратурна-драматычнай рэдакцыі.

- Дзіцем я глядзела ў старым будынку ля набярэжнай першыя трансляцыі з Масквы. Маленькі экран, пакой забіты людзьмі... Гэта ж было ў навінку. А пасля - два каналы...

- Так, ЦТ і наш, беларускі.

 - Усяго два. А папулярнасць тэлебачання была - каласальная!

- Я любіла гэтую працу. Апрача ўсяго, тэлебачанне - мабільнае, хутка бачыш вынік. І больш позняе дакументальнае кіно, фільмы-партрэты з'явіліся якраз з падобнага вопыту. Калі пастаянна існуеш у прафесіі, многае з таго, з чым сутыкае жыццё, можа стаць стужкай.

 - Я памятаю, ты была вельмі мілавідная, бландзінка з блакітнымі вачыма. Але гледзячы на цябе, я чамусьці прыгадвала казачную Мальвіну: ты, як і яна, заўжды падавалася нейкай сур'ёзнай. Але ў Мальвіны былі блакітныя валасы, і вось яно, маё першае ўражанне: "дзяўчына з блакітнымі валасамі". Потым, з цягам часу, я стала заўважаць, што вакол цябе заўжды нейкі рух. Дарэчы, у цябе была таўшчэзная кніга...

- У яе я заносіла кантакты!

- У гэтым мне бачыцца не толькі прафесія, а - характар. А запісваць у той "кандуіт" было што! Практычна кожнае лета ў Мінск на гастролі прыязджалі найбуйнейшыя тэатры. І шмат аб кім з іх артыстаў і рэжысёраў ты рабіла перадачы ды сюжэты...

 - Кожнае гастрольнае лета было надзвычай насычаным! А вось за цыкл "Народныя тэатры рэспублікі" я ўзялася з вялікай неахвотай. А пасля так іх палюбіла - не менш, чым праграмы пра вядучых майстроў тэатра! Камандзіроўкі былі па ўсёй рэспубліцы. А як артысты-аматары ставіліся да сваіх роляў! У асноўным, гэта былі сельскія інтэлігенты - настаўнікі, бібліятэкары, урэшце - людзі самых розных прафесій. І паўставалі перад вачыма сапраўдныя адкрыцці характараў, лёсаў, гісторый. Увогуле ж, на тэлеэкране пастаянна - усе тэатральныя падзеі рэспублікі: прэм'еры, юбілеі, творчыя вечары... Ведаеш, мы тады не забаўлялі гледачоў, гэтыя сустрэчы з артыстамі не былі гламурнымі: мы імкнуліся падарыць радасць сваім прыхільнікам, бо ў рэспубліцы далёка не кожны мог трапіць на сталічныя імпрэзы. А ўвогуле, з тэмай тэатра я і сёння звязана непарыўна. Вось адзін з маіх апошніх дакументальных фільмаў - "Мама": пра народную артыстку СССР Галіну Макараву. Ён сатканы з тых тэатральных уражанняў, уражанняў дзяцінства - мы даўно былі з ёй знаёмыя...

- Пару гадоў таму ты зняла Бэлу Ахмадуліну ў дакументальнай карціне пра Пушкіна "Благословите посетить обитель". Мо камусьці яна і адмовіла б, але ты знайшла падыход, ад чаго стужка набыла дадатковую каштоўнасць... І натуральнае пытанне зараз: хто твае любімыя аўтары?

- Пушкін, канешне. А ўвогуле- англічане: Шоу, Уайльд. І неверагодны беларускі паэт Міхась Стральцоў.

Што ў цане?

- У часы перабудовы ты не проста выязджала за мяжу, але - арганізоўвала падзеі, што прэзентавалі айчыннае мастацтва. Давялося заводзіць новы сшытак для кантактаў?

- З'явілася багата новых нататнікаў, але большасць тэлефонаў ведаю на памяць. Ва ўніверсітэце вучылася разам з францужанкамі, ды і з дзяцінства крыху ведала французскую. Мы сябруем і па сёння. Але я ніколі не падумала б, што паеду да іх. Тады і ўзніклі ідэі сумесных праектаў.

- Адзін з іх - "Францыя плюс "Форма"?

- Так, выстаўка пад такой назвай адбылася ў 1990-м у Маскве, Мінску, Віцебску і французскім Німе з удзелам французскіх і беларускіх мастакоў-авангардыстаў з групы "Форма". Былі каталог, аўкцыён, добрая прэса, а таксама паездкі па музеях Лазурнага берага: Марка Шагала, Фернана Лежэ, наіўнага і сучаснага мастацтва. Пашыраліся і прафесійныя кантакты...

 - Праект сапраўды атрымаў вядомасць, у многіх мастакоў ён змяніў творчы лёс... Пасля, я ведаю, ты шмат працавала над арганізацыяй выставак у Галандыі, Польшчы...

- Для мяне заўжды цікава тое, наколькі па-рознаму ўспрымаюць беларускае выяўленчае мастацтва ў замежжы. У Францыі выклікаюць інтарэс авангард і больш маладыя жывапісцы, у Галандыі галерэйшчыкі звяртаюць увагу на творы сацрэалізму, работы нашых класікаў пэндзля. Тое не дзіва: падобнага кірунку ў іх не існавала. А пасля ўдалося зладзіць паспяховы фестываль беларускіх і расійскіх фільмаў у невялікім галандскім мястэчку. Стужкі сталі адкрыццём для тамтэйшай публікі, паколькі там найперш ведаюць галівудскае кіно. Дарэчы, на тыя паказы прыехала нямала суайчыннікаў з усёй Галандыі, а таксама з Германіі і Бельгіі.

- Ты ніколі не здраджвала сваёй улюбёнай справе: распавядаць іншым пра творчых асоб. Сышоўшы з тэлебачання, пісала сцэнарыі для дакументальных фільмаў, і дыяпазон карцін- надзвычай шырокі: ад стужкі пра вядомага мастака Барыса Заборава да лірычнай замалёўкі "Анёл мой...". Зрэшты, да апошняй работы ў цябе, здаецца, асаблівае стаўленне?

- Так, бо гэты фільм - першы і надзвычай дарагі. Здымалі яго ў Кактэбелі - паэтычным месцы з унікальнай аўрай. У аснове стужкі - мая перапіска з яго гераіняй- мастачкай-аматаркай Нінай Канавалавай. Такіх чароўных людзей, як яна, сапраўды мала. Гэта рэдкая і каштоўная парода. Пра іх хочацца апавядаць бясконца.

Гутарыла драматург Алена ПАПОВА

На здымку: Вера Савіна.