Магі і “Магія…”

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Як выклікаць дождж апладысментаў?

/i/content/pi/cult/323/5802/8-1.jpg

 "Магія раяля" - так прывабна і крыху загадкава быў названы Міжнародны музычны форум, што прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі 14 - 18 мая. Яго па праве можна назваць Першым. Гэтае "магічнае" слова з'явілася ўжо на фестывальным буклеце, бо яшчэ напярэдадні ўрачыстага адкрыцця арганізатары вырашылі праводзіць яго раз на два гады.

А вось у праграму ўнесла карэктывы само жыццё. На другі дзень пасля прыезда народны артыст СССР Мікалай Пятроў трапіў у шпіталь, таму быў адменены яго майстар-клас (з маладымі беларускімі піяністамі працаваў толькі мастацкі кіраўнік форуму - заслужаны артыст Расіі Аляксандр Гіндзін). Не адбыўся і канцэртпрэзентацыя Фонду Мікалая Пятрова, якога так чакалі, найперш, навучэнцы Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яны даўно падтрымліваюць з майстрам сяброўскія стасункі: у кожны свой прыезд у Мінск той знаходзіў час, каб правесці з імі творчую сустрэчу, а найбольш адораных запрашаў на выступленні ў Маскву.

Карэктывы былі ўнесены і ў заключны канцэрт: у дуэце з Аляксандрам Гіндзіным выступілі малады расіянін Юрый Фаворын, якога тамтэйшыя крытыкі называюць узыходзячай зоркай, і знакаміты фенаменальны віртуоз Барыс Беразоўскі. І хаця перажыванні за Мікалая Арнольдавіча адбіліся на эмацыйнай палітры, гэта не зменшыла значнасці форуму. Бо ён не толькі задаў найвысокую планку нашым музыкантам і слухачам, але і прэзентаваў шырокай грамадскасці беларускіх піяністаў, даказаўшы, што іх узровень адпавядае здабыткам выдатных майстроў свету. У адкрыцці выступіў тэхнічна бездакорны Андрэй Шычко, у закрыцці- вытанчана-зладжаны дуэт Наталлі Котавай і Валерыя Баравікова. Тры канцэрты з чатырох ішлі ў суправаджэнні двух вядучых філарманічных калектываў - Сімфанічнага аркестра і Камернага. Дырыжыраваў імі таксама " н а ш " Аркадзь Берын, які ўжо колькі гадоў жыве і працуе ў Германіі./i/content/pi/cult/323/5802/8-2.jpg

Кульмінацыяй форуму сталася ігра Б.Беразоўскага і джазавы канцэрт. Першы скарыў палётным, "равэлеўскім" гукам, падобным да ледзь заўважнага малюнка алоўкам, расквечанага празрыстай, поўнай паўтонавых адценняў акварэллю. А яшчэ - уменнем іграць, быццам "гуляючы", дасягаць эмацыйных эфектаў адно музычнымі сродкамі, без "грымасы пакут" на твары.

Стыхія і ўсмешка нязмушанай гульні, што прыносіць аднолькавую асалоду ўдзельнікам і сведкам, панавала і на джазавым вечары. А вось афарбоўка гуку (на тым жа самым раялі!) у Данііла Крамера была зусім іншай. Кожная ўзятая ім нота ўспыхвала чырванню - бы чырвоныя гузікі, што бліскалі на яго чорнай кашулі. Выкарыстоўваў ён раяль і, у прамым сэнсе слова, як ударны інструмент: пляскаў па ягоным боку далонямі, выклікаючы дождж апладысментаў. Ці ж гэта не магія? Як і тое, што малады ўкраінскі гітарыст Раман Мірашнічэнка замяняў аркестр сваімі папросту неверагоднымі тэмбравымі "палётамі".

І гэта яшчэ не ўсё! Бо 2 чэрвеня з Амерыкі прылятае, зноў-такі, "наш" Андрэй Паначэўны - адзіны пакуль беларускі лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага. І хаця ён выступае не ў межах форуму, ягоная магія і творчае "Я"- таксама высокай пробы.

На здымках: дуэт Наталлі Котавай і Валерыя Баравікова; дырыжор Аркадзь Берын.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"