Дацкія каралі і апісанне Шклова

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Загадчыца аддзела Галіна КІРЭЕВА кладзе на стол відавочна старадаўнюю кніжачку невялікага фармату, у тоўстым пераплёце, на нямецкай мове

 /i/content/pi/cult/127/583/Dackija karali1.jpg
Гравюра паводле малюнка Сандра Бацічэлі ў кнізе А.Дантэ "Боская камедыя".
— Хачу паказаць вам адно з найбольш каштоўных нашых паступленняў: “Жыццяпіс дацкіх каралёў…” Іагана Крыштафа Бера, выдадзены ў Нюрнбергу ў 1685 годзе. Кніга, надрукаваная гатычным шрыфтам, складаецца з 864 старонак і змяшчае біяграфіі дацкіх каралёў, якія правілі да канца XVII стагоддзя, а таксама іх гравіраваныя партрэты, адбітыя вельмі якасна, лікам 97.
Многія з гэтых выяў унікальныя, паколькі ў час жыцця некаторых каралёў не існавала партрэтнага жывапісу. Падобнае выданне выключна рэдкае, дасюль у Нацыянальнай бібліятэцы не было ніводнай кнігі гэтага аўтара.
Але і тыя старадрукі, якія даўно “прапісаліся” ў Нацыянальнай бібліятэцы, тояць нямала сюрпрызаў. У Музеі кнігі Галіна Уладзіміраўна падвяла карэспандэнтаў “К” да вітрыны з важкім томам — “Боскай камедыяй” Дантэ, якая пабачыла свет у Фларэнцыі ў 1481 г.
— Нашы супрацоўнікі рыхтуюць каталог інкунабул, таму праглядаюць кожную такую кнігу літаральна па аркушыку,— тлумачыць Г.Кірэева, — і высветлілі, што ўклееная ілюстрацыя да “Боскай камедыі” выканана паводле гравюры знакамітага мастака Адраджэння Сандра Бацічэлі.
У працэсе навуковага апісання калекцый аддзела кнігазнаўства было выяўлена унікальнае дафёдараўскае выданне — “Трыодзь Посная”, выдадзеная ў першай маскоўскай, так званай Ананімнай друкарні. Чаму ананімнай? Бо ўсе кнігі, якія з яе выйшлі (а даследчыкі налічваюць іх 7), не маюць выхадных звестак. Большасць навукоўцаў мяркуе, што Трыодзь была надрукавана ў 1555 — 1556 гг. друкаром Марушам Няфедзьевым і гравёрам Васюком Нікіфаравым. Гэта богаслужэбная кніга, якая змяшчае песняспевы і біблейскія чытанні на кожны дзень Вялікага Посту. Дасюль былі вядомы 18 экзэмпляраў і 1 фрагмент Трыодзі Поснай, якія захоўваюцца ў Расіі і Украіне. Наш экзэмпляр — 19-ы, і ён мае адметнасці — уладальніцкі запіс Сцефаніды Іванаўны Калагрывавай і ўкладны запіс у Храм свяціцеля Міколы Цудатворца.
Сярод сёлетніх прыемных адкрыццяў — і кнігі з асабістай бібліятэкі Напалеона Орды з яго аўтографам. 


На шляху імператрыцы…

А ці ёсць сярод рэдкіх выданняў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, такія, дзе згадваецца Шклоў? З дапамогай супрацоўнікаў аддзела кнігазнаўства мы адшукалі такую згадку на адной са старонак ёмістага атласа “Carte de la Pologne…” (“Карта Польшчы з яе правінцыямі, ваяводствамі, землямі і рэгіёнамі”). Выдаў яго ў 1772 г. пры падтрымцы навагрудскага ваяводы І.Ябланоўскага вядомы італьянскі астраном, матэматык, географ і картограф Джаванні Антоніо Рыццы-Заноні. Першы буйнамаштабны атлас Рэчы Паспалітай да яе падзелаў ахопліваў тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы і заходніх раёнаў Расіі. Беларускія землі прадстаўлены ў ім досыць падрабязна. Шклоў належаў тады да Аршанскага павета ў Віцебскім ваяводстве.
Звесткі пра Шклоў маюцца і ў “Топографических примечаниях на знатнейшие места
 /i/content/pi/cult/127/583/Dackija karali2.jpg

 "Жыццяпіс дацкіх каралёў..." І.-К.Бера. 1685.

путешествия Её Императорского Величества в Белорусские наместничества”, выдадзеных у 1780 г. Акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу. Паведаміў іх укладальнікам “генерал-паручык і кавалер” Міхаіл Васільевіч Кахоўскі. Працытуем толькі апісанне тагачаснага Шклова: “…Закладзены новы Шклоў паміж правым берагам ракі Дняпра і рэчкаю
Шклоўкаю; унутры яго знаходзіцца абшырная квадратная плошча, пасярэдзіне якой пабудаваны каменны гандлёвы двор, у якім крамы звонку і ўнутры размешчаны.
Над двума варотамі ўзведзены вежы, з якіх у адной Шклоўская ратуша, а ў другой знаходзіцца камора. Па кутах пастаўлены піраміды, пад якімі выкапаны калодзежы; ва ўсе бакі па проразі кутоў праведзены прасторныя спланаваныя вуліцы, і дамы хаця ўсе драўляныя, аднак на адзін узор пабудаваны. Пры ім паштовы дом, грэчаская царква, каменны дзявочы манастыр, каменны магазін і каменная яўрэйская школа.”

Святлана ІШЧАНКА