Больш за тысячу пчолак

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей

/i/content/pi/cult/324/5827/pic_35.jpgУ Клімавічах працуе ХІ Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка".

У чацвер Клімавічы сустрэлі гасцей праграмай "Залатая пчолка вітае сяброў". На наступны дзень, 27 мая, пачаліся конкурсныя праслухоўванні вакалістаў. Сёння, у суботу, майстэрства дэманструюць юныя танцоры і мастакі. Адбудуцца таксама святочны канцэрт "Мы - дзеці свету", а таксама цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў малюнка на мальберце і асфальце, дзіцячых фальклорных падворкаў. Заўтра, 29 мая, у РЦК удзельнікам"Залатой пчолкі" ўручаць дыпломы, будуць вызначаны лаўрэаты фестывалю.

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы Алег Хмялькоў паведаміў "К", што ўпершыню ў праграму форуму ўключаны экскурсія па абласным цэнтры і культурна-забаўляльная праграма.

Сёлета ў "Залатой пчолкі" - звыш за тысячу ўдзельнікаў. А ўсяго за гісторыю фестывалю ў ім бралі ўдзел творчыя калектывы з 18 краін свету, у тым ліку з Турцыі, Кітая, Арменіі, Бельгіі, Фінляндыі...

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Святланы Казловай, старшынёй аргкамітэта форуму выступіў намеснік старшыні аблвыканкама па сацыяльных пытаннях Валерый Малашка. Дапамогу "Залатой пчолцы" аказалі больш за дзясятак прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. А заснавальнікамі, як і заўжды, сталі Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам, Клімавіцкі райвыканкам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"