Этап новы, электронны

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Надышоў той час, калі, здавалася б, кніжныя выдавецтвы дасягнулі піку свайго развіцця: высакаякасныя паліграфія і дызайн, максімальнае зместавае насычэнне, псіхалагічны падыход да ўспрымання інфармацыі, аптымальная вага кніг… Куды ж рухацца далей? Пра гэта — гутарка з дырэктарам выдавецтва “Вышэйшая школа” Аляксандрам НЯЧАЕМ. Менавіта на базе гэтага выдавецтва праз колькі месяцаў планіруецца стварэнне студыі, якая азнамянуе новы этап выдавецкай дзейнасці.

 /i/content/pi/cult/127/580/Mastackaja litaratura.jpg
— Наша студыя аўдыё-, а надалей — відэазапісу і відэазвядзення, — кажа А.Нячай, — гэта насамрэч разуменне таго, што трэба рухацца наперад. Напрыклад, мы прааналізавалі друкаваную прадукцыю, якую рыхтуем для тых, хто вывучае замежныя мовы.
І прыйшлі да высновы, што ўсё, што магчыма было зрабіць на паперы, сёння ўжо не адпавядае сучаснаму ўзроўню адукацыі. Зыходзячы з таго, што сённяшнія вучні, якія заканчваюць школу, павінны не проста ведаць замежную мову, а свабодна размаўляць на ёй, проста друкаванага падручніка ўжо не дастаткова.
— Менавіта таму расійскія фірмы даўно выдаюць аўдыё- і відэакурсы па вывучэнні замежнай мовы. Вы паспрабуеце стварыць такі айчынны прадукт — для беларускай аўдыторыі?
— Так, і прытым прадукт не скапіраваны. Кожная краіна выпускае тавар для сваёй аўдыторыі, але не для ўласна нас, беларусаў. А мы жадаем ствараць дапаможнікі, якія для дзяцей былі б прывязаны менавіта да іх падручнікаў, а для дарослых — сама-падручнікі на айчыннай глебе. І іх трэба рабіць менавіта на мясцовым матэрыяле, каб у гутарцы з замежнікам беларус змог гаварыць не агульныя фразы, кшталту “Май нэйм із…”, а расказаць пра сябе як беларуса, што жыве ў пэўнай краіне, у пэўным палітычным, эканамічным, экалагічным, сацыяльным і духоўным асяроддзі. А для гэтага трэба рыхтаваць свой прадукт, беларускі.
— Школам і ВНУ заўсёды не хапае відэарада для вывучэння такіх прадметаў, як эстэтыка, гісторыя сусветнага і беларускага мастацтва, і іншых гуманітарных навук. Мабыць, вы возьмецеся за ліквідацыю гэтага прабелу?
— Канешне. Мы не будзем абмяжоўвацца аўдыёстудыяй, на якой, дарэчы, мы будзем запісваць і аўдыёкнігі беларускіх і замежных класікаў на мове аўтараў. Другой часткай нашай студыі будзе студыя відэазвядзення і відэамантажу, якая дазволіць суправаджаць гуманітарныя прадметы вытрымкамі з кіно, анімацыяй, ілюстрацыямі і г. д. на мультымедыйных носьбітах. Напрыклад, вывучаючы Рэнесанс, немагчыма яго засвоіць, не пабачыўшы твораў на ўласныя вочы.
— Дарэчы, наконт аўдыёкніг: вам, напэўна, давядзецца выслухаць і незадаволенасць з боку прыхільнікаў традыцыйнага чытання?
— Так, пераканаць іх будзе складана, і ці трэба? Ніхто ж не збіраецца адмяняць друкаваную кнігу. Але ёсць сітуацыі, калі карыстацца аўдыёкнігамі бывае зручней, напрыклад, у дарозе. Аўдыёкнігі— не навіна ў свеце, гэтая галіна актыўна развіваецца. А калі на Захадзе і ў Расіі такія кнігі запатрабаваны, дык чаму ж на нашым рынку яны не знойдуць попыту? Дарэчы, я ведаю беларускіх аўтараў, якія ўжо на стадыі падрыхтоўкі сваёй друкаванай кнігі клапоцяцца і пра яе аўдыёварыянт.
— Калі Расія ўжо даўно развівае гэты накірунак, напэўна, яе вопыт і возьмеце за аснову?
— Не, Расія выйшла наперад у гэтым не настолькі далёка, каб пераймаць яе вопыт. Нас больш цікавіць сусветны досвед. Напрыклад, мяне вельмі зацікавіла практыка аднаго выдавецтва на кніжнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне. Там мы пабачылі, як некаторыя матэрыялы па медыцыне выпускаюцца ў такіх мультымедыйных дадатках, дзе можна, напрыклад, паглядзець у трохмернай прасторы структуру галаўнога мозга ці ўбачыць на анімацыйным ці відэададатку правядзенне складанай аперацыі. Гэта ішло як суправаджэнне друкаваных кніг па медыцыне. Вось такі вопыт нам сапраўды цікавы.
— Такія праекты, пэўна, досыць рызыкоўныя для выдавецтва, бо невядома, ці здолее беларуская аўдыторыя ўспрыняць і купіць іх. Ці не так?
— Гэта не адзіная праблема, з якой мы мусім сутыкнуцца. Напрыклад, яшчэ далёка не ўсе зацікаўленыя ў мультымедыйным прадукце маюць камп’ютэры сучаснага ўзору ці камп’ютэры ўвогуле. Не да канца зразумела, ці гэта кампетэнцыя выдавецтва — займацца такой студыяй? Адна справа — рыхтаваць матэрыял да друку, і зусім іншая— займацца звядзеннем гука- ці відэаматэрыялу, што больш адпавядае функцыям рэжысёра, а не рэдактара ў класічным разуменні слова. З іншага боку — у кампетэнцыю рэжысёра, гукааператара, праграміста не ўваходзіць падрыхтоўка тэкставых матэрыялаў…
— А ўвогуле, у якой сітуацыі вам даводзіцца распачынаць сваё ноў-хаў?
— У сукупнасці праблем. Справа не толькі ў адсутнасці належных кадраў ці ў метадычнай праблеме, калі да канца не зразумела, якім чынам наладжваць вытворчасць, — перад намі стаіць і нарматыўна-прававая праблема: пакуль няма дакументаў, якія б рэгулявалі гэтую сферу дзейнасці ў межах выдавецтва. Што да друкаваных выданняў, дык адносна іх усё дэтальна прапісана яшчэ з савецкіх часін. А для новых тэхналогій ніякай нарматыўна-прававой базы пакуль няма. Канешне, без такіх дакументаў немагчыма пачынаць працу. Акрамя гэтага, ёсць і маркетынгавы прабел, калі мы не ведаем, для каго мы ствараем мультымедыйны матэрыял і як яго абараніць ад пірацкага капіравання. Тым не менш, мы не пакінем сваю задуму і будзем пераадольваць перашкоды, і праца над гэтым ужо пачалася.
— Ужо вызначылі, з чаго пачнеце?
— Пачнём з таго, што прасцей, — з аўдыёвыданняў. А потым будзем брацца за больш цяжкія матэрыялы. Напачатку мы заявім сябе як студыя аўдыёзапісу, а калі канчаткова вырашым усе праблемы, зоймемся відэамантажом і відэазвядзеннем. Пакуль знаходзімся на стадыі закупкі абсталявання. Калі ўсё пойдзе так, як плануецца, пачнём сваю студыйную працу ўжо недзе ў лістападзе.
— Абітурыентам добра вядома выдавецтва “Вышэйшая школа”. Менавіта яно ў шэрагу іншых выданняў выпускае ў свет дапаможнікі па розных дысцыплінах, даведнікі аб спецыялізацыях сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, падручнікі і г. д. Што ж возьме выдавецтва на свята ў Шклоў?
— Мы не будзем браць тое, што выпускаем для ВНУ, а прывязём у асноўным школьныя падручнікі, бо яны на кніжных выстаўках экспануюцца не так часта. Таксама прадэманструем даведачную літаратуру, дапаможнікі для СНУ і ПТВ і тое, што можа быць цікава перш за ўсё шклоўцам.
Наша выдавецтва забяспечвае школы кнігамі па замежных мовах: англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, а з мінулага года — і кітайскай. Сёлетні акцэнт на Дні беларускага пісьменства будзе зроблены менавіта на прэзентацыю гэтых выданняў. Дарэчы, наш падручнік па кітайскай мове для першага класа атрымаў вышэйшую ўзнагароду на нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” — ён прызнаны лепшым вучэбным выданнем.
Для навукоўцаў-гуманітарыяў, работнікаў культуры і ўсіх зацікаўленых беларускім традыцыйным мастацтвам выдавецтва прадставіць у Шклове трэці том шасцітомніка “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” — “Гродзенскае Панямонне” ў дзвюх кнігах. Каля 700 экзэмпляраў тыражу адразу пасля выхаду выкупілі бібліятэкі Гродзенскай вобласці. Наступным чакаецца том, прысвечаны традыцыйнай мастацкай культуры Брэсцкага Палесся. 

Гутарыла Святлана ЖУРАЎСКАЯ
Фота аўтара