Такім чынам, лепшай культурна-асветніцкай праграмай была прызнана "Эпоха. Знакаміты і невядомы Іван Хруцкі" Першага канала. Статуэтку за музычна-забаўляльную праграму атрымаў праект АНТ "Міс Беларусь-2010". Сярод праграм для дзяцей і юнацтва перамагла "Калыханка" ("ЛАД"). Як зазначыла загадчык аддзела па падрыхтоўцы праграм для дзяцей і юнацтва Алена Будрыцова, "...за трыццаць гадоў "Калыханка" стала сапраўдным брэндам айчыннага тэлебачання, і вы з упэўненасцю можаце даверыць нам самае каштоўнае - вашых дзяцей".
Бадай, самая напружаная барацьба разгарнулася ў намінацыі "Лепшы дакументальны фільм". Як падкрэсліла сцэнарыст, член Праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі Галіна Злабенка, на конкурс былі пададзены 23 заяўкі такога высокага мастацкага ўзроўню, што цяжка было вызначыцца нават з намінантамі, не кажучы ўжо пра пераможцу. "Гэта значыць, што ў нас ёсць не толькі пра каго здымаць, але і каму здымаць. Нацыянальны дакументальны фільм - жыве!" - дадала яна.
У выніку лаўры атрымала шматсерыйная дакументальная стужка АНТ "Гарадыгероі". Зрэшты, праект здабыў яшчэ дзве статуэткі: Канстанцін Рабкоў стаў лепшым аператарам, а Аляксандр Рыдван - лепшым прадзюсарам. Рэжысёрам года прызналі Валерыя Гаравога за фільм для тэлеканала "ЛАД" "Гэты дзіўны свет".
Між іншым, са сцэны некалькі разоў гучала прапанова да арганізатараў конкурсу пашырыць спіс намінацый. Прынамсі, разам са статуэткамі "Лепшаму рэжысёру" і "Лепшаму аператару", уручаць прызы мантажорам, спецыялістам па гукавым афармленні, мастакам-пастаноўшчыкам, сцэнарыстам. Гэта паказала і папярэдняя прэс-канферэнцыя. Як зазначыў намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук, дадзенае пытанне актыўна абмяркоўваецца членамі журы, і, верагодна, у наступным годзе з'явяцца пэўныя змяненні.
Галоўная інтрыга захоўвалася да самага канца цырымоніі. За Гран-пры ў намінацыі "Лепшы тэлевізійны праект года" змагаліся два надзвычай маштабныя айчынныя праекты, якія глядзелі нават у Аўстраліі: Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне2010", падрыхтаваны і праведзены Белтэлерадыёкампаніяй, і грамадска-культурная акцыя "Беларусь - гэта мы!", што выйшла ў эфіры тэлеканала "АНТ".
У выніку запаветныя статуэткі атрымалі каманды абодвух тэлеканалаў, чым выклікалі надзвычайнае захапленне ў зале. Прызы ўручыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі, які зазначыў: "За сем гадоў існавання "Тэлевяршыні" на гэтай сцэне было ўручана больш за 150 статуэтак. І самым галоўным крытэрыем для журы з'яўляліся нашы гледачы. Мы бачым галоўнае: айчынныя каналы глядзяць нашы людзі, ва ўсіх тэлеканалаў ёсць свой глядач. А гэта значыць, што ў нас ёсць тэлебачанне нашай краіны!"
Фота Юрыя ІВАНОВА