Традыцыя перамог

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Гродзеншчына: конкурс і вопыт

У дзесяці музычных школах і школах мастацтваў Гродзенскага раёна займаюцца 928 дзяцей і падлеткаў. Ёсць у нас і трывалыя творчыя традыцыі. Адна з іх - правядзенне раённага фестывалю-конкурсу творчасці навучэнцаў, які прайшоў ужо дваццаць другі раз.

 Ён мае на мэце развіццё творчых здольнасцей дзяцей. Штогод дзесяць музычных школ і школ мастацтваў вядуць конкурсную барацьбу між сабой. Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел больш за сто дзяцей. Навучэнцы ДМШ і ДШМ у адборачных турах цягам месяца спрабавалі сябе ў самых розных музычных мастацтвах. У склад журы ўваходзілі выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, спецыялісты аддзела культуры.

 Гала-канцэрт фестывалю-конкурсу адбыўся ў Абухаўскім цэнтры культуры і вольнага часу. З віншаваннямі да маладых выканаўцаў звярнуўся намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый Клімовіч. Добрыя словы прагучалі ад начальніка аддзела культуры Ігара Лябецкага. Лепшыя ўдзельнікі атрымалі дыпломы і сувеніры: гэта навучэнцы Скідзельскай, Гожскай, Індурскай дзіцячых музычных школ, Абухаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Гасцямі фестывалю стала эстрадная група ўзорнага духавога аркестра "Tutti" Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Аксана ГРЫНЦЭВІЧ, метадыст па музычнай адукацыі і выхаванні Гродзенскага РМЦНТ