У славянскай сям’і

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

24 мая на Дні славянскага пісьменства і культуры ў Маскве выступіць Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча.

 

У свяце, акрамя Беларусі, Расіі і Украіны, бяруць удзел Балгарыя, Грэцыя, Сербія. Галаканцэрт творчых дэлегацый адбудзецца ў Крамлёўскім палацы.

- У Маскве, - распавёў мастацкі кіраўнік нашага калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, - мы гастралявалі неаднойчы. Але за ўвесь постсавецкі час гэта будзе першы выезд нашага хору ў расійскую сталіцу. Таму да пачуццяў радасці далучаецца і вялікая адказнасць. Праграму складалі вельмі скрупулёзна. Каб паказаць усе складнікі калектыву - хор, танцавальную групу, аркестр, - спыніліся на вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі "Добры вечар - добрым людзям!". Важна таксама, што яна заснавана на беларускай народнай песні. Выканаем мы і іншыя фальклорныя мелодыі, у тым ліку ў апрацоўцы Уладзіміра Грома. А завершыць наша выступленне аўтарская музыка - песня Ганны Казловай "Беларусь - імя святое". Да таго ж, у фінале ўсе калектывы складуць зводны хор. Таму мы, як і іншыя ўдзельнікі канцэрта, развучылі тры многалецці - Паўла Часнакова і Сяргея Пракоф'ева, з яго араторыі "Іван Грозны".

Сам удзел у гэтым свяце - свята. Раней мы неаднаразова выступалі на Днях беларускага пісьменства, таму цяперашнюю паездку на Дзень славянскага пісьменства і культуры можна лічыць працягам гэтай асветніцкай місіі. Культура кожнага народа - папраўдзе невычарпальная, багатая на індывідуальныя рысы. Але такія святы дапамагаюць убачыць і тыя агульнаславянскія каштоўнасці, што аб'ядноўваюць краіны ў адну дружную сям'ю.