Адрасная падтрымка талентаў

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

На фінансаванне расходаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2011 годзе выдзелена Br1,1 млрд. Адпаведнае распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 мая.

Гэтыя сродкі будуць накіраваны на матэрыяльнае заахвочванне лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, арганізацыю і правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выставак, іншых мерапрыемстваў па выяўленні і прапагандзе творчасці маладых талентаў, набыццё музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, матэрыялаў, абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю і іншыя мэты, звязаныя з пошукам, прафесійнай падрыхтоўкай і ўдасканаленнем майстэрства юных талентаў.

 Аляксандр Лукашэнка таксама зацвердзіў рашэнне Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі аб выдзяленні Br154,92 млн. са сродкаў фонду на выплату прэмій, гранд-прэмій і стыпендый фонду, аказанне матэрыяльнай дапамогі навучэнцам, набыццё сцэнічных касцюмаў, музычных інструментаў, накіраванне студэнтаў і магістрантаў на стажыроўкі ў ВНУ Расійскай Федэрацыі.

Прынятае рашэнне дасць магчымасць забяспечыць адрасную дзяржаўную падтрымку адоранай моладзі, стварыць спрыяльныя ўмовы для пошуку, станаўлення і развіцця юных талентаў.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь