Квартэт тэатраў

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

10 чэрвеня Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту будзе прымаць пад адкрытым небам вядучых салістаў чатырох тэатраў: двух нашых (Вялікага і Музычнага) і двух расійскіх (Вялікага і Марыінкі). Госці, вядома, выкажуць свае ўражанні ў спевах. А сведкамі той сустрэчы стануць, як плануецца, амаль 2,5 тысячы слухачоў.

 

Згаданаму музею не прызвычайвацца да фальклорных фестываляў і карпаратыўных адпачынкаў з запрашэннем музыкантаў. Дык чаму б не сумясціць некалькі праектаў у адзін?

Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкам, Мінаблвыканкам. А неабходная папярэдняя падрыхтоўка ўжо зроблена: будуць і сцэна з навесам, і глядацкія крэслы, і месцы для паркоўкі, і дадатковыя рэйсавыя аўтобусы, і асвятленне, і выязны гандаль. А вось тэлетрансляцыя, накшталт "Вечароў у Мірскім замку", не прадугледжана. Таму адбудзецца абсалютны эксклюзіў! Прычым - у двух аддзяленнях.

Першую частку складуць папулярныя оперныя арыі, другую - фрагменты з аперэт. Акрамя знаных салістаў, мы ўбачым і сапраўдны парад дырыжораў нашага Музычнага тэатра, бо ўсе выступленні пройдуць, зразумела, жыўцом і ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра.