Серпанціна “ў кадры”

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Пра баявы кодэкс шляхецкай зброі

/i/content/pi/cult/322/5778/14-0.jpgКожную гістарычную эпоху, сярод іншага, вызначаюць і элементы адзення яе прадстаўнікоў. І калі сёння цяжка ўявіць "знакамітасць" без каштоўнага наручнага гадзінніка, то некалькі стагоддзяў таму атрыбутам статуса ў грамадстве з'яўлялася наяўнасць слуцкага пояса і шаблі, якая мусіла заўсёды дапаўняць касцюм шляхціча.

 У XVII - XVIII стст. гэты від халоднай зброі пераўтварыўся ў знакавую, культавую рэч. Шаблю з гонарам насілі ўсе прадстаўнікі шляхецкага саслоўя: ад вышэйшых асоб дзяржавы да засцянковай шляхты. Больш за тое: побач з найбольш дарагімі родавымі рэліквіямі яна пераходзіла ў спадчыну па мужчынскай лініі, а ў пакоі сярэднезаможнай шляхты вісела звычайна над ложкам гаспадара. Ды і на тагачасных парадных партрэтах магнатаў шабля "трапляла ў кадр" амаль заўсёды.

Традыцыйная шляхецкая шабля прыйшла на нашы землі з Усходу, дзе была распаўсюджана здаўна. У XVI - XVII стст. у Цэнтральнай Еўропе сярод паясной зброі меч паступова страціў сваю значную, сімвалічную ролю, а на першае месца па папулярнасці выйшлі шпага і шабля. Але менавіта апошні від зброі выдатна "прыжыўся" на абсягах Рэчы Паспалітай. І тое, што на нашых землях атрымаў шырокае распаўсюджанне менавіта ўсходні тып зброі, тлумачыцца ўласцівым той эпосе захапленнем усходняй культурай, што яскрава праявілася таксама ў мужчынскай вопратцы. Перавагу шаблі таксама бачылі ў тым, што яна, у адрозненне ад мяча ці шпагі, лепш бароніць галаву ў час бою.

Пра вялікае значэнне шаблі ў светапогляднай сістэме /i/content/pi/cult/322/5778/14-1.jpgшляхты сведчыць яе ўваходжанне ў рытуалы, у тым ліку сакральныя. У прыватнасці, узнік шэраг такіх досыць спецыфічных звычаяў, як выманне шаблі да паловы з ножнаў перад Евангеллем пад час службы ці праслухоўванне імшы ў поўным узбраенні з узнятай шабляй, што выклікала бурныя дыскусіі. Гэты від зброі - праўда, у драўляным варыянце - прадстаўлены і ў традыцыйнай народнай культуры. У свой час драўляная шабля была атрыбутам абрадавай вопраткі адмысловага рытуалу, які праводзіўся напярэдадні Вялікадня.

Шляхціч звычайна меў дзве асноўныя шаблі: адну - парадную, пад адпаведны строй і ўрачысты выпадак, і іншую - баявую, "чорную". Клінкі найлепшых шабляў рабіліся з адборнай сталі ці "дзівіру"- жалезнага дроту, распаленага на агні і пракаванага кувалдай. Простая, масавая, шабля рабілася з жалеза, прычым асноўная маса зброі - мясцовага вырабу з айчыннай сыравіны.

У Рэчы Паспалітай пашырыліся розныя тыпы баявых шабляў са сваімі назвамі. У прыватнасці, на сандамірскіх і кракаўскіх фабрыках выраблялася аўгустоўка і зыгмантоўка (дзве гэтыя шаблі, па сведчаннях сучаснікаў, маглі без шкоды для сябе сячы жалезныя цвікі), карысталася попытам і батораўка. Як бачна, шаблі атрымалі свае назвы ад каралёў, партрэты і імёны якіх былі выгравіраваны на зброі. З канца XVIII ст. існаваў тып шаблі, названы ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Вялікай павагай ва ўсім свеце, у тым ліку ў Вялікім Княстве Літоўскім, карысталася турэцкая шабля з дамаскай сталі, на якой звычайна былі выгравіраваны цытаты з Карана. Найбольш крывая шабля называлася "серпанціна": менавіта яна звычайна ўжывалася ў паядынках.

Асабліва цаніліся парадныя шаблі XVII - XVIII стст., зробленыя львоўскімі армянамі. Варта падкрэсліць, што практычна ніколі не выкарыстоўвалася ў баі і вельмі рэдка ўжывалася ў паядынках парадная карабэла імпартаваная з-пад Багдада або мясцовай вытворчасці. Гэта была лёгкая, вузкая зброя з багата аздобленай ручкай: з агату, аметысту, замацаваная залатымі цвікамі. Менавіта карабэла досыць часта сустракаецца на магнацкіх партрэтах.

 Багата аздобленая шабля з'яўлялася істотнай часткай урачыстага падарунка. Да прыкладу, у 1695 г. кароль Ян Сабескі падарыў у дзень шлюбу дачкі свайму зяцю Максіміліяну Эмануілу, сярод іншых каштоўных рэчаў, шаблю: залатое дзяржальна яе ўпрыгожвалі перліны, з залатымі ножнамі, аздобленымі дыяментамі, рубінамі і сапфірамі.

Асноўны тып шляхецкай шаблі- гэта простая, "чорная" шабля, якая магла таксама называцца палашом. Яна была самай масавай, "працоўнай" шабляй сярэднеі малазаможнага шляхціча. "Чорная" - гэта крывая шабля з крыху дугападобным перакрыжаваннем - крыжам, абавязкова гранёным, з малой скобачкай, куды ўваходзіў вялікі палец. Ножны для гэтых шабляў рэдка рабіліся з якаснай скуры барана (дрэва, абцягнутага скурай), а часцей былі са скуры вугра.

З цягам часу ў шабляў з'явілася гарда - "фурдымент", якая складалася з жалезных прутоў і бляшкі ў сярэдзіне шырынёй з далонь, што дугападобна ахоплівала дзяржальна. Як пісаў польскі гісторык другой паловы ХУІІІ ст. Ежы Кітовіч, моду на шырокія ножны ў Рэчы Паспалітай ўвялі "ліцвіны", і толькі потым яна пашырылася і па ўсёй Кароне. Шаблі з вялікімі крыжамі і шырокімі ножнамі насілі звычайна тыя, хто служыў пры шляхецкім двары, а таксама, як піша Е.Кітовіч, "шулера і шалопуты".

Цікава, што шабля, апрача сімволікі, несла і даволі канкрэтную інфармацыю. У прыватнасці, на гэтай зброі сустракаліся надпісы рэлігійнага зместу, імёны ўласнікаў, звесткі пра тое, якім шляхам і ад каго шабля трапіла да цяперашняга гаспадара. На іх маглі быць размешчаны партрэты каралёў, даты, вензелі, разнастайная сімволіка. Гэта рабіла шаблю артэфактам мастацкага значэння.

Пры ўсім тым, яе яшчэ патрэбна было і правільна насіць. Найбольш пашыраны старажытны спосаб - на левым баку, калі крыж знаходзіўся на ўзроўні пояса, а ножны трымаліся на раменных паясах ці тасёмках са шнура: залатых, срэбных або ўпрыгожаных гэтымі металамі. Паясы ці тасьмы абдымалі левы бок і сыходзіліся ў вузел на спіне над поясам па цэнтры цела. Пазней з'явіўся іншы спосаб павязвання, калі шабля вісела над каленам, і пры хадзе яе трэба было трымаць за крыж ці несці пад пахай, повязь пры гэтым блыталася. Гэта было ўльтрамодна, але нязручна, і таму дадзеная мода праіснавала ў XVIII ст. усяго пяць - шэсць гадоў. Майстэрству фехтавання вучылі хатнія настаўнікі, а таксама персанальна ў калегіумах.

Валоданне шабляй было пастаўлена ў Рэчы Паспалітай на высокі ўзровень. Пісьменнік XVIII ст. Ф.Язерскі апісваў старадаўняе "мастацтва" фехтавання. Да яго далучаліся "студэнты" езуіцкіх і піярскіх навучальных устаноў, дзе адной з найбольш папулярных забаў былі "пальцаты"- паядынкі на спецыяльных кіях. Прычым яны мелі месца і ў асяроддзі прафесарскай моладзі. Пальцаты былі ў шырокім ужытку нават у сценах навучальнай установы - паміж лекцыямі, і той, хто не адважваўся ўступіць у паядынак, ганьбіўся ўсімі навучэнцамі.

Адной з найбольш пашыраных праяў бытавога выкарыстання зброі былі паядынкі, двубоі. Што і казаць, змагаліся за ўсё: за гонар караля, сваякоў, партыі, дам, сяброў і, канешне ж, за свой. Былі ў той час і свае "рэкардсмены". Так, шляхціч з Брэстчыны Якуб Багуслаўскі правёў больш за пяцьдзясят двубояў, пятнаццаць з якіх скончыліся смерцю праціўніка. Як можна меркаваць, дзясятак дуэляў для шляхціча, нават заможнага, не быў нечым незвычайным. Але існаваў і баявы маральны кодэкс: з'яўленне крыві ў аднаго з праціўнікаў мусіла стрымліваць другога.

У XVIII ст. шаблю у двубоі пачаў выцясняць пісталет, што ўспрымалася тады прадстаўнікамі шляхецкай шабельнай традыцыі як паказчык фізічна-валявога заняпаду моладзі, бо такім чынам вялікая роля належыла выпадку.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук

На ілюстрацыях: выявы шаблі на мініяцюрах з Радзівілаўскага летапісу; шабля на партрэце Тадэвуша Касцюшкі.