Рытм на ўзроўні эмоцый

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Тэатр вобразаў: Грым-Асы

/i/content/pi/cult/322/5770/9-5.jpgУ Віцебскім абласным мастацкім музеі працуе выстаўка малюнкаў... тэатральным грымам па паперы пад назвай "ГрымАсы". Прафесійны акцёр з Санкт-Пецярбурга Віктар Бердакоў прадставіў 35 работ, што блізкія да жанру партрэта, але непасрэдна такімі не з'яўляюцца.

 Ён называе свае творы вобразамі, маючы на ўвазе іх шматгранны змест і асацыятыўнасць. Героі акцёра-мастака вельмі разнастайныя: блізкія людзі, персанажы сусветнай класікі, вядомыя асобы са свету тэатра і літаратуры... Асэнсаванне лёсаў такіх асоб, як Фаіна Ранеўская, Іосіф Бродскі, Аляксандр Пушкін, суседнічае з мяккім гумарам работ "Сябар у футболцы з дзіркай", "Хлапчук. Адкрыццё". Рознымі адценнямі пачуццяў вылучаюцца жаночыя вобразы: Мама і Незнаёмка ў сінім пакрывале, Бабуля і Паломніца, Жанна д'Арк і булгакаўская Маргарыта... Шмат падстаў для разваг даюць работы "Анёл-ахоўнік", "Манах", "Іуда".

Віктар Бердакоў выстаўляецца ў Віцебску ўжо другі раз. Маляванне тэатральным грымам па паперы адно праз дакрананне пальцаў, якое ён практыкуе, пазбаўляе выяву выразнасці контураў, але пластычнасць фарбавага слою захоўвае дынаміку дакрананняў і іх энергію. Гэта - даволі рэдкая з'ява ў выяўленчым мастацтве. Вібрацыя колеру ў яго работах задае пэўны рытм, які чытаецца гледачом на ўзроўні эмоцый. Мастак лаканічны ў перадачы дэталей, абмяжоўваючыся дакладнасцю характэрных рыс пластыкі твару або мімікі. Вочы яго "вобразаў" часта з'яўляюцца сэнсавым і кампазіцыйным цэнтр/i/content/pi/cult/322/5770/9-6.jpgам. Віктар Бердакоў, гіпербалізуючы памер вачэй, акцэнтуючы паказ позірку, карыстаючыся ўмоўнасцю партрэтнага выяўлення, стварае ключы да асацыятыўнага ўспрымання гледача.

 Недэталізаваныя выявы, што ў чымсьці маюць падабенства са старажытнай мініяцюрай або фрэскавым жывапісам, стрыманыя па каларыце, з тонкімі нюансамі тону, настройваюць на сутворчасць у той жа ступені, у якой глядач адгукнуўся на эмоцыю або асацыятыўны ключ аўтара. Кожны наведвальнік з цэлай галерэі "вобразаў" зможа знайсці найбольш блізкі сабе.

Бердакоў, як і любы мастак, укладае ў свае работы толькі перадумовы да вобраза, што ўзнік ва ўяўленні як нейкая задума або вынік роздумаў і перажыванняў. У працы над вобразам няма месца строгай рацыянальнасці і часавай азначальнасці, але абавязкова прысутнічае духоўнае напружанне, у якім чалавек жыве. Менавіта яно служыць асновай для творчага азарэння.

Алена КРЫВЕНЬКАЯ, навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога мастацкага музея