Пакладзём удачу ў кепку!

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Днямі ў Маладзёжным тэатры эстрады адбылася аўтарская вечарына Уладзіміра САРОКІНА. Амаль 15 гадоў ён быў вядомы як удзельнік ансамбля “Сябры”, цяпер выкладае майстэрства аранжыроўкі на кафедры эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а ягоныя песні — у рэпертуары многіх салістаў і творчых калектываў.

/i/content/pi/cult/323/5804/8-4.jpg

Апошняе можна было адчуць і на згаданым канцэрце. Спявалі Ірына Дарафеева, артысты яе Тэатра песні, уключаючы Інгу Кісялёву, Яўгена Слуцкага, Кацярыну Муратаву, якая прайшла кастынг і выконвае партыю Князёўны Тараканавай у мюзікле "Блакітная камея". А яшчэ - Якаў Навуменка, Вячаслаў Статкевіч з ансамбля "Свята", узорны дзіцячы ансамбль "Буслік" (а Сарокін піша для дзяцей шмат і добра), студэнты і вакальныя ансамблі БДУКіМ - "Беларуская песня" і "Універсум" пад кіраўніцтвам Таццяны Дробышавай з ансамбля "Камерата". І ўсё гэта - пад назвай "Удача", паводле адной з прэм'ерных песень.

 - Калі ўбачыў гэты верш Васіля Жуковіча, - кажа Уладзімір Сарокін, - адразу "запаліўся": ён быццам падслухаў мае думкі! Таму і на вечары я выконваў гэтую песню сам, хаця раблю гэта вельмі і вельмі рэдка.

- Ды ўсё ж, што такое для вас удача? Ці часта вы яе адчуваеце? Толькі не адказвайце тэкстам песні!

- Ужо само жыццё - ці ж гэта не ўдача? Яна звычайна чакае чалавека ледзь не на кожным кроку, трэба толькі яе заўважаць і падтрымліваць. Увогуле, удачу ствараем мы самі. А яшчэ - тыя людзі, якія побач. У дзяцінстве - бацькі, а ў мяне яшчэ і бабуля, якая бачыла ўва мне ледзь не будучага Святаслава Рыхтара. Педагогі (я заканчваў нашу кансерваторыю як піяніст, потым вучыўся як кампазітар - у Яўгена Глебава); калегі (з Анатолем Ярмоленкам мы і цяпер у добрых стасунках); удзячныя слухачы, у тым ліку ў Расіі; любімая жонка - спявачка Кацярына Саковіч (бывае, сяджу за камп'ютарам - нічога не атрымліваецца, а ледзь яна ў пакой увойдзе, нават з кухні, дзе варыць боршч, - адразу натхненне з'яўляецца!); сын Цімафей (ён вучыцца ў 6-м класе каледжа пры Акадэміі музыкі, спявае ў знакамітай Капэле хлопчыкаў Уладзіміра Глушакова, таксама спрабуе сачыняць)... А яшчэ ўдача - гэта, найперш, апантанасць самога чалавека, яго адданасць справе і само жаданне працаваць. Бо іначай удача "зваліцца на галаву", а чалавек задзярэ нос (ці ж утрымаецца што на галаве і ў ёй самой у такім стане?) - і пойдзе далей, нібыта нічога не было. А потым скардзіцца: маўляў, удача мяне мінула...

 - Дык вы таму і кепку носіце, каб удачу ўтрымаць? Яна ўжо частка іміджа...

- Усё куды прасцей. У "Сябрах" адзін са строяў пашылі з кепкай, і мне так спадабалася!.. Кепка "таму віной" ці не, але Уладзімір, пры ўсім яго графска-шляхецкім паходжанні па лініі прабабкі, мае імідж "простага хлопца". І песні яго такія ж - шчырыя, меладычныя, ад іх не толькі душа спявае, але і, здаецца, уся прырода навокал! Можа, таму што прозвішча ў яго "птушынае"? Ці з-за першай песні ў пяць гадкоў - пра рыжае кацяня? Дый цяпер у сям'і жыве "дваранскі" сабака. Праўду кажуць: добры чалавек - добрыя песні.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"