“Хлеб…” для таварышаў

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Цікавы мастацкі праект стартаваў днямі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/322/5779/14-4.jpgВыстаўка "Дарогамі перамог. Бацька і сын Федарэнкі" прысвечана 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя ўключае замалёўкі Мікалая Федарэнкі, удзельніка партызанскага руху, салдата Чырвонай Арміі, зробленыя ў 1943 - 1945 гадах. У мастацкіх творах, прадстаўленых у межах экспазіцыі, у тым ліку ў палатне "Хлеб партызанам", адлюстравана тэма народнай мужнасці і гераічнасці.

Як адзначыла куратар выстаўкі Наталля Філіповіч, мастак-франтавік Мікалай Федарэнка заўсёды меў у кішэні аловак, нататнік ці нейкую паперчыну. І ў хвіліны вольнага часу, у тым ліку пасля жорсткіх баёў з фашыстамі, маляваў франтавыя сюжэты, рабіў побытавыя замалёўкі і партрэты баявых таварышаў.

Акрамя таго, на выстаўцы прадстаўлены таксама асабістыя рэчы мастака, фотаздымкі, каштоўныя дакументы. І, вядома ж, частку экспазіцыі займаюць карціны Святаслава Федарэнкі, які прысвяціў выстаўку памяці бацькі, а таксама ўсім мастакам-ветэранам.

 Чакаецца, што частку работ Мікалая Федарэнкі яго сын перадасць у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для экспанавання ўжо ў новым будынку.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"