Выстаўка твораў Васіля Мініча (1949 - 2008 гг.) праходзіць у рамках праграмы Гарадской галерэі твораў Л.Шчамялёва "Memorum", што падтрымлівае памяць аб мастаках Беларусі, якія пайшлі з жыцця.
У высакароднай справе захавання Памяці праграма, нагадаем, аб'ядноўвае сваякоў і сяброў памерлых мастакоў, калекцыянераў, журналістаў, гісторыкаў беларускай культуры і нашу галерэйна-музейную публіку - гледачоў.
Васіль Мініч нарадзіўся на Палессі ў вёсцы Сукачы Жыткавіцкага раёна, у маляўнічых мясцінах, што ў многім паўплывала на выбар ім далейшага шляху ў творчасці. У асяроддзі ўражальнай прыроды Палесся будучы жывапісец фарміраваўся як творчая асоба з дзяцінства, і да канца жыцця ўпадабанай тэмай Васіля Віктаравіча была прырода ягонай радзімы.
У 1972 годзе ён паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча і з поспехам скончыў яго ў 1976-м. Цягам трыццаці гадоў прапрацаваў мастаком-афарміцелем у Гарадскім доме культуры Дзяржынска Мінскай вобласці. Удзельнічаў у штогадовых рэспубліканскіх выстаўках, а ў 1985 г. адбыўся яго першы персанальны паказ - у Дзяржынскім гісторыка-краязнаўчым музеі, - і там жа, у 1990-м, - другі. Сёння ягоныя карціны знаходзяцца ў фондах Дзяржынскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея і ў шматлікіх калекцыях Беларусі ды замежных краін.
У экспазіцыі - палотны жывапісца як са збору яго сям'і, так і з прыватных калекцый. Прадстаўлены як раннія, так і апошнія работы аўтара, што дазваляе ахапіць у цэлым творчы шлях майстра. Усе пейзажы Васіля Мініча аб'ядноўвае імкненне перадаць прыгажосць роднай прыроды, убачанай праз эмацыянальную прызму ўласнага ўспрымання.
Марыя МІНІЧ, мастацтвазнаўца, куратар выстаўкі