Як паведаміў карэспандэнту "К" дырэктар Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэспасць - герой" Валерый Губарэнка, 22 чэрвеня на тэрыторыі ўстановы адбудзецца ўскладанне кветак да Вечнага агню, пройдуць мітынг і ўрачысты канцэрт, прысвечаны абаронцам Брэста. Чакаюць і высокіх гасцей з Беларусі і замежжа.
Таксама ў гэты дзень запланавана адкрыццё новай скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай воінам 9-й пагранічнай заставы, якія абаранялі Брэсцкую крэпасць пад камандаваннем лейтэнанта Андрэя Кіжаватава.
Часткі будучага помніка цяпер адліваюць на ліцейным участку ўнітарнага прадпрыемства "Скульптурны камбінат" Беларускага саюза мастакоў у пасёлку Сосны. І там жа, у Соснах, цяпер пастаянна бывае вядомы беларускі скульптар Валянцін Занковіч, паводле праекта якога і ствараецца помнік пагранічнікам. Па яго словах, асноўныя работы над скульптурнай кампазіцыяй амаль завершаны, і ўжо на наступным тыдні помнік па частках будзе дастаўлены з Мінска ў Брэст, дзе і распачнуцца работы па яго ўстаноўцы.