Каштарыс для гульні з бронзавага веку

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Кола любанскіх праблем у прасторы ад ЦРБ да ДШМ

/i/content/pi/cult/322/5773/13-1.jpgНовы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз

З Любанскім раёнам Мінскай вобласці ў "К" даўнія кантакты. Неаднойчы нашы карэспандэнты прыязджалі сюды на фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці "Чароўны куфэрак", што даўно "перарос" статус абласнога мерапрыемства. На старонках газеты часта друкавалася інфармацыя пра поспехі і творчыя здабыткі народных і ўзорных калектываў гэтага рэгіёна Міншчыны, а начальнік мясцовага аддзела культуры Васіль Каткавец - пастаянны ўдзельнік нашых он-лайн-канферэнцый ды "гарачых ліній" і, што таксама вельмі важна, адданы чытач "К" і рубрыкі "Закон крэатыву: фармат абнаўлення"... Кажу гэта таму, што на свае вочы бачыў тыя выпіскі ды нататкі, якія робіць Васіль Сцяпанавіч пасля кожнага выхаду новага нумара "К"... І, натуральна, шмат што бярэ для сваёй дзейнасці, з чымсьці з агучанага калегамі- не пагаджаецца і аспрэчвае, але аналіз матэрыялаў нашых карэспандэнтаў вядзе пастаянна. Захопленасць і адданасць Васіля Каткаўца, які ўжо трыццаць гадоў працуе ў сферы культуры (з іх шаснаццаць- начальнікам аддзела), уражвае. Менавіта дзякуючы ягоным праектам Любаншчыну ведаюць не толькі на Міншчыне. Мяркуйце самі. У раёне ўжо не першы год ладзяцца рэгіянальны фестываль народнага мастацтва "Палескі трохкутнік", фестываль гумару "На гулянічы ў Баянічы", свята "Фальклорная вандроўка" - да дня нараджэння вядомага фалькларыста і этнографа Паўла Шпілеўскага... А сапраўдным гонарам мясцовых і абласных улад стаўся новы будынак Любанскай ДШМ, у якім сёлета ўжо распачаліся заняткі... Натуральна, хапае ў культурнай сферы Любаншчыны і праблемных пытанняў. Маю на ўвазе складаную кадравую сітуацыю, а таксама слабую матэрыяльна-тэхнічную базу некаторых гарадскіх і сельскіх устаноў культуры раёна.

 

Народ пытаецца і прапануе

"Нам бы паболей спецыялістаў..."

Пра названыя "вузкія месцы" казалі і работнікі культуры Любаншчыны, і яе спажыўцы.

Сяргей Кубец, выкладчык Любанскай ДШМ, г. Любань:

 - Школа ў нас цяпер новая, вельмі прыемна і прэстыжна тут працаваць. Музычных інструментаў дастаткова, але нам бы паболей спецыялістаў сюды. Напрыклад, не хапае іх на духавым аддзяленні... Ведаю, што не стае і харэографаў... Маладыя выкладчыкі да нас прыходзяць, але, на жаль, не затрымліваюцца: хто паступае ў ВНУ, хлопцаў у войска забіраюць, а хто сам сыходзіць пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі...

 Таццяна Міхайлаўна, рабочая, г. Любань:

- Не магу не пахваліць нашых бібліятэкараў: добра працуюць, заўсёды параяць, што пачытаць, распавядуць пра ўсе кніжныя навінкі. Але ж умовы для працы ў бібліятэцы... У памяшканнях - халодна, ды і дах вось ужо каторы год працякае... Ці выправяць гэтую праблемную сітуацыю сёлета?..

Міхаіл, студэнт-завочнік, г. Любань:

- У нас у горадзе ёсць цікавы аб'ект - стары драўляны будынак былой сінагогі. Раней у ім размяшчалася Дзіцячая школа мастацтваў. Ведаю, вельмі патрэбны там рамонт... Ці будзе ён праведзены, і ўвогуле, што плануюць рабіць з аб'ектам?..

 

Школа, што пабудаваў...

 "Мая мара - здзейснілася". Гэтыя словы Васіля Каткаўца - пра будынак Любанскай дзіцячай школы мастацтваў. Будаўнічая эпапея, што расцягнулася на пяць гадоў і каштавала звыш 10 мільярдаў рублёў, цяпер скончана. Шыкоўныя кабінеты для заняткаў 240 навучэнцаў, сучасная мэбля, новыя інструменты - гэта толькі невялікі пералік таго, што ёсць цяпер у новым будынку.

Каб агледзець школу мастацтваў, цікаўнаму наведвальніку спатрэбіцца не адзін дзясятак хвілін і абазнаны экскурсавод. Па плане, у хуткім часе ў адным з вялікіх пакояў школы "прапішацца" і філіял Любанскага музея народнай славы - ягоная выставачная зала. Першая, "пілотная", выстаўка карцін мясцовага мастака ўжо зладжана ў адным з пакояў ДШМ. Наведвальнікаў было шмат. А ўсё таму, што сёлетні "Чароўны куфэрак" ладзіўся на базе ДШМ: госці ды ўдзельнікі фестывалю напоўніцу ацанілі і новы будынак школы, і, натуральна, месца для экспазіцый.

Ва ўнутраным дворыку навучальнай установы з цягам часу плануецца праводзіць камерныя мерапрыемствы. Па словах Васіля Каткаўца, тут можна будзе ладзіць карпаратывы і вясельныя банкеты, зарабляючы такім чынам у "скарбонку" платных паслуг.

Адным з праблемных пытанняў для Любанскай ДШМ застаецца кадравае. Як распавёў Васіль Каткавец, пакуль у школе не стае харэографаў, музыкантаў, спецыялістаў па духавых інструментах: "І гэтыя пытанні трэба вырашыць да пачатку восені, тым больш, што з 1 верасня ў школе плануецца адкрыццё новага харэаграфічнага аддзялення".

 

Адшукаць ліса

Любанскі музей народнай славы - адна з найлепшых устаноў культуры не толькі раёна, але і ўсёй Міншчыны. Летась ён быў прызнаны лепшым музеем вобласці.

 І гэты ганаровы статус установа атрымала цалкам заслужана. Напрыклад, летась, па словах яе дырэктара Наталлі Сіняк, на аказанні платных паслуг музейшчыкі зарабілі блізу 20 мільёнаў рублёў. Між тым, уваходны білет у музей можна набыць усяго за... 250 рублёў. І гэтая сімвалічная цана, як лічыць кіраўнік установы Наталля Сіняк, цалкам апраўданая. Справа ў тым, што супрацоўнікі музея актыўна развіваюць турыстычны накірунак сваёй дзейнасці: ладзяць экскурсіі не толькі па Любаншчыне, а і па ўсёй Беларусі: у Мінск, Мір, Нясвіж, Навагрудак, Тураў, Жыровічы і шмат куды яшчэ. Зразумела, тое прыносіць неблагі "прыварак" да плана платных паслуг. Напрыклад, з дваццацімільённага плана тры чацвёртыя зароблены за кошт экскурсійнай дзейнасці.

Хоць і каштуе білет у музей вельмі мала, паглядзець тут ёсць на што. Нездарма ж фонд установы складае блізу 25 тысяч экспанатаў! Унікальныя старажытныя касцяныя вырабы суседнічаюць з узорамі зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны, а калекцыя баністыкі, якая ёсць ва ўстанове, прывядзе ў захапленне калекцыянера папяровых грошай розных эпох і народаў...

Не магу не распавесці і пра адзін арыгінальны маркетынгавы ход Любанскага музея народнай славы. Супрацоўнікі музея пачалі ладзіць у Ноч музеяў разнастайныя мерапрыемствы. Адно з іх адбылося летась і выклікала сапраўдны фурор у жыхароў горада. Называлася яно "Азартныя гульні бронзавага веку". Тры племені- "Белай гусі", "Ліса" і "Выдры" - змагаліся за каштоўны прыз. Цягам конкурсу трэба было адшукаць па "слядах" таго або іншага звера, "забіць" яго дроцікам, "асвежаваць" з дапамогай нажа, выканаць "рытуальны" танец і зрабіць шмат чаго яшчэ... І ўсё гэта - у позні вечаровы час. Таму не адзін цікаўны любанец, шпацыруючы па вуліцах горада, у здзіўленні завітваў у шырока адкрытыя дзверы музея, каб дазнацца, што тут адбываецца, - і, натуральна, заставаўся да канца дзеі.

Дарэчы, Наталля Сіняк запрасіла карэспандэнтаў "К" наведаць і сёлетнюю Ноч музеяў у Любані, раскрыўшы толькі для нашай газеты назву мерапрыемства: "Сярэднявечнае казіно". На ім таксама будзе шмат незвычайнага.

 

Толькі б не было дажджу...

 Пры ўсіх дадатных баках у развіцці культурнай сферы Любані, ёсць тут і шэраг праблемных аб'ектаў, і найперш гэтыя словы датычацца Цэнтральнай раённай бібліятэкі. З часу свайго "нараджэння" - а гэта 1954 год- будынак установы ні разу капітальна не рамантаваўся. Таму цяпер у ім некамфортна і людзям, і кнігам.

Шматлікія шчыліны і падцёкі ад вады на столі, холад у памяшканнях, старая мэбля, нястача камп'ютарнай тэхнікі- вось тыя праблемы, што стаяць цяпер перад установай культуры.

- Стаміліся ўжо хадзіць на працу ў цёплым адзенні, стаміліся падстаўляць вёдры і тазікі, калі ідзе дождж,- казалі мне ў адзін голас супрацоўнікі Любанскай ЦРБ. - З-за нізкай тэмпературы ў памяшканнях чытачы ў нас не затрымліваюцца - ні дарослыя, ні дзеці, бо сесці пачытаць газету або кнігу проста немагчыма: вельмі халодна...

Да таго ж, па словах бібліятэкараў, у некаторых пакоях установы неаднаразова абвальвалася тынкоўка, і толькі цудам пры гэтым ніхто не пацярпеў.

А што ж улады раёна? Праблемнай сітуацыі ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы не адзін год. І пастаянна кіраўніцтва абяцае выправіць становішча. Але, як кажуць, воз і цяпер там.

- Мы цягам пяці гадоў звярталіся да свайго кіраўніцтва, паведамляючы аб нездавальняючым стане будынка бібліятэкі, - кажа дырэктар ЦБС раёна Таццяна Астрэйка. - Але сітуацыя змянілася ў лепшы бок толькі нядаўна. Летась мы зрабілі экспертызу на рамонт даху ўстановы, а сёлета - праектна-каштарысную дакументацыю. Як мяне запэўнілі, грошы на рамонт паступяць у другім паўгоддзі бягучага года. Вельмі спадзяёмся, што сёлета гэтая сапраўды надзённая праблема будзе вырашана.

 

Сарачы рэспубліканскія

Аграгарадок "Сарачы" знаходзіцца непадалёк ад Любані. Гэта першае паселішча ў раёне, якое атрымала "аграгарадоцкі" статус. Для мясцовых жыхароў працуе шыкоўны сельскі Дом культуры, на базе якога праходзяць нават і раённыя мерапрыемствы, бо глядзельная зала тут - амаль на 400 месцаў, нашмат больш, чым у Любанскім РЦК. Сюды даволі часта прыязджаюць з канцэртамі зоркі беларускай эстрады. Пры ўстанове працуе шэраг клубных фарміраванняў, як кажуць, на любы густ, ёсць калектыў са званнем "народны" - хор "Прасніца", а культработнікі СДК летась зарабілі на аказанні платных паслуг больш за 30 мільёнаў рублёў.

Пра адну акцыю мясцовых культработнікаў варта сказаць асобна. Цягам доўгага перыяду пры ўстанове аказваюць дапамогу шматдзетным сем'ям, дзіцячым дамам-інтэрнатам, прыёмным дзецям. Гэтая дабрачынная акцыя папулярная ў Беларусі, і цягам апошніх гадоў ужо займела рэспубліканскую вядомасць пад назвай "Спартсмены - дзецям". Таму тут, у Сарачах, пабывалі АляксандрГлеб, Дзмітрый Дашчынскі, Юлія Несцярэнка і многія іншыя знакамітыя беларускія спартсмены...

У такой выніковай дзейнасці - неаспрэчная заслуга дырэктара Дома культуры Фёдара Крупянькова, які, дарэчы, таксама пастаянна чытае і аналізуе матэрыялы, што друкуюцца на старонках "К". А галоўная праблема, якая сёння хвалюе кіраўніка ўстановы, - рамонт СДК. Патрэбна ўсталяванне сістэмы ацяплення, замена вокнаў, рамонт канцэртнай залы - карацей, поўная мадэрнізацыя Дома культуры. А аб'ект гэты - досыць вялікі, пабудаваны яшчэ за савецкім часам. Каб правесці ўсе неабходныя работы, патрэбна, па словах Фёдара Фёдаравіча, некалькі мільярдаў рублёў.

 

/i/content/pi/cult/322/5773/13-2.jpgНамеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара ДАСТАНКА адразу пагадзілася на традыцыйную райвыканкамаўскую "лятучку", ініцыяваную "К". Гутарка, у якой, натуральна, прыняў удзел і начальнік мясцовага аддзела культуры Васіль КАТКАВЕЦ, вялася як пра перспектывы развіцця сацыякультурнай сферы Любаншчыны, так і пра тыя надзённыя праблемы, што хвалююць жыхароў раёна.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Любанскі раён - адзін з найбольш "прасунутых" у развіцці культурнай сферы. Гэтаму, натуральна, спрыяе і толькі што пабудаваная школа мастацтваў...

 Тамара ДАСТАНКА:

- Так, дадзены аб'ект - наш гонар. Нездарма сёлета на базе ўстановы культуры адбыўся чарговы, восьмы па ліку, фестываль тэатральнай творчасці "Чароўны куфэрак". А калі казаць пра сферу культуры ў цэлым, дык, на маю думку, за апошнія гады ў лепшы бок якасна змянілася праца культработнікаў - не толькі ў гарадскіх установах культуры, але і на сяле. Напрыклад, на Любаншчыне цягам апошніх гадоў былі рэалізаваны праекты па захаванні народнай традыцыйнай культуры. Як вынік, летась наш дзіцячы фальклорны калектыў "Верабейкі", што працуе пры Раённым цэнтры культуры, стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю "Берагіня".

 Васіль КАТКАВЕЦ:

- У рамках праграмы "Танцавальны фальклор і дзеці" мы працуем сапраўды досыць плённа.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Так, фальклор і народныя традыцыі на Любаншчыне не толькі захоўваюць, але і паспяхова адраджаюць, прапагандуюць. Наколькі я ведаю, у раёне - блізу 30 фальклорных калектываў, што часта выступаюць з канцэртамі як у раёне, так і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Думаю, аўтэнтычныя ансамблі маглі б зацікавіць і турыстаў, якія прыязджаюць на Любаншчыну, каб адпачыць у аграсядзібах. Некаторыя аддзелы культуры Беларусі маюць з аказання падобных паслуг неблагую "капейчыну"...

Васіль КАТКАВЕЦ:

- Гэта мая мара - каб нашы шматлікія фальклорныя калектывы былі задзейнічаны ў аграсядзібах. Але, на жаль, у раёне - пакуль што толькі дзве падобныя ўстановы, таму і праца з іх уладальнікамі- справа будучыні.

Тамара ДАСТАНКА:

- Упэўнена, што паступова, калі будзе развівацца аграэкатурызм, мы абавязкова выйдзем на супрацоўніцтва з прыватнікамі. Напрыклад, даволі плённа супрацоўнічаем са спонсарамі: яны фінансуюць выезды нашых шматлікіх калектываў на мерапрыемствы, што ладзяцца як у Беларусі, так і за мяжой. Таму і з супрацоўніцтвам паміж уладальнікамі аграэкасядзіб і фальклорнымі калектывамі праблем, упэўнена, узнікнуць не павінна.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Яшчэ год таму, сустрэўшыся ўпершыню з Васілём Каткаўцом на размеркаванні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, даведаўся, што ў раёне не хапае харэографаў. Сёлетняя сітуацыя мала чым адрозніваецца ад леташняй: як мне распавялі ў Любанскай ДШМ, тут не стае не толькі харэографаў... Як плануеце вырашаць кадравае пытанне?

Тамара ДАСТАНКА:

- Сапраўды, да нас у раён не вельмі жадаюць прыязджаць выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў і вучылішчаў культуры. Думаю, у першую чаргу гэта звязана з тым, што Любаншчына- аддаленая ад Мінска. А яшчэ прыезджых маладых спецыялістаў хвалюе жыллёвае пытанне. Паступова мы яго вырашаем. Напрыклад, у нас ужо амаль няма чаргі на будаўніцтва кааператыўнага жылля.

Васіль КАТКАВЕЦ:

- Сёлета да нас прыедуць пятнаццаць маладых спецыялістаў пасля размеркавання ў ССНУ. Праўда, невядома, ці даедуць усе з іх: хтосьці можа паступіць у ВНУ. Таму асноўны ўпор рабілі і будзем рабіць на мясцовыя кадры. Напрыклад, сёлета я ўжо накіраваў пяць чалавек на курсы перападрыхтоўкі ў новаствораны Інстытут культуры Беларусі. Прадоўжым гэтую практыку і ў далейшым.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пабывалі ў шэрагу ўстаноў культуры раёна. Патрэбны рамонт фасада Камунараўскага СДК, а Дом культуры ў аграгарадку "Сарачы" чакае мадэрнізацыі...

Тамара ДАСТАНКА:

- Мы раней ужо выдаткавалі грошы на Камунараўскі СДК, бо гэта - унікальная ўстанова, якая прадастаўляе паслугі, як кажуць, на любы густ. Цяпер выдаткавалі грошы на рамонт Забалацкага дома культуры. Што да СДК аграгарадка "Сарачы", дык цяпер робім на гэты аб'ект ПКД, і, пры фінансавай падтрымцы Мінскага аблвыканкама, у хуткім часе, спадзяюся, распачнём там рамонтныя работы... Дадзенае пытанне цяпер вырашаецца...

Васіль КАТКАВЕЦ:

- Ужо аплацілі 47 мільёнаў рублёў, а ўвогуле ўся ПКД на гэты аб'ект будзе каштаваць каля 150 мільёнаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі працягваць гаворку пра матэрыяльна-тэхнічную базу, дык яна - досыць слабая ў некаторых гарадскіх установах культуры. Маю на ўвазе Раённы цэнтр культуры і Цэнтральную раённую бібліятэку...

 Васіль КАТКАВЕЦ:

- У сярэдзіне года плануем выдаткаваць грошы на рамонт даху ЦРБ. Паступова будзем вырашаць пытанне і з рамонтам раённага Цэнтра культуры. А ў тым драўляным будынку, дзе раней месцілася школа мастацтваў, а яшчэ раней - сінагога, плануем стварыць Школу рамёстваў, каб, з аднаго боку, захаваць гэты ўнікальны аб'ект, а з іншага- навучаць дзяцей розным відам традыцыйнага народнага мастацтва.

Тамара ДАСТАНКА:

- Так, і будзем звяртацца праз сайт райвыканкама, сайт нашай раённай газеты з просьбай, каб нам дапамаглі фінансава рэалізаваць гэты праект. Мы адкрыты да супрацоўніцтва і з яўрэйскімі арганізацыямі, можам нават зрабіць у будучай школе рамёстваў мемарыяльны пакой апошняга рабіна, што працаваў у гэтай сінагозе, - Мошэ Файнштэйна. А што да матэрыяльна-тэхнічнай базы шматлікіх устаноў культуры горада і раёна, дык я згодная з тым, што яна - даволі слабая. Але мы ведаем пра гэтую праблему і паступова будзем яе вырашаць. Старшыня Любанскага райвыканкама Васіль Акуліч сёлета, агучваючы праграму развіцця раёна, адзначыў адной з задач менавіта ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры Любаншчыны. І мы гэтую пастаўленую задачу абавязкова будзем выконваць.

 

Дэталь да агульнай карціны

Шахматы і зёлкі

Сельскі дом культуры вёскі Камуна - адна з найлепшых ўстаноў культуры Любаншчыны. А па выніках працы ў 2008 годзе яму было прысвоена ганаровае званне "Лепшы клуб Мінскай вобласці".

Ва ўстанове - дзевяць гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў, сярод якіх- спартыўны клуб "Асілак", дзе мясцовая дзятва за ўваходны білет коштам у пяцьсот рублёў можа пагуляць у більярд, настольны тэніс, шашкі і шахматы, а ў асобным пакоі - патрэніравацца на шматлікіх трэнажорах. Рэй спартыўнага жыцця вёскі вядзе Васіль Яскевіч, кіраўнік клуба і, па сумяшчальніцтве, пчалавод-аматар.

А за культурны складнік развіцця паселішча адказвае ягоная жонка- дырэктар Камунараўскага СДК Ірына Яскевіч. У клубе - сучасная светлавая і гукаўзмацняльная апаратура, дым-машына, лазары, тэлевізар і спадарожнікавая талерка, з дапамогай якой супрацоўнікі СДК паказваюць на тэлевізійным экране пад час танцавальных вечароў відэакліпы музычных каналаў... Таму на дыскатэках у Доме культуры, як кажуць, і яблыку няма дзе ўпасці. Усё гэта дазваляе кіраўніку СДК не хвалявацца за выкананне плана платных паслуг. Напрыклад, летась супрацоўнікі ўстановы зарабілі амаль пяць мільёнаў рублёў - нашмат больш, чым у некаторых аграгарадоцкіх дамах культуры, якія даводзілася наведваць цягам камандзіровачных выездаў.

Маюць у СДК вёскі Камуна і "Карчму" - утульны пакойчык, дзе можна за сімвалічную плату папіць гарбаты, заказаць кавы і проста пагутарыць з сябрамі. У планах кіраўніка Дома культуры - адкрыць пры ўстанове салонкраму па продажы збораў лекавых зёлак, сувенірных ткацкіх вырабаў і шмат чаго іншага. У тым, што крама ў СДК будзе запатрабавана, Ірына Яскевіч не сумняваецца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

 наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Любанскі раён - Мінск

 Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"