Венецыя ў рытме біенале

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

Вір мастацкіх падзей на 54-м Венецыянскім біенале з кожнай гадзінай становіцца ўсё больш імклівым ды насычаным. 3-га чэрвеня адбылося афіцыйнае адкрыццё Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на самай прэстыжнай выстаўцы сучаснага мастацтва.

/i/content/pi/cult/325/5846/3-1.jpgНапярэдадні вернісажу мы датэлефанаваліся да аднаго з удзельнікаў павільёна- мастака Артура Клінава, каб праз адлегласць у амаль дзве тысячы кіламетраў адчуць атмасферу "горада на вадзе", які ў гэтыя дні з'яўляецца сталіцай сучаснага мастацтва свету.

- Падзеі тут і сапраўды развіваюцца імкліва, і гандальеры без працы не сядзяць ні хвіліны, - пачулі мы ў слухаўцы. - У Венецыю прыбывае ўсё болей і болей вядомых крытыкаў, куратараў іншых прадстаўнікоў эліты сусветнага contemporary art. Пабыць у такой атмасферы для аўтара з Беларусі папраўдзе вельмі карысна. Міжволі прасякаешся тым рытмам, у якім жыве сёння актуальнае мастацтва...

Экспанаты беларускага павільёна паспяхова пераадолелі шлях да Венецыі. У тым ліку і самы крохкі з іх - скульптура Артура Клінава, зробленая з саломы. Тым не менш, як распавёў мастак, ад першапачатковага экспазіцыйнага ходу, паводле якога яе планавалася ўстанавіць па-над гледачамі ў якасці своеасаблівага купала, у выніку давялося адмовіцца з тэхнічных прычын: як высветлілася, канструкцыі папросту могуць не вытрымаць вагу такога аб'екта. Таму куратарам давялося вынаходзіць новыя экспазіцыйныя рашэнні.

Артур Клінаў пакуль устрымаўся ад прагнозаў адносна ацэнкі Нацыянальнага павільёна міжнародным артістэблішментам (тым больш, наша гутарка адбывалася 2 чэрвеня, яшчэ да яго адкрыцця), але засведчыў, што цікавасць да Беларусі сярод мастацтвазнаўцаў - даволі вялікая, тым больш, у сферы сучаснага мастацтва апошняя лічыцца terra incognita.

- Вельмі важна, што мы з'явіліся на міжнароднай сцэне, засведчылі сваё памкненне да інтэграцыі ў агульнасусветныя эстэтычныя працэсы і, урэшце, пераканаўча выявілі, што здатныя размаўляць з сусветна вядомымі творцамі на адной мове. Напэўна, гэтую "задачу мінімум" можна лічыць выкананай ужо сёння. А што да больш амбіцыйных мэт: узнагародаў, дыпломаў... Ну, будзем аптымістамі!