“Люфт” для прыняцця рашэння

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Рада павінна радзіць, або Чыё слова апошняе?

/i/content/pi/cult/325/5855/4-1.jpg

Развагі ў першым чытанні

Адзін тлумачальны слоўнік вызначае паняцце "мастацкі савет" як "від органа культурнай улады ў СССР". І сапраўды: у былыя часы падобная "высокая рада" магла "караць або мілаваць". Здаралася так, што спектакль "зарубалі" ўжо напярэдадні яго прэм'еры.

 У пункце 3 артыкула 38 Закону аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь гаворыцца: "У тэатры, цырку або канцэртнай арганiзацыi ствараецца i дзейнiчае мастацкi савет". Адпаведна, рады і сёння існуюць пры кожнай такой установе, але ж цяпер яны нібыта зніклі з авансцэны культурнага жыцця, выконваючы ў ім зусім іншую функцыю.

 Нядаўна мастацкія саветы зноў апынуліся ў цэнтры ўвагі. Пад час восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні быў прыняты праект Закону, які ўносіць шэраг дапаўненняў і змяненняў у Закон аб культуры. Адна з паправак тычыцца акурат мастацкіх саветаў. І калі яна будзе прынята, у працытаваным вышэй радку з'явіцца слова "магчыма"- або яго юрыдычна вывераны сінонім. Іншымі словамі, мастацкія саветы ўжо не будуць абавязковымі.

Выступаючы перад парламентарыямі пад час абмеркавання законапраекта ў першым чытанні, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка падкрэсліў: "Дадзенае змяненне не адмяняе сістэму мастацкіх саветаў у тэатральна-відовішчных арганізацыях рэспублікі. У той жа час ствараецца магчымасць для варыянтнага развіцця мадэлей мастацкага кіраўніцтва тэатральнавідовішчнай арганізацыяй - з апорай на мастацкі савет і без мастацкага савета".

Як адзначыла намеснік Старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Святлана Сухавей, юрыдычныя новаўвядзенні ў пэўнай меры адлюстроўваюць тэндэнцыі апошняга часу, згодна з якімі ўсё больш даверу і паўнамоцтваў надаецца мастацкім кіраўнікам калектываў. Але, у той самы час, пра адмаўленне ад практыкі мастацкіх саветаў гаворка сёння не вядзецца.

Тым часам, у творчых колах ужо каторы раз разгарэліся дыскусіі на гэты конт: ці патрэбны такія саветы і якую ролю яны павінны адыгрываць у культурным жыцці.

Тэатр імя мастсавета

 Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін лічыць мастацкія саветы перажыткам савецкіх часоў, ад якога даўно ўжо пара пазбаўляцца - як гэта было зроблена, скажам, у Расіі.

- У тэатры канчатковую адказнасць за вынік нясе мастацкі кіраўнік, чыё імя згадваецца ў афішы, - перакананы вядомы рэжысёр. - А мастацкія саветы, лічу, - гэта метад калектыўнай безадказнасці, калі складаныя творчыя пытанні вырашаюцца арыфметычнай "большасцю галасоў". У творчасці важная - асоба. Я ведаю тэатр Вікцюка, тэатр Любімава, а вы ці ведаеце тэатр імя мастсавета?..

Як ні дзіўна, але малады (па мерках прафесіі) рэжысёр кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Цімафееў прытрымліваецца на гэты конт зусім іншай думкі, чым яго старэйшы калега.

 - Ведаеце прымаўку пра тое, што адна галава - добра, а дзве лепш? - кажа ён. - Лічу, суб'ектыўнае меркаванне аднаго чалавека (кім бы ён ні быў) не можа з'яўляцца безапеляцыйным. Іначай ёсць пагроза патануць у "густаўшчыне": маўляў, мне не падабаецца той або іншы жанр ці стыль, і таму ў кінамастацтве яго не будзе. Такім чынам, я перакананы, што мастацкі савет - патрэбны. Але толькі з адной умовай: у яго павінны ўваходзіць сапраўды кампетэнтныя і аўтарытэтныя людзі, якія могуць правесці датклівую "дыягностыку" творчых памылак аўтара ды прапанаваць шляхі іх выпраўлення...

Да мастацкага савета на "роднай" кінастудыі рэжысёр прэтэнзій не мае. Хаця адзін з праектаў, які яму прапанавалі здымаць, цераз гэтае "сіта" акурат і не прайшоў. Яго "зарубілі" - нават нягледзячы на супервядомае імя аўтара сцэнарыя. З выказанымі пад час Савета крытычнымі меркаваннямі рэжысёр пагадзіўся - і добраахвотна адмовіўся ад свайго шанцу "стартаваць" у поўнаметражным ігравым кіно. Натуральна, такі кансэнсус бывае далёка не заўсёды. Знакаміты драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў і мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі Аляксей Дудараў ведае нямала прыкладаў, калі аўтар не мог пагадзіцца з тым, што ён "не мае рацыі". І тады яму даводзілася ўтрапёна змагацца за права ўвасаблення сваіх твораў.

- І ў выніку "непрынятыя" ў свой час спектаклі сотні разоў збіралі аншлагі ды атрымлівалі сур'ёзныя прэміі, - рэзюмуе Аляксей Дудараў.

 Права на апошняе слова

Тым не менш, вядомы драматург ахвотна гатовы паставіць свой подпіс у абарону мастацкіх саветаў. Ён перакананы, што скасоўваць іх нельга ні ў якім выпадку (зрэшты, пра гэта гаворка сёння нават і не вядзецца). Але ж існаваць яны павінны не ў тым выглядзе, у якім былі ў ранейшыя часы, калі на іх выносіўся "вердыкт у апошняй інстанцыі". Аляксей Дудараў правамерна ставіць пытанне: за кім павінна быць замацавана апошняе слова?

Другі радок з таго самага пункта Закону аб культуры сфармуляваны такім чынам: "Мастацкi савет з'яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым органам, якi забяспечвае ўдзел калектыву тэатра, цырка або канцэртнай арганiзацыi ў вырашэннi творчых пытанняў". І Аляксей Дудараў, і Мікалай Пінігін робяць асаблівы акцэнт менавіта на слове "дарадчы".

 - Рада павінна радзіць - менавіта ў гэтым яе функцыя і паўнамоцтвы, - кажа Аляксей Дудараў. - Важна, каб мастацкі кіраўнік меў, да каго звярнуцца па кампетэнтныя парады, каб ён мог пачуць карысныя меркаванні іншых людзей. Але калі ў такога калектыўнага органа ўзнікае памкненне "пасвіць" мастацкага кіраўніка, трымаючы яго на к а роткім л а н ц у ж ку... Перакананы, што ні да чога добрага гэта не прывядзе.

- Па сутнасці, мастацкія саветы - гэта вынаходніцтва Станіслаўскага, - дадае Мікалай Пінігін. - Кіраўнік МХАТа звяртаўся да мэтраў, каб запытаць, ці правільным шляхам ён рушыць. Тыя давалі свае парады, Станіслаўскі іх уважліва выслухоўваў... і сам рабіў пэўныя высновы. У нас жа мастацкія саветы часам імкнуцца звязаць мастацкага кіраўніка па руках і нагах. Бывае, яны ігнаруюць нават і эканамічныя варункі: грошы на пастаноўку спектакля ўжо затрачаны, дамовы заключаны, і раптам - мастацкі савет не дае дабро... Што рабіць у падобнай сітуацыі?..

 Аляксей Дудараў прыгадаў адзін такі выпадак з нядаўніх часоў. Мастацкі кіраўнік тэатра ветліва падзякаваў членам Савета за крытыку... і аб'явіў, што прэм'ера спектакля адбудзецца ў запланаваны тэрмін. У савецкія часы падобнае валявое рашэнне было, бадай, немагчымым.

 Вядомая актрыса Святлана Сухавей пра мастацкія саветы ведае зусім не па чутках. Таму тэндэнцыя павелічэння персанальных паўнамоцтваў у тэатры падаецца ёй заканамернай ды, у значнай меры, перспектыўнай.

Тым болей, "стырнавыя" рэпертуарнай палітыкі цудоўна разумеюць, што прама прапарцыйна з іх правамі павялічваецца і адказнасць: як перад тэатрам, так і перад гледачом. Апошні, як вядома, галасуе рублём, і ў цяперашніх эканамічных умовах гэты голас рана ці позна будзе пачуты.

Давяраць права вызначэння рэпертуарнай палітыкі тэатра аднаму чалавеку - гэта рызыка. Але... Урэшце, за штурвалам карабля таксама знаходзіцца адзін чалавек. Галоўнае, каб каманда мела да яго поўны давер.

Пакуль у тэатры пануе згода, пакуль аўтарытэт "галавы" гэтай своеасаблівай сям'і не выклікае сумневаў, праблем не паўстае. Але ў творчых калектывах усіх часоў і народаў раз-пораз узнікаюць канфліктныя сітуацыі, і айчынныя тэатры тут, як мы ведаем, - не выключэнне. Можа, менавіта ў такія крытычныя хвіліны і павінна ўзрастаць роля мастацкага савета?

Магчымасці рады ў вырашэнні канфліктаў Аляксей Дудараў ацэньвае даволі скептычна. На ягоную думку, у падобнай сітуацыі неабходны "трацейскі суддзя" і ўмяшальніцтва "звонку". А рада, у якую ўваходзяць тыя самыя члены тэатральнага калектыву, папросту не дасць рады вывесці тэатр з патавай сітуацыі: яна сама апынецца ўнутры канфлікту.

- Калектыў мае поўнае маральнае права выказаць "вотум недаверу" свайму мастацкаму кіраўніку, але ж гэтыя пытанні павінны абмяркоўвацца на агульным сходзе, а не ў "вузкім коле" членаў Савета, - кажа Мікалай Пінігін. - Да таго ж, ва ўсім свеце такія канфлікты вырашаюць вышэйшыя органы - заснавальнікі тэатраў, якія падпісваюць кантракты з іх мастацкімі кіраўнікамі.

Да таго ж, у будучай сістэме кіравання тэатрамі і канцэртнымі арганізацыямі пэўную ролю будуць адыгрываць таксама і апякунскія саветы, якія сёння знаходзяцца яшчэ "на стадыі перспектывы". Натуральна, ні пра які творчы дыктат гутарка тут не вядзецца, але... Да слоў іх членаў тэатралы маюць прыслухоўвацца хаця б дзеля простай удзячнасці.

 ■ ■ ■

Зрэшты, нават такі паслядоўны праціўнік мастацкіх саветаў, як Мікалай Пінігін, не адмаўляе, што ў пэўных сітуацыях без калектыўнага меркавання не абысціся. Скажам, гэта тычыцца тэатраў з багатай гісторыяй, дзе мастацкі кіраўнік досыць малады, але ў трупе нямала тытулаваных вопытных артыстаў старэйшага веку. Натуральна, што да іх голасу прыслухацца будзе, прынамсі, карысна. -

Паміж калегамі, якія працуюць у адным калектыве, павінен адбывацца дыялог, - кажа Юрый Цімафееў. - Перакананы, што менавіта ў спрэчках і нараджаецца ісціна...

Малады рэжысёр закранае і яшчэ адзін немалаважны аспект: мастацкія саветы патрэбны перадусім для творцаў - як своеасаблівы дыскусійны клуб, які дазваляе аўтару зірнуць на сябе звонку і выверыць уласную пазіцыю.

- Я вельмі сумняваюся ў тым, што калі гэтыя папраўкі набудуць законную сілу, мастацкія саветы пачнуць знікаць, - лічыць Святлана Сухавей. - Інавацыі патрэбны перадусім для таго, каб у заканадаўчай базе быў створаны пэўны "люфт", патрэбны для прыняцця найаптымальнага рашэння ў тым або іншым канкрэтным выпадку. Бо сітуацый у творчым жыцці можа быць вельмі шмат...

Як падкрэсліў у сваім выступленні Павел Латушка на згаданым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, "...укараненне розных мадэлей мастацкага кіраўніцтва створыць дадатковыя ўмовы, што будуць садзейнічаць плённасці і выніковасці творчай дзейнасці тэатральна-відовішчных устаноў". Адпаведна, гаворка ідзе пра пошукі розных шляхоў, якія вядуць да адной мэты. І ні пра што іншае. -

Мерка поспеху працы тэатралаў - гэта глядач. Кропка! - рэзюмаваў Мікалай Пінігін.

Мы будзем працягваць сачыць за гэтай тэмай па меры абмеркавання яе заканадаўцамі.