Пераемнасць Фонду

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

А літаральна за пару гадзін да сустрэчы ў Палацы Рэспублікі Дзяржаўны літаратурны музей Максіма Багдановіча прымаў лаўрэатаў і стыпендыятаў спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. З імі сустрэліся міністр культуры краіны Павел Латушка і старшыня Фонду, сенатар Ніна Мазай.

/i/content/pi/cult/325/5844/2-3.jpg "Невыпадкова месцам нашай сустрэчы быў абраны менавіта Музей Багдановіча. 120-годдзе з дня нараджэння паэта мы адзначаем сёлета, - сказаў міністр. - Калі чытаеш лірычныя вершы гэтага выдатнага паэта, разумееш, як можна праз беларускае слова насамрэч глыбока перадаваць уласныя пачуцці, эмоцыі".

А пасля кіраўнік Міністэрства культуры дадаў: "У той жа час, калі чытаеш патрыятычныя вершы Максіма Багдановіча, бачыш, як можна любіць сваю Радзіму, Бацькаўшчыну, зямлю, дзе нарадзіліся вы і вашы бацькі. І быць патрыётам сваёй дзяржавы - таксама важна".

"І вельмі важна, - дадаў Павел Латушка, - каб наша краіна з вашай дапамогай дэманстравала ўсяму свету і нашым суайчыннікам, якія багатыя беларуская культура і мастацтва"./i/content/pi/cult/325/5844/2-4.jpg

Міністр, канкрэтызуючы тыя шматлікія мерапрыемствы, што ладзяцца ў краіне для падтрымкі маладых талентаў, агучыў такія лічбы: сёння ў Беларусі больш за 120 тысяч студэнтаў і навучэнцаў засвойваюць прафесіі ў сферы культуры і мастацтва, працуюць тры вышэйшыя навучальныя ўстановы, 21 сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, 523 школы мастацтваў. Але, распавядаючы пра гэта, Павел Латушка заклікаў усіх памятаць, што выхоўваць сябе і нацыю неабходна цягам усяго жыцця- ад самага моманту нараджэння і да сталага веку, каб кожны чалавек разумеў: толькі культурнае выхаванне здольнае ператварыць яго з сацыяльнага статыста ў грамадзяніна сваёй дзяржавы.

"З гэтага года, - распавёў міністр, - пачала дзейнічаць першая ўрадавая дзяржаўная праграма - "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, дзе таксама прапісаны падыходы і рэальная як фінансавая, матэрыяльная, так і арганізацыйная падтрымка з боку дзяржавы для творчай моладзі".

Акрамя таго, нарэшце знайшла сваё вырашэнне практыка стажыровак для беларускіх студэнтаў творчых ВНУ ў лепшых замежных навучальных установах. Першыя групы моладзі ўжо наведалі Акадэмію Гнесіных, Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага, ВГИК... "Цяпер мы працуем над Палажэннем аб замежных стажыроўках, якое будзе прынята ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта нашай краіны пастановай Савета Міністраў", - падкрэсліў Павел Латушка.

З прывітальным словам на адрас прысутных звярнулася і Ніна Мазай, старшыня спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Яна павіншавала не толькі саміх стыпендыятаў і лаўрэатаў, але таксама і іх педагогаў, бацькоў - усіх тых, для каго гэтыя перамогі таксама сталі плёнам карпатлівай штодзённай працы. І падкрэсліла: "Менавіта праз вас Фонд імкнецца данесці да маладых людзей важнасць іх творчага стаўлення да жыцця, важнасць развіцця ўласных талентаў, уласнага ўспрыняцця навакольнага свету. Вы несяце ім сёння гэтае пасланне".

Безумоўна, матэрыяльная падтрымка і прызнанне перамог важныя для кожнага маладога таленту. Аднак не менш важна і тое, што сёння ўсе яны маюць магчымасць прыняць удзел у культурным жыцці нашай краіны нароўні са сталымі прафесіяналамі, выступаючы ў прафесійных калектывах, на лепшых тэатральна-канцэртных пляцоўках краіны. "Гэта дазваляе вам ужо цяпер уключацца ў агульнакультурную дзейнасць Беларусі - вы гатовы прымаць эстафету ў майстроў культуры".

Напрыканцы стыпендыяты атрымалі з рук міністра культуры пасведчанні, нагрудныя знакі ды каштоўныя падарункі. І- зрабілі фота на памяць.

 На здымках: у зале Музея Максіма Багдановіча;

 Ніна Мазай віншуе стыпендыятаў Фонду.