Стратэгіі на Форуме

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Сёння завяршаецца II Форум бібліятэкараў Беларусі “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”.

 

Яго арганізатары - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Нацыянальная бібліятэка і Лагойскі райвыканкам. У рабоце канферэнцыі прымаюць удзел больш за 150 дэлегатаў.

 Прывітальнае слова міністра культуры краіны Паўла Латушкі, адрасаванае ўдзельнікам падзеі, было зачытана на адкрыцці Форуму. Па словах кіраўніка Мінкультуры, у бібліятэчную частку Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гг. пакладзены стратэгічныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў згаданай сферы, якія забяспечваюць права грамадзян на свабодны доступ да інфармацыі. "Рэалізацыя мерапрыемстваў будзе садзейнічаць стварэнню адзінай культурна-інфармацыйнай прасторы шляхам поўнай кампутарызацыі бібліятэк рэспублікі, падключэння іх усіх да сеткі Інтэрнэт. Гэта дазволіць забяспечыць максімальны доступ да інфармацыі і будзе садзейнічаць устойліваму сацыяльнаму і эканамічнаму развіццю краіны", - зазначыў міністр у прывітанні.

На пленарным і секцыйных пасяджэннях адбылося абмеркаванне ролі бібліятэкі ў інавацыйнай стратэгіі развіцця грамадства, праблем удасканалення заканадаўчай базы і сістэмы дзяржаўнага рэгулявання; інфармацыйнага забеспячэння інавацыйных дзяржаўных праектаў у сферы культуры, навукі і адукацыі. Важным аспектам стаў разгляд перспектыў па далейшым узаемадзеянні бібліятэк у кірунку стварэння і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, а таксама дзейнасці бібліятэк у рэалізацыі права грамадзян на свабодны доступ да электронных баз.

Асобны акцэнт удзельнікі Форуму зрабілі на навуковы і кадравы патэнцыял інавацыйнага развіцця бібліятэчнай справы. У рамках Форуму адбыўся на гэтую тэму і "круглы стол" "Эфектыўнае выкарыстанне кадравага патэнцыялу бібліятэк: арганізацыйна-кіраўнічы аспект". Яго мэтай была выпрацоўка адзіных рашэнняў у пытаннях арганізацыйнага і нарматыўна-прававога рэгулявання бібліятэчнай кадравай палітыкі.

Вынікам працы стане рэзалюцыя Форуму, якая зафіксуе прынятыя рашэнні па далейшым развіцці бібліятэчнай справы краіны.