Леў.Донкіхотны

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Імітацыя балета ў дзеянні

/i/content/pi/cult/325/5857/6-1.jpg

6 чэрвеня заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Леў ЛЯХ адзначыць балетам "Жызэль" 40-годдзе сваёй працы ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. А 10-га ён будзе за пультам незвычайнага "Стварэння свету". Мы ж сустрэліся з Львом Палікарпавічам яшчэ і для таго, каб расставіць дырыжорскія акцэнты ў ягонай працы з моладдзю, пагутарыць аб замежных праектах, адметнасцях пастановак новых твораў...

Калі ж вяртацца да "Стварэння свету", дык гэтым балетам адсвяткуе свой юбілей Людміла Бржазоўская. У свой час яна была ў ім непераўзыдзенай Евай. Цяпер жа, працуючы ў тэатры педагогам-рэпецітарам, падрыхтавала да той партыі Людмілу Хітрову, дэбют якой стане падарункам для настаўніцы і публікі. У партыі Бога ўпершыню мы ўбачым лаўрэата міжнароднага конкурсу Ігара Аношку, які працуе менш за сезон. Адчуваеце, якая адказнасць у дырыжора? І так - 40 гадоў запар. Калі ж лічыць усе гады дырыжорскай дзейнасці Льва Ляха, уключаючы працу хормайстрам, атрымаецца... 56! Аматарам статыстыкі праафішыруем яшчэ некалькі лічбаў: у рэпертуары гэтага музыканта - звыш 70 опер і балетаў, а за гады працы ў тэатры ён прадырыжыраваў больш як дзвюма тысячамі спектакляў. І гэта толькі "дома", у родным тэатры! Калі ж узгадаць гастролі ды канцэрты, сярод якіх хапае замежных, дык ніякіх лічбаў не хопіць. Не чалавек - жывая легенда!

Дзейныя асобы і выканаўцы

- Мной заўсёды рушыць вострае жаданне дапамагчы моладзі ажыццявіць дэбют. Добра, што ў нас наладзілася сувязь паміж тэатрам і Акадэміяй музыкі. Вельмі і вельмі многіх сваіх салістаў мы назіраем ужо са студэнцкіх гадоў. Таццяна Гаўрылава, Аксана Волкава, Настасся Масквіна, Юрый Гарадзецкі - паглядзіце, як урастае іх майстэрства ад спектакля да спектакля, яны не стамляюцца вучыцца і надалей, скарыстоўваючы кожную магчымасць: удзел у конкурсе, замежную стажыроўку, запрашэнне ў творчы праект. Алена Бундзелева, Наталля Акініна, Алена Золава ў свой час былі маімі любімымі студэнткамі ў оперным класе. Сёння ж яны- цудоўныя салісткі, і я шчыра радуюся іх кожнаму новаму кроку. А ёсць жа яшчэ Янаш Нялепа, Аляксандр Краснадубскі, Сяргей Лазарэвіч, Аксана Якушэвіч- папраўдзе зорны россып! Вельмі важна, каб не рвалася сувязь пакаленняў. Моладзь павінна ісці наперад, але памятаць пра ўсіх, хто быў дагэтуль. І вучыцца ў іх - хай і "завочна".

Шкада, што раней не было магчымасці фіксаваць кожны спектакль, як зараз. Бо колькі ўсяго было назапашана! Сярод самых дарагіх для мяне спектакляў - "Аіда", пастаўленая ў свой час як даніна павагі да выдатнага опернага саліста Зіновія Бабія, "Царская нявеста" з Аленай Абразцовай, "Іван Сусанін" з Мікалаем Ахотнікавым, "Чыа-Чыа-сан" з Марыяй Біешу (пасля той пастаноўкі яна не толькі засталася ў захапленні, але і запрашала мяне ў Кішынёў, каб я стаў галоўным дырыжорам Тэатра оперы і балета Малдовы). Шмат цудоўных успамінаў пакінула праца над "Фаўстам" Антонія Генрыха Радзівіла. Беларуская партытура ХIХ стагоддзя ўжо сама па сабе - рарытэт. Вельмі важна данесці яе да слухача! Але тут патрабавалася нешта большае: максімальна наблізіць гэты маштабны літаратурна-музычны твор да опернага спектакля, надаць яму сапраўдную тэатральна-сімфанічную форму, пераадолеўшы нумарную структуру. Вельмі складанай была праца над аднаактовай операй "Запіскі звар'яцелага", напісанай сучасным беларускім кампазітарам Вячаславам Кузняцовым. Я, напэўна, ніколі з ёй не справіўся б, каб у свой час не вывучаў псіхалогію... Так можна ўсе пастаноўкі ўзгадваць! "Набука" ў Германіі, "Шчаўкунок" у Каіры, з тамтэйшым аркестрам- за пяць рэпетыцый. Дыі канцэрты: 4-я сімфонія Брамса - у Амстэрдаме, 9-я Бетховена - у Мадрыдзе, Рэквіемы Вердзі, Моцарта - у Барселоне. Калі пачынаеш працаваць над партытурай, дык папраўдзе ў яе ўлюбляешся. Бо іначай нічога не атрымаецца...

 А са сваіх калег я згадаў бы тры дырыжорскія імені: Яраслаў Вашчак, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў. Усе яны ў свой час працавалі ў тэатры, кожны зрабіў для яго вельмі шмат. З моладзі адзначу Івана Касцяхіна, Андрэя Іванова - вельмі дапытлівыя дырыжоры, а гэта многа значыць. А колькі было выдатных папярэднікаў! Беларусь у гэтым плане - увогуле краіна ўнікальная. Ні ў адной з былых савецкіх рэспублік, здаецца, не было такога суквецця выдатных дырыжораў, пачынаючы з Іллі Гітгарца...

Я вам такую гісторыю раскажу. Адправіла мяне неяк Міністэрства культуры на павышэнне кваліфікацыі. Тады ўсе мы толькі ў Маскву ездзілі! Размеркавалі да знакамітага Барыса Хайкіна. А ён, дарэчы, быў родам з Мінска. І калі даведаўся, што я з Беларусі, адразу Гітгарца ўзгадаў. Я, кажа, тады малады быў, але ўжо працаваў у опернай студыі ў Станіслаўскага, лічыў сябе ледзь не за генія - гэткія нармальныя юнацкія амбіцыі. А як зайшоў на рэпетыцыю Іллі Гітгарца (той некаторы час быў дырыжорам Музычнага тэатра імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве), пыхлівасці рэзка паменела.

Уверцюра з лейтматывам

- Я не ставіў сабе за мэту быць дырыжорам. Спачатку былі проста "нарыхтоўкі". Нават харавое дырыжыраванне з'явілася выпадкова. Калі скончылася вайна, мне было восем. (У вашай газеце да 60-годдзя Перамогі давалі здымак: я з малодшымі братамі "ў партызанах".) А пасля вайны да музыкі пацягнула. Гэта ва ўсіх было: мабыць, туга па прыгажосці. Спачатку мяне мама вучыла граць на фартэпіяна. Яна яшчэ да вайны займалася ў Краснадарскай народнай кансерваторыі як спявачка. Так што дзіцячую музычную школу я не заканчваў - адразу ў Брэсцкае музычнае вучылішча паступіў. І тады ж пачаў працаваць хормайстрам у Брэсцкай харавой капэле. Пэўна, усё гэта і склалася ў разуменне вакалу.

Ды і струнныя я тады ж вывучыў, бо чатыры гады граў на кантрабасе ў студэнцкім сімфанічным аркестры. З духавымі бліжэй пазнаёміўся ў арміі: тры гады, пакуль служыў, граў у духавым аркестры. Спачатку - на ўдарных, а потым і на валторне.

Пазней з валторнай цікавае здарэнне было - ужо калі я ў кансерваторыі ў Мінску вучыўся. Трэба было педагагічную практыку здаваць, а мой сябра-валтарніст штосьці гэтую справу прамаргаў, за ўвесь семестр ніводнага ўроку ні з кім не правёў. Што рабіць? Трэба ж неяк здаць! І ён папрасіў мяне: давай, маўляў, я з табой ўрок правяду, быццам ты - мой вучань. Ну як сябру не дапамагчы? І вось праводзіць ён са мной адкрыты ўрок, а камісія дзівіцца: "Адкуль гэта ў нас такі валтарніст з'явіўся?" Адказваю: "Ды я харавік! Але вось зацікавіўся валторнай, стаў браць урокі. Гэта ён мяне ўсяму навучыў! У мяне спачатку не атрымлівалася, а цяпер - вы ж чулі!" Не ведаю, ці паверылі ва ўсё гэта, ды залік мой сябра атрымаў. А прафесар Ян Сцягенны прапанаваў мне перайсці з харавога дырыжыравання на... валторну!

Дырыжор - гэта такая прафесія, што колькі ні жыві, столькі вучыся, і не толькі веданню інструментаў. Ды ўсё роўна застанешся, як бы гэта лепей сказаць... "музыканцкім" Дон Кіхотам.

Сцэна 1. Псіхалогія "неканфлікту"

- Неяк у арміі ўбачыў кнігу "Ваенная псіхалогія". Зацікавіўся, пачаў гартаць, а пасля і чытаць. І, ведаеце, знайшоў столькі паралелей з дырыжорскай прафесіяй! Напрыклад, такая фраза (я, вядома, не дакладна цытую, але сэнс будзе зразумелы): маўляў, камандзір павінен аддаваць загад з такімі інтанацыямі ў голасе, каб падначаленыя зразумелі, што гэтае заданне - выканальнае і яны з ім справяцца найлепшым чынам. Чым не дапаможнік для дырыжора? Я жартую, натуральна. Але, наогул, веданне псіхалогіі патрэбнае не толькі дырыжору, але і кожнаму, хто працуе з людзьмі. Асабліва - з творчымі. Тут у кожнага - свае амбіцыі. Я не дыктатар, і, пэўна, гэта мой дырыжорскі мінус: дырыжор павінен дыктаваць сваю волю, большасць так і робіць. Здараецца, маладыя дырыжоры пачынаюць "ламаць" спектакль, перапрацоўваць усё так, як яны гэта бачаць...

Але ж опера - непадзельнае цэлае, дзе акрамя дырыжора ёсць аркестранты і, галоўнае, салісты. Яны таксама маюць права на сваю трактоўку! Я ўспрымаю ўсіх як паўнапраўных калег. І мая галоўная задача - зрабіць з гэтага гарманічны ансамбль. Сабраць усе трактоўкі, усе творчыя індывідуальнасці - і выбудаваць між імі такую ўзаемасувязь, каб усё ўспрымалася адзінай воляй аднаго чалавека і працавала на абраную канцэпцыю, а не так, як "Лебедзь, Рак ды Шчупак". Кажуць, тэатр не бывае без канфліктаў. Я лічу інакш. Вось Святлану Данілюк, да прыкладу, лічылі самай канфліктнай прымадоннай. А ў нас з ёй было поўнае паразуменне! І не таму, што мы глядзелі толькі ў адзін бок і ва ўсім былі згодныя адно з адным. Гэта была выбітная спявачка, у нас такіх больш не было і няма. І ў яе быў свой погляд абсалютна на ўсё! Але мы з ёй працавалі на парытэце і заўсёды знаходзілі агульныя падыходы. Так што роля дырыжора часам - не дыктаваць, а прыслухоўвацца і ўмела накіроўваць у патрэбнае рэчышча. Але гэта прыходзіць з гадамі. Так што тэмпы ў дырыжыраванні- не самае галоўнае. Важней унутранае адчуванне- нават не тэмпу, а тэмпарытму, руху. І яно можа вагацца, асабліва ў оперных спектаклях, калі дырыжор часам павінен ісці за салістамі, за іх найтонкімі асабістымі адчуваннямі, індывідуальнай фразіроўкай.

У балеце - усё інакш. Там нават мінімальнае адхіленне ад вывучанага артыстамі тэмпу пагражае канфліктам, а то і правалам. Бо яны запамінаюць рухі сваім целам, і калі дырыжор раптам не трапляе ў патрэбны тэмп ці свядома бярэ нават крышку іншы (у оперы такія адхіленні ніхто і не заўважыў бы) - усё, цела артыста ўжо не рэагуе. Ці рэагуе непрадказальна, ажно да траўмы...

Па-дэ-труа: імя і...

 Леў - і гэтым усё сказана. Не, ён не "рыкае", не ўмее гаварыць "на павышаных тонах". А "львіная натура" - у мяккай, але ўпэўненай грацыі. Замест мітусні - папросту каралеўская разважлівасць! А Лях - прозвішча радавое. У адпаведнасці з сямейным паданнем, усіх Ляхаў родам са Случчыны наш герой лічыць сваякамі, паколькі адзін з Радзівілаў запрасіў да сябе за аканома - "ляха".

Сцэна 2. "Музыканцкі" Дон Кіхот

Не, Дон Кіхот, згаданы раней, самы любімы літаратурна-балетны персанаж Льва Ляха. Больш за тое: дырыжор зусім не асацыіруе сябе з "рыцарам сумнага вобразу", які ўсё жыццё ваюе з ветракамі (хаця, пагадзіцеся, для тэатра такі герой надта сімвалічны). Усё значна прасцей. І, у той самы час, вельмі "па-свойму":

 - Для мяне Дон Кіхот - гэта вечнае імкненне да Дульсінеі Табоскай. Іншымі словамі- імкненне да недасяжнага ідэалу прыгажосці і дасканаласці. Да яго сапраўды імкнешся ўсё жыццё - і дасягнуць яго, бы той далягляд, немагчыма. А калі здаецца, што ўжо дасягнуў,- значыць, творчасць для цябе спынілася. Тэатр - шматаблічны Янус. Як усё ж злучыць яго такія розныя абліччы? Як знайсці між імі гармонію? У гэтым, напэўна, і ёсць прызначэнне дырыжора.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"