Кніжную выстаўку да гэтай даты прапанавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. А супрацоўнікамі аддзела краязнаўства Гомельскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна да юбілею пісьменніка-земляка падрыхтавана выстаўка-прагляд "Шчодры талент", дзе, у прыватнасці, прадстаўлены зборы твораў розных гадоў выдання, літаратура аб жыцці і творчасці пісьменніка, электронныя рэсурсы, а таксама кніга Барыса Сачанкі "Пакуль не развіднела", у якой аўтар пакінуў свой аўтограф пад час наведання Гомеля ў 1968 годзе.
Як распавяла галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства ўстановы Ніна Серыкава, сумесна з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Фрацыска Скарыны рэалізуецца праект "Культурна-гістарычнае развіццё Палесся". У яго рамках бібліятэкай быў створаны электронны музей Барыса Сачанкі "Святло яго душы", які штогод дапаўняецца новымі матэрыяламі.
Музей складаецца з васьмі раздзелаў, у якіх можна даведацца пра біяграфію пісьменніка, пачытаць крытычныя артыкулы, афіцыйныя дакументы аб узнагародах, атрыманні прэмій і многае іншае. А найвялікшую цікавасць у наведвальнікаў віртуальнага музея выклікае раздзел "Родны кут і вялікі свет", які складаецца са здымкаў з сямейнага фотаархіва.
Ю.Ч.