Чаго ж хоча Дудзінскі?

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Лідар “Да Вінчы” “без грыму”: творчасць, бізнес-разлік ці капрыз?

/i/content/pi/cult/322/5771/10-1.jpgДзяніс ДУДЗІНСКІ - адна з самых пазнавальных асоб айчыннага шоў-бізнесу. Бо аднолькава часта ён з'яўляецца і на тэлеэкранах, і на канцэртных сцэнах, уключаючы нашу, бадай, галоўную фестывальную пляцоўку - Амфітэатр "Славянскага базару ў Віцебску". Тая, дарэчы, апошнім часам усё больш выкарыстоўваецца ў цёплую пару года і для іншых праектаў, і для асобных канцэртаў і нават спектакляў. Вось і нядаўна там запісваўся праект Сталічнага тэлебачання з удзелам дзеячаў эстрады. Кожны з калектываў, сярод якіх быў і гурт "Да Вінчы", дзе спявае мой суразмоўца, атрымаў па цэлай гадзіне для сваёй прэзентацыі.

- Усё - толькі жывым гукам, - горача дзеліцца ўражаннямі Дзяніс. - Публіка прымала вельмі добра. Прычым слухачы былі не па запрашальніках, кожны прыдбаў білет. Таму, трэба спадзявацца, усе ішлі на тых артыстаў і калектывы, якіх па-сапраўднаму любяць.

 - Хто ваша аўдыторыя? Вы імкняцеся задаволіць тых, каму блізкае італьянскае мастацтва з яго жывапісным сімвалам "Джаконда", ці тых, хто асацыіруе гэтую краіну з кінастужкамі пра мафію?

- "Да Вінчы" - гэта проста вясёлая музыка. Яна даспадобы і ў дарагіх рэстаранах, і на выпускных вечарах, і, дабрачынна, у дзіцячых дамах. Выступаем паўсюль, дзе нас чакаюць. Бывае, вядома, ад нейкіх канцэртаў адмаўляемся: мы не хапаемся за любую прапанову, а ідзём, найперш, туды, дзе і нам цікава.

- Цікавасць - гэта тое, што рухае вамі ў жыцці?

 - Не цікавасць, не! Хутчэй, капрыз. Гэткі дзіцячы капрыз: "Хачу!". Хачу - і ўсё. Але як толькі дасягну нейкай больш высокай прыступкі, калі пачынаюць з'яўляцца нейкія першыя вынікі, становіцца нецікава. І я пераключаюся на штосьці іншае.

- Здаецца, вы паспрабавалі ўсё: тэніс, скалалажанне, падводнае плаванне, конны спорт, хор, студэнцкі тэатр, кіназдымкі, напісанне і выданне кніг... Можа, хіба малявання не было, якое вы і "кампенсуеце" назвай свайго гурта?

- Не, таксама было! І ў выяўленчую студыю хадзіў, і лінагравюрай запаліўся, але гэта ўсё дзіцячае, таму хутка завяршылася. Я і цяпер магу штосьці накідаць, але каб займацца гэтым сур'ёзна - лянота, ды і часу няма. І, галоўнае, навошта? Што ж да назвы гурта - яна ўзнікла неяк спантанна, без паралелей з жывапісам, без аніякіх глыбокіх філасофскіх ці сімвалічных сэнсаў.

 - Проста як нейкі "паказчык" італьянскага?

 - З італьянскай мовай усё было - амаль у заклад. Леанід Шырын сачыніў мелодыю, сталі думаць пра словы, хтосьці ўзгадаў, што я вучыў італьянскі... І раптам замацавалася. Пэўна, таму, што ўсім спадабалася. Прызнацца, мне самому палова песень, што мы спяваем, не даспадобы. Але пакуль людзі жадаюць чуць нас яшчэ ды яшчэ - мы будзем спяваць. Гэткі "бізнес", калі хочаце.

 - Бізнесам вы таксама спрабавалі займацца, нават адкрылі сваё святочнае агенцтва. Але потым ад гэтага адмовіліся. Творчасць вам бліжэй?

- Дзе вы бачыце тут творчасць? Чысты разлік! Прадуманая інтанацыя, аранжыроўка - з разраду той, што не выклікае непаразумення, словы - самыя простыя. Усё вельмі дасціпна: калі "Да Вінчы" не прыносіла б нам грошай, мы гэтым не займаліся б. Рабілі б штосьці іншае: можа, плітку клалі ці паркет. Іншая справа, што мне сапраўды пашанцавала: я займаюся тым, што прыносіць мне не толькі грошы, а яшчэ і задавальненне.

- А што ж тады, на вашу думку, творчасць?

- Не верце тым, хто кажа, што займаецца тым ды гэтым, бо жыць без гэтага не можа. Можа! Толькі, пэўна, не ўмее. Ці папросту хлусіць. Творчасць - гэта тое, што нараджаецца ў пакутах. Што прыносіць дыскусіі, бо адны гэта прымаюць, іншыя - катэгарычна, катастрафічна не. І мастак паміж імі - бы ў пастцы: куды бегчы? Туды ці сюды? Гэткі вечны пошук без надзеі на яго шчаслівае завяршэнне. А што такое, да прыкладу, "Чорны квадрат" Казіміра Малевіча? Для мяне - таксама не творчасць, а ўласнае бачанне свету. Во, прыдумаў формулу: творчасць - гэта веды, памножаныя на талент і на памкненне абавязкова дабрацца да вяршынь. Але ў мяне гэтага няма - я ж казаў! Хіба я спяваю? Так, мармычу штосьці ў мікрафон нізкім голасам - і хтосьці ў задавальненні. Мне гэтага хапае.

 - Можа, тады творчасць для вас - гэта праца вядучага? На тым жа "Славянскім базары ў Віцебску" вам даводзіцца, наколькі я ведаю, працаваць амаль выключна на імправізацыі...

- Вось, менавіта працаваць! Гэта таксама не творчасць - складаная, адказная, вельмі сур'ёзная, нават вар'яцкая, але ўсё ж такі праца. Мяне напружваюць ужо самі зборы: сцэнічныя строі, кашулі, хусткі, увесь гэты антураж, калі з мяне робяць "сапраўднага мача" - за ўсё тое адказваюць пэўныя людзі, я ім падпарадкоўваюся, але, калі можна было б, абышоўся б "без грыму". Калі я вяду той жа конкурс "Славянскага базару...", мая роля - быць на сцэне за гаспадара, а ўсім канкурсантам - за сябра. Яны прыязджаюць у чужую краіну, часта не ведаюць мовы, ды і само спаборніцтва, дзе кожны з іх прадстаўляе не проста сябе, а быццам увесь свой народ, ды яшчэ ў прамым эфіры... Тут хто заўгодна можа разгубіцца! А я знаходжуся побач з імі - літаральна з першага дня. Распытваю, "здабываю інфармацыю", каб потым кожнага з іх як мага лепш прадставіць гледачам. Таму звяртаюцца да мяне з любымі пытаннямі: і "Дзе тут прыбіральня?", і "Як я спяваў?". А калі журы выстаўляе балы - сітуацыя ўвогуле непрадказальная: лічбы могуць з'явіцца на табло адразу, а могуць - і праз некалькі хвілін. Ды і па тэлебачанні могуць рэкламу запусціць, папярэдзіўшы мяне праз навушнікі. І вось я стаю "пад прыцэлам" тэлекамер, з аднаго боку - сувядучая Анжаліка Агурбаш, а ў яе таксама свае "імправізацыі", з іншага - канкурсант, які не паспеў яшчэ адысці ад выступлення і хвалюецца, як яго ацэняць, у вуху - "Сыходзім на рэкламу!" ці яшчэ якія-небудзь "парады"... А галоўнае - ніколі не ведаеш, колькі часу трэба гэтак весела, нязмушана "размаўляць" з канкурсантам, і як ён на гэта адрэагуе. Памятаю, прыехала дзяўчынка з Кубы, ніякай іншай мовы, акрамя іспанскай, не ведае. Але ж і я не магу аднолькава добра падтрымліваць гутарку на ўсіх мовах свету! І якраз з іспанскай у мяне, так бы мовіць, "не вельмі": штосьці больш ці менш простае - калі ласка, перакладу, а так, каб лапатаць без перадыху, - канешне, не. Таму з той кубінкай мы дамаўляемся: маўляў, я запытаю ў яе тое ды гэта, а яна мне адкажа... карацей, тое, пра што дамовіліся. І вось, "паводле сцэнарыя", вымаўляю падрыхтаванае пытанне, а яе раптам як панесла! Словы ляцяць, бы з кулямёта, і ніводнага не разбярэш, бо іспанцы і кубінцы гавораць на розных дыялектах. Што тут рабіць?.. За адзін такі канцэрт па два кілаграмы вагі скідваю, а то і болей, а вы кажаце: творчасць... Праўда, пры скалалажанні скідваеш яшчэ больш...

- Добра, а што тады для вас адпачынак? Я ўжо зразумела, што дакладна - не горы і не паглыбленне з аквалангам... - Апошняе - пераключэнне ўвагі. Адпачынак жа - прабачце, ляжаць на канапе і нічога не рабіць. Ну, можа, хіба тэлевізар "пашчоўкаць" - так, бяздумна, чыста на аўтамаце. -Тэлевізар, а не камп'ютар?

 - Я чалавек абсалютна "некамп'ютарны", "неаўтамабілізаваны", езджу на метро. Ужо некалькі месяцаў як стаў вольным мастаком. І, ведаеце, мне так спадабалася! Прачынаюся, калі хачу, а не калі трэба (гэта калі нічога ў гэты дзень няма). Адчыняю халадзільнік, шукаю гародніну, садавіну, кефір - што ёсць, тое і добра. Уключаю тэлевізар. Калі надвор'е добрае, раблю шпацыр вакол дома. У абед прыязджае Вольга Рыжыкава, удзельніца нашага "давінчаўскага" трыа. Я саджуся да яе ў машыну, едзем катацца вярхом на конях. Потым - дамоў, вячэрні душ, кавярня з сябрамі ці трэніроўка па скалалажанні. Апоўначы магу фільм на DVD паглядзець - сам-насам, без "публікі". А зранку - новы дзень.

- Як жа ў такі размераны "расклад арыстакрата" ўпісваюцца разнастайныя падарожжы? У адной толькі Італіі вы бывалі, пэўна, безліч разоў...

- Сапраўды, шмат. Асабліва - у Венецыі. У некаторых раёнах, здаецца, ведаю там ужо кожны завулачак. Заўсёды цікава крочыць не толькі па распрацаваных турыстычных маршрутах, але і штосьці спазнаваць самастойна, пабачыць горад такім, якім яго, можа, яшчэ ніхто ніколі не бачыў. Першыя замежныя паездкі пачаліся, яшчэ калі вучыўся ў Лінгвістычным і спяваў у хоры. Адна з апошніх - разам з Вольгай і маёй маці: вельмі хацелася паказаць ёй "маю Італію", бо яна там ніколі не была. Наведалі Мілан, Венецыю...

 - Можа, з-за гэтага і італьянскую мову абралі? Маўляў, з дзяцінства хацелася ў Італію трапіць...

- Зусім не! На той час, у пачатку 90-х, італьянскую мову яшчэ толькі-толькі пачыналі ў нас выкладаць. Я вучыўся на патоку, дзе з трыццаці груп толькі дзве былі - з італьянскай мовай. Апынуўся ў адной з іх, можна сказаць, выпадкова: так студэнтаў падзялілі. І, як з часам высветлілася, зусім "не прагадаў". Тады італьянская толькі другі год як была ўведзена, а сёння яна - адна з самых запатрабаваных.

- Акурат з пачатку 90-х нават оперы ў нашым Вялікім тэатры сталі спявацца на мове арыгінала, збольшага - па-італьянску, на адной з самых спеўных моў свету. Дарэчы, наколькі вы як лінгвіст падзяляеце думку, што беларуская мова не саступае ў мілагучнасці італьянскай?

- Дадам, што, як ні дзіўна, але першымі гэта заўважылі іншаземцы. Бо многія рэчы лепей бачныя не зблізку, а менавіта на аддаленні. Так і тут: калі нам кажуць, якая прыгожая беларуская мова, некаторыя (а я такіх рэальна ведаю!) носам чмыхаць пачынаюць: "Ды ну? Вось італьянская - гэта зусім іншае: тут табе, маўляў, і мелодыя, і гармонія - песня, дый толькі!" А часам скажы тое ж самае італьянцу - і ён цябе не зразумее: "Што? Італьянская мова - музычная? Тая, на якой мы лаемся ды крычым адно на аднаго? Вось ваша беларуская - такая спеўная ды мілагучная!"

- А як наконт па-беларуску заспяваць?

 - Былі нават прапановы: маўляў, давайце перакладзём вашы тэксты на беларускую - і будзеце спяваць на матчынай мове. І праўда, адзін такі пераклад зрабілі. Але на тым імпэт нашых крытыкаў скончыўся: больш ніводнага тэксту нам не прапанавалі. Хаця "гразіліся", што літаральна закідаюць беларускамоўнымі песеннымі вершамі! Ёсць у некаторых такая рыса: крытыкаваць - гэта калі ласка, а ледзь штосьці трэба зрабіць - іх няма і не будзе. Увогуле, такое пытанне, пэўна, ніколі не паўставала б, калі б па-беларуску спявалі многія гурты. Гэта як на кірмашы: "А чаму вы бананамі гандлюеце, а не бульбай ды цыбуляй?" Прабачце, але чым хочам - тым і гандлюем, калі гэта не забаронена...

Пакуль ніша "Да Вінчы", можна сказаць, эксклюзіўная. Хаця... Як хацелася б, каб і ў Італіі хтосьці раптам узяў прыклад з Дзяніса Дудзінскага ды заспяваў... па-беларуску. Як тут не пагадзіцца, што модны цяпер "дыялог культур" узбагачае кожную з іх!

 Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Аляксея КАЛЕСНІКАВА