Хіт-парад: Нясвіж — Мір

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Музычна-турыстычныя маршруты

/i/content/pi/cult/325/5863/7-3.jpg

 Нястомныя музыканты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з апантаным кіраўніком- народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам чарговы раз звязалі ў нашай свядомасці Мір і Нясвіж не толькі архітэктурнымі, але і музычнымі помнікамі мінулага, далёкага і нядаўняга. Сёлетняе "суседства" гэтых фестываляў па часе правядзення, з разбежкай усяго ў тыдзень, ніяк не адбілася на адметнасці іх праграм. Маэстра, як звычайна, не паўтарае аднойчы зробленага, а крочыць наперад.

А калі асобныя творы і гучаць неаднаразова, дык менавіта таму, што гэты калектыў і яго шматлікія камерныя склады не толькі адшукваюць ды вяртаюць у канцэртную практыку забытыя рарытэты, але і складаюць іх своеасаблівы "хітпарад", вылучаючы "самае-самае", годнае максімальнай папулярызацыі. Такой, каб гэтыя мелодыі ўсе ведалі на памяць, як знакаміты Паланэз Агінскага.

Шчыльнае злучэнне такіх фестываляў з асветніцкім і навуковым кірункамі даўно ўжо стала аксіёмай. Паказальна, што тэмай навуковых даследаванняў сталі ўжо і самі гэтыя святы - у іх адпаведнасці найноўшым сусветным тэндэнцыям фестывальнага руху. Ды і так відавочна: падобныя фестывалі ў малых гарадах могуць быць накіраваны не толькі на асветніцтва і развіццё духоўнасці, але і на стымуляванне развіцця турыстычных паслуг. Бо архітэктурны помнік дастаткова паглядзець аднойчы, а вось слухаць усё новую ды новую музыку ў яго атачэнні можна бясконца.

Ансамбль трубачоў "Інтрада" выступаў ва ўнутраным дворыку Мірскага замка, іншыя музыканты - у самім замку, у Мікалаеўскім касцёле гучала духоўная музыка, у Доме культуры - бацькі і сына Карловічаў, што жылі ў ХІХ - на пачатку ХХ стст.

Ды і "Музы Нясвіжа", спыніўшыся ў адноўленай ратушы з маленечкай залай і больш прасторным ДК, засумавалі па палацы і прылеглым парку, дзе асобныя канцэрты часам ладзіліся яшчэ да цяперашняй рэстаўрацыі. Засумаваў фестываль і па раялі: усё ж камерная музыка на "электронных клавішах" - бы муляж замест сакавітай гародніны. Як заўсёды, уражвала гасціннасць гаспадароў. Навуковая канферэнцыя, што ўжо некалькі гадоў як змяніла музейную прапіску на бібліятэчную, пачалася са змястоўнай экскурсіі па адноўленым Доме рамесніка, дзе і змяшчаецца цяпер Крыніца ведаў. Бібліятэка камп'ютарызавана, мае цэнтр прававой інфармацыі, паліцы з камерцыйным фондам, за карыстанне якім бярэцца даволі сімвалічная плата. Працуе тут і літаб'яднанне "Валошкі", праводзяцца выстаўкі. Прамовы на згаданай канферэнцыі, дарэчы, быццам асвятляліся выстаўкай ручнікоў і вышываных абразоў члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вольгі Сцепановіч, якая ў свой час атрымала на гэтую працу бласлаўленне Мітрапаліта Філарэта.

Дзве жывапісныя выстаўкі аздаблялі і канцэртныя праграмы "Дзень народзін" і "Поры года", само спалучэнне якіх сімвалізавала еднасць беларускай і еўрапейскай культур. Дзеці з мазырскай студыі выяўленчага мастацтва малявалі А.Вівальдзі і яго музыку, якая быццам спаборнічала з творамі А.П'яцолы, П.Чайкоўскага і беларускіх кампазітараў розных эпох.

Сольны канцэрт лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, кларнетыста Уладзіміра Солтана, V Музычная асамблея "Майстэрства ансамбля" (як, дарэчы, і ўсе праграмы, з любоўю падрыхтаваныя фінбергаўцамі) толькі дадаткова падкрэслілі, якой гаючай сілай можа быць спалучэнне нацыянальных скарбаў даўніны і сучаснасці. Бо калі нашы маладыя віртуозы з пашанай ставяцца да нацыянальнай культуры і ў стане выканаць творы, падуладныя хіба адзінкам у свеце, гэта і ёсць культура еўрапейскага ўзроўню.

Фота Віктара КАВАЛЁВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"