Стрэлы Перуна

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Бяспека жыцця

Цяжка паверыць, але штосекунду каля паўсотні маланак скіроўваюць на Зямлю свае небяспечныя стрэлы. Ад сустрэчы з імі гіне каля васьмі чалавек у дзень. У Беларусі маланкі кожны год забіваюць ці траўміруюць некалькі чалавек...

 Маланка - гэта гіганцкі электрычны іскравы разрад у 10 - 20 тысяч ампер. 90 працэнтаў трагедый, звязаных з ударамі "стрэл" Перуна, адбываецца ў сельскай мясцовасці. Ці можна ўратавацца ад маланак?

 Калі навальніца заспела вас на вуліцы, у парку ці лесе, не хавайцеся пад адзінокімі дрэвамі. Чым яно вышэй, тым большая верагоднасць, што ў яго патрапіць маланка. Часцей за ўсё "мішэнямі" для яе становяцца дуб, таполя, сасна, яліна, радзей - бяроза, ліпа. Маланкі практычна ігнаруюць алешыну. У лесе лепей хавацца ад іх у густым хмызняку.

Пры набліжэнні навальніцы трэба як мага далей адысці ад вадаёма. Надзейнае сховішча - аўтамабіль з зачыненымі вокнамі і апушчанай антэнай. Калі непагадзь заспела вас у дарозе, спыніцеся і перачакайце яе. Веласіпедыстам і матацыклістам, наадварот, лепей аддаліцца ад сваіх машын не менш чым на 30 метраў.

У горадзе схавайцеся ад навальніцы ў якім-небудзь будынку: у адрозненне ад прыпынкаў грамадскага транспарту, пабудовы маюць надзейную маланкаахову. Калі такой магчымасці няма, перачакайце непагадзь, прысеўшы на кукішкі пад невялікім дрэвам. Мабільнай сувяззю лепей не карыстацца.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска