“Беларусь назаўжды засталася ў маім сэрцы як родная маці…”

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Ад двух пудоў гіпсу да “вечнага дрэва”

/i/content/pi/cult/322/5782/15-3.jpgДадзеныя словы належаць выдатнаму беларускаму скульптару Аляксандру Грубэ. Як ні дзіўна, але сённяшняму пакаленню мастакоў гэтае імя мала што гаворыць, хаця ў 20 - 30-я гады ХХ ст. Аляксандр Васільевіч Грубэ быў, здаецца, ці не галоўным скульптарам Савецкай Беларусі: першым у нашай краіне стаў народным мастаком, стаяў ля вытокаў стварэння Саюза мастакоў БССР, узначальваў яго цягам амаль усяго перыяду Вялікай Айчыннай вайны, і (мала хто ведае) першым у Савецкай дзяржаве стварыў у 1922 годзе на Магілёўшчыне помнік У.І. Леніну- яшчэ пры яго жыцці (не лічачы драўлянага абеліска на маскоўскай Паўлаўскай вуліцы ў скверы завода Міхельсона (1918 г.) і гіпсавага камернага помніка ў Арле (1920 г.). Але галоўнае - ён быў першым нацыянальным скульптарам Беларусі, які пачаў выконваць свае работы менавіта ў дрэве, мяркуючы, што гэты па-сапраўднаму "беларускі" матэрыял не толькі надзвычай прыгожы, але і не патрабуе фарматора-сааўтара. Калі згадваеш лепшыя творы Грубэ - "Лірнік", "Максім Багдановіч", "Беларус", "Кастусь Каліноўскі", "Раб", - перад вачыма паўстаюць вобразы велічныя і ўзвышаныя, трагічныя і, у той жа час, светлыя па сваім унутраным строі, адзначаныя не толькі высокім майстэрствам, але і яркай нацыянальнай самабытнасцю, якой, дарэчы, сёння часцяком так бракуе сучаснаму мастацтву...

Мне пашанцавала: увесну 1971 года, пад час аднаго з пленумаў у Акадэміі мастацтваў СССР у Маскве, мы з Заірам Ісакавічам Азгурам наведалі Аляксандра Васільевіча ў ягонай майстэрні на Маслаўцы - у доме № 1, што раней займаў Матвей Манізер, даўні сябра і калега-сапернік Грубэ яшчэ па "эпапеі" праектавання помніка Леніну ля Дома ўрада БССР. У майстэрні нас гасцінна сустрэлі сам гаспадар і яго пяцідзесяцігадовая дачка Нонна Аляксандраўна, таксама скульптар, якая, між іншым, нарадзілася ў Мінску. Вельмі цікавым атрымаўся той вечар за "круглым сталом". Пад час яго я шмат чаго дазнаўся і пра асабістае жыццё 77-гадовага сівога, але вельмі маладжавага майстра, і пра яго неардынарны шлях у вялікае мастацтва, і пра яго сардэчную любоў да Беларусі, якую ён лічыў сваёй сапраўднай радзімай, хаця і з'явіўся на свет у башкірскай вёсачцы пад назвай Грыгор'еўка - буйным праваслаўным цэнтры рэгіёна. Цяпер гэтай вёскі няма...

У час нашага наведання майстэрні Грубэ ствараў свае мемуары - "нашлёпкі на мінулым", як паведаміў сам скульптар, - паказваючы нам рукапісныя старонкі, спісаныя тонкім зялёным фламастарам. Частку з іх ён меркаваў адаслаць у Мінск Віктару Шматаву, што быццам бы збіраўся пісаць пра яго кнігу. Кніга, на жаль, так і не была выдадзена. Я пазнаёміўся з гэтым рукапісам, нешта паспеў выпісаць, нешта - запомніць, каб адразу ж, у гасцініцы, па свежых уражаннях, перанесці ўсё у свой "гросбух". Але потым, ужо будучы ў Мінску, я напісаў ліст скульптару ў Маскву, дзе папрасіў майстра расказаць пра тое, як на яго вачах і пры ягоным непасрэдным удзеле нараджаўся Саюз мастакоў Беларусі. 29 мая 1972 г. ён даслаў мне грунтоўны адказ на шасці старонках, а праз паўмесяца, 15 чэрвеня, - яшчэ дадатак да гэтага ліста. Гэтыя дакументы і сёння клапатліва захоўваюцца ў маім хатнім архіве. ...

Так, Аляксандр Васільевіч нарадзіўся ва Уфімскай губерні. Бацька, ураджэнец Латвіі, - прафесійны садавод-аграном, а беларускія бацькі маці будучага мастака, Алены Міхайлаўны Казырскай, за ўдзел у паўстанні 1863 года былі высланы з Міншчыны на пасяленне ў Башкірыю. Калі ў 1894 годзе нарадзіўся Саша, яна не мела і васямнаццаці. А ён жа быў другім дзіцем!..

А.Грубэ: "Наш драўляны дамок на падмурку стаяў на беразе невялікай рэчкі Кайракла. Абапал раслі вербы. Той час і наваколле запомніліся як нешта грандыёзнае... Берагавая зямля - гліна- чамусьці выклікала ў мяне жаданне браць яе ў рукі і камячыць. У маіх руках яна халаднаватая, прыемная. Я мог з яе рабіць усё, што хацеў. На выступе падмурка выстаўляў гліняных звяркоў. Гэты падмурак і быў як бы першай маей майстэрняй. Сонца сушыла мае творы, а дождж іх размываў. Мне было шэсць гадоў..."

 Дарэчы, бацька Сашы даволі добра маляваў расліны,/i/content/pi/cult/322/5782/15-2.jpgкветкі, сцэнкі палявання. Потым пераносіў гэтыя кампазіцыі на цынкавыя аркушы і выпілоўваў іх лобзікам. З гэтых ажурных пласцін ён вырабляў шкатулкі і рамачкі для фатаграфій або драўляныя цацкі.

 А.Грубэ: "Я навучыўся адрозніваць пахі бярозы, ліпы, дубу. Мне быў прыемны сам пах драўніны, я запомніў яго на ўсё жыццё, таму што драўляныя вырабы былі прыемныя мне сваёй асаблівай цеплынёй і цудоўнасцю..." Вось, відаць, адкуль з'явілася ў Грубэ любоў да дрэва!

 Ішоў час. Адзінаццацігадовы Аляксандр паступіў у Пензенскую мужчынскую гімназію. Любімымі ўрокамі былі, канешне ж, гадзіны малявання, якія вёў Пётр Сямёнавіч Бутаў, выхаванец Акадэміі мастацтваў. Але ў старшых класах малявання не было, і Грубэ нічога не заставалася, як займацца "самаадукацыяй": ён наведваў выстаўкі ў мясцовым мастацкім вучылішчы, выношваючы ў душы мару паступіць туды вучыцца. Але бацькі і слухаць не хацелі пра ягонае жаданне, лічылі, што мастакі - гэта легкадумныя, "пустыя" людзі. Гімназію Саша скончыў напярэдадні Першай сусветнай вайны. Можа, варта рызыкнуць і паступіць у пецярбургскую Акадэмію мастацтваў? Хаця не было ніякай упэўненасці, што вытрымае конкурс. Аднак, каб быць бліжэй да гэтай "свяшчэннай" установы, Грубэ падаў заяву на прыродазнаўчы факультэт універсітэта, як таго хацеў і тата. Уступныя экзамены паспяхова здаў і быў залічаны. Але галоўным заставаліся хаджэнні па выстаўках і музеях горада. А музей Акадэміі стаў ягоным любімым месцам баўлення часу. Са сховішчаў яго ён "па знаёмстве" атрымаў пулкаўскую гліну і ў сябе на кватэры выканаў некалькі скульптур, у тым ліку Вешчага Баяна. Як узгадваў Грубэ, гэта была яго першая работа, пасля якой яшчэ больш умацавалася жаданне стаць менавіта скульптарам, а не ісці ў выбары прафесіі ўслед за бацькам.

 Напрыканцы 1915 года Аляксандр быў прызваны ў войска і неўзабаве ў складзе Сібірскага палка трапіў на фронт у раён Баранавічаў. Салдаты абралі Грубэ камандзірам роты і, па сумяшчальніцтве, батальённым суддзёй. Бацька ягоны да гэтага часу ўжо пераехаў з Башкірыі на Магілёўшчыну. Чаму - не ведаю. Вось такая закруцілася карусель лёсу нашага героя...

А.Грубэ: "Калі царская армія стыхійна распалася, я таксама падаўся на Магілёўшчыну, у тое самае мястэчка Краснаполле, дзе жыў тады мой тата..."

Краснаполле... Існавала з пачатку XVIII ст., а назву атрымала ад суседняга маёнтка графаў Бенкендорфаў. Цяпер гэта буйны гарадскі пасёлак у вярхоўі ракі Тур'я, за сто дваццаць тры кіламетры ад Магілёва. А тады, калі сюды перасялілася сям'я Грубэ, тут былі царква Дзімітрыя Растоўскага, 412 хатак, тры невялікія гарбарныя фабрыкі, аптэка, дзевяць маслабойняў, бровар, млын і праводзіліся штогадовыя шумныя кірмашы. У той час у Краснаполлі жыло каля дзвюх з паловай тысяч чалавек... І ўжо з восені 1918-га Грубэ пачаў выкладаць у мясцовай школе прыродазнаўства і маляванне. Акрамя гэтага, стварыў аматарскую тэатральную трупу, для якой пісаў дэкарацыі, працаваў як рэжысёр і як акцёр.

А.Грубэ: "Захапленне скульптурай і жывапісам не пакідала мяне і тут. Калі школе было нададзена імя Мікалая Іванавіча Пірагова, я стварыў для яе скульптурны партрэт гэтага выдатнага хірурга, а Краснапольскаму клубу падарыў таксама партрэты Леніна і Маркса..."

 У Маскве ж рыхтавалася Першая сельскагаспадарчая выстаўка. І Грубэ вырашыў прыняць у ёй удзел. А чаму не паспрабаваць? Не святыя гаршкі лепяць! І Аляксандр адразу трапіў у брыгаду знакамітага скульптара Івана Шадра. Знаёмства і сяброўства з Шадрам аказаліся для Грубэ вельмі плённымі. Цэлымі днямі малады мастак альбо прападаў у майстэрні аўтара "Сейбіта", якая месцілася побач з Краснай плошчай, альбо шпацыраваў па Маскве разам са сваім настаўнікам.

А.Грубэ: "Іван Дзмітрыевіч уключыў мяне ў брыгаду па выкананні грандыёзнага помніка на тэрыторыі сельгасвыстаўкі. Тэма помніка - "Барацьба чалавека з зямлёй". Але супрацоўніцтва не адбылося, бо не хапіла сродкаў на гэты манумент..."

І Грубэ вяртаецца ў Краснаполле, абцяжараны двума пудамі гіпсу. Ён прачытаў у газеце, што абвешчаны конкурс на праектаванне помніка драматургу Аляксандру Астроўскаму, і стварыў праект. А потым узяў і... вылепіў даволі падобны партрэт Леніна, якога ён бачыў на фотаздымках у часопісах і газетах. Пра гэта неўзабаве даведаліся ў Мінску, і ў 1922 годзе "айцы горада" запрасілі скульптара ў сталіцу, абавязкова - з гэтым партрэтам, каб устанавіць яго ў клубе імя Карла Маркса. Бюст быў усталяваны ўрачыста, пры вялікай колькасці публікі. Гэта вам не жартачкі: першы Ленін у Беларусі!

А.Грубэ: "Гэтым часам ішло будаўніцтва ўніверсітэта. Для яго мне замовілі статую Уладзіміра Ілліча, якая была выканана праз год і ўстаноўлена на першай пляцоўцы галоўнай лесвіцы новага будынка. Насупраць тэатральнага сквера мне прадаставілі майстэрню. Тут я стварыў партрэт Кастуся Каліноўскага і праект помніка яму. Тут нарадзілася галава Рабочага і стылізаваны бе/i/content/pi/cult/322/5782/15-1.jpgларускі Лірнік. Усе гэтыя работы экспанаваліся на Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы 1925 года..."

 З ліста А.Грубэ - аўтару гэтых радкоў: "У Мінску стаялі гарачыя ліпеньскія дні 1925 года. Толькі ў Доме Саюзаў на плошчы Свабоды было халаднавата. Сцены былі тоўстыя, прыступкі - каменныя. Відаць, манахі дыхтоўна будавалі гэты дом, з разлікам на доўгі час. А за будынкам яшчэ захаваліся манастырская сцяна і фасад напаўразбуранага касцёла. У адным з калідораў Дома Саюзаў, за дзвярамі з надпісам "Саюз работнікаў мастацтваў" ішло пасяджэнне членаў бюро гэтага аб'яднання. Там былі акцёры, музыканты, эстраднікі і прафсаюзныя дзеячы. Калі я ўвайшоў, старшыня, пабачыўшы мяне, гучна і радасна выгукнуў: "Вось і мастак! А нам якраз не хапае ў бюро мастака!" На што я адказаў: "Які я мастак? Я школьны работнік, шкраб я..." Але старшыня, мой даўні знаёмы, з веданнем справы прадставіў мяне сходу так: "Вось ён, такі школьны работнік, які зрабіў скульптуру Уладзіміра Ілліча і ўстанавіў яе ў клубе Карла Маркса! А зляпіў ён гэтую скульптуру на Магілёўшчыне, у мястэчку Краснаполле, і доўга вёз яе гужам па грунтавых дарогах амаль што на руках, бо была яна з засушанай гліны і вагою ў шаснаццаць пудоў! Давайце ж гэтага аўтара са шкрабаў перавядзём у наш Саюз і зробім членам бюро!" Апладысменты: усе - "за"... Так я стаў членам Саюза работнікаў мастацтваў, па-руску - РАБИС. Тут жа атрымаў даручэнне: актыўна ўцягваць і залучаць мастакоў для ўдзелу ў будаўніцтве новай сацыялістычнай культуры. Асабіста мне даручылі зрабіць скульптуру У.І. Леніна для новага будынка Вышэйшай партшколы. Пад майстэрню адвялі невялічкі закінуты магазін, дзе я цягам года працаваў над статуяй правадыра. І за гэты час блізка пазнаёміўся з мінскімі мастакамі ды мастакамі з правінцыі. Менавіта ў размовах з імі і ўзнікла ідэя арганізаваць у Мінску Першую Усебеларускую мастацкую выстаўку..."

 (Заканчэнне будзе.)

Барыс КРЭПАК

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"