РАСПАРАДЗІЦЦА З КАРЫСЦЮ ДЛЯ АЙЧЫНЫ!

№ 23 (994) 04.06.2011 - 11.06.2011 г

30 мая Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Рэспублікі сустрэўся з адоранымі навучэнцамі, студэнтамі, прадстаўнікамі таленавітай моладзі — лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта.

/i/content/pi/cult/325/5842/1-1.jpg

Інвестыцыі ў творчасць

Паводле добрай традыцыі, у Палацы Рэспублікі Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з навучэнцамі, студэнтамі і прадстаўнікамі таленавітай моладзі.

Такім чынам - 30 мая. Вірлівыя групкі моладзі, жывыя стасункі з сябрамі і калегамі, традыцыйнае фота на памяць з Прэзідэнтам, атрыманне з рук Кіраўніка дзяржавы дыпломаў, пасведчанняў, нагрудных знакаў лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта... Але на першым месцы, як заўсёды, - адкрытая размова.

"Беларуская зямля багатая на слаўныя імёны. Іх спадчына - унікальныя помнікі дойлідства, шэдэўры навуковай думкі, літаратуры і мастацтва - з'яўляецца нашай духоўнай апорай і прадметам нацыянальнай гордасці", - зазначыў у сваіх словах Прэзідэнт Беларусі, падкрэсліваючы, што менавіта таленавітыя людзі ва ўсе часы з'яўляліся і з'яўляюцца лакаматывам сусветнай гісторыі. "Сёння, - дадаў ён, - наша краіна мае патрэбу ў здольных і энергічных людзях. Грандыёзныя планы могуць быць рэалізаваны толькі тымі, хто генерыруе новыя ідэі і ажыццяўляе іх на практыцы. Падтрымка талентаў - інвестыцыі ў будучае".

У Беларусі створана эфектыўная сістэма працы, якая дае магчымасць напоўніцу раскрыць і развіць здольнасці дзяцей і маладых людзей. "Любы талент можа разлічваць на адрасную, мэтанакіраваную падтрымку і ўвагу з боку дзяржавы", - падкрэсліў Лідар краіны. Тым больш, што да тых дзясяткаў алімпіяд, фестываляў і конкурсаў, якія даюць маладым шырокія магчымасці, каб праявіць сябе, сёлета дадаліся яшчэ два: тэлепраекты "Дзеці новага пакалення" і "Я спяваю!".

Сведчаннем таго, што праца па падтрымцы таленавітай моладзі мае не фармальны, а рэальны плён, - 26 узнагарод найвышэйшай пробы, заваяваных у мінулым годзе беларускімі школьнікамі на міжнародных алімпіядах, паспяховыя выступленні прадстаўнікоў нашай краіны на Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях, Собінаўскім музычным фестывалі, конкурсе "Дзіцячая Новая хваля" і іншых прэстыжных творчых спаборніцтвах.

"Краіна дае ўсім вам унікальныя стартавыя магчымасці. Распарадзіцеся імі з карысцю як для сябе, так і для сваёй Айчыны. Няхай вашы медалі і прызы прынясуць з часам рэальную карысць Беларусі", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў сустрэчы. І нагадаў, што "...каму шмат дадзена, з таго шмат і спытаюць. У вас усё наперадзе. Будзьце актыўнымі і мэтанакіраванымі".

Лідар краіны таксама зазначыў: "Маладым прадстаўнікам творчых прафесій заўсёды было няпроста прабівацца. У сувязі з гэтым хацеў бы даручыць Ураду распрацаваць сістэму садзейнічання маладым талентам ва ўвасабленні іх задум на практыцы і наогул надаць новы імпульс развіццю сучасных напрамкаў мастацтва, дзе моладзь можа рэалізаваць сябе".

 Аляксандр Лукашэнка асобна сказаў цёплыя словы педагогам, чые намаганні далі магчымасць дасягнуць уражальных вынікаў, а таксама бацькам маладых талентаў, без штодзённай падтрымкі якіх таксама было б немагчыма ў поўнай ступені раскрыць задаткі, закладзеныя прыродай.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Лукашэнка зазначыў, звяртаючыся да маладых: "Я вельмі хацеў бы, каб тыя таленты, якія нарадзіліся, узніклі ў нашай краіне, працавалі на нашу краіну. Так, вы можаце ехаць вучыцца, куды хочаце, у любы пункт планеты. Вы будзеце запатрабаваны. Але вы павінны памятаць, што карысць вы павінны прыносіць свайму народу".

Слова лаўрэата

мУражаннямі пасля сустрэчы з Прэзідэнтам падзяліліся з "К" некаторыя яе ўдзельнікі- лаўрэаты спецфонду Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы таленавітай моладзі.

Калі табой ганарацца

 Аксана ВОЛКАВА, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь:

 - На сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з творчай моладдзю я трапіла ўжо трэці раз. Прыемна, што мяне заўважаюць і адзначаюць. Вядома, любога артыста моцна стымулюе прызнанне, радасна адчуваць, што табой хтосьці ганарыцца. Важнае для мяне і веданне таго, што мая творчасць патрэбна краіне. Усё гэта дае новыя сілы для працы. Хочацца працаваць больш!

Дзмітрый ЗАЛЕСКІ, кіраўнік тэатра сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.S.K.I":

- Уражанні ад сустрэчы ў мяне - пазітыўныя! Прэзідэнт казаў вельмі слушныя словы наконт таго, што культуру і мастацтва дзяржава павінна і будзе падтрымліваць, што б ні здарылася. Я маю вялікае жаданне вывесці наш калектыў на новы ўзровень, зрабіць так, каб яго ўдзельнікі (а іх сёння - каля 15 чалавек) маглі аддаваць больш часу на рэпетыцыі і выступленні. У планах - развіваць тэатр, развівацца прафесійна самому.

Зрабіць усё для краіны!

 Рынат МЯЗІТАЎ, студэнт факультэта дызайну і ДПМ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

- Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам краіны я на сто працэнтаў упэўніўся: падтрымка культуры і моладзі ў Беларусі вельмі вялікая. Я думаў так раней, але не ведаў, што гэта адбываецца ў такіх маштабах. Мне хацелася б паспяхова скончыць Акадэмію і застацца ў нашай краіне, працаваць на яе карысць. Планую працаўладкавацца ў дзяржаўную структуру!