Якога колеру вясна?

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Фестывалі: рэспубліканскі і абласны

Галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда паведаміў "К", што 11 чэрвеня ў Мінску пройдзе ІV Рэспубліканскі фестываль- кірмаш рамёстваў "Вясновы букет".

У маляўнічай Лошыцы традыцыйна збяруцца майстры народных мастацтваў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Чакаецца, што прыедуць творчыя дэлегацыі з Літвы і Латвіі. Па словах Івана Галабурды, у кірмашы будуць браць удзел каля 400 рамеснікаў, што працуюць практычна ва ўсіх жанрах традыцыйнага мастацтва.

 На кірмашы можна будзе не толькі прыцаніцца да ўпадабанай рэчы, але і наведаць майстар-клас ганчара ці разьбяра па дрэве. Апрача гэтага, "Вясновы букет" славіцца адмысловымі тэатралізацыямі і запамінальнымі канцэртамі фольк-гуртоў.

А 7-8 мая адбыўся Абласны фестываль народнай творчасці "Вясновыя колеры". Намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандр Шаўлюга паведамляе, што ў праграме фэсту апрача святочнага шэсця прайшлі канцэрты мастацкіх калектываў, выстаўка-продаж работ майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў Магілёўшчыны, іншых рэгіёнаў рэспублікі. У РЦК на ўрачыстым адкрыцці выступілі Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Ансамбль песні, музыкі і танца "Медуніца".

 А завяршыўся форум "Вясновыя колеры" канцэртам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь "Тэатр песні "Шынанай" Палаца мастацтваў Бабруйска.