“Добры дзень! Я — Тыгравіч…”

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Голас, вочы, душа і… Чалавек!

/i/content/pi/cult/322/5768/9-1.jpgЗусім хутка, 26 мая, заслужаны артыст Беларусі, "залаты голас" айчыннага радыё і бліскучы педагог па сцэнічнай мове Ілля КУРГАН адзначыць сваё 85-годдзе. Акрамя шматлікіх шчырых і цёплых віншаванняў, якія атрымае юбіляр у гэты дзень, яго чакае яшчэ адзін сюрпрыз: акурат да юбілейнай даты ўбачыць свет кніга "Залаты голас Беларусі", прысвечаная асобе гэтага выдатнага чалавека, прафесіянала і педагога. Яе аўтар і складальнік Алена МІНЧУКОВА пагадзілася прыадкрыць некаторыя таямніцы будучага выдання.

- Алена, раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя стварэння асобнай кнігі пра Іллю Кургана?

 - Гэта ж- чалавек-эпоха! Ідэя з кнігай была маёй прапановай, але, калі я звярнулася з ёй да Іллі Львовіча, аказалася, што яна зусім не арыгінальная: шмат хто і да мяне хацеў гэта зрабіць. Аднак ён усім адмаўляў. Чаму ж мне даў згоду? Напэўна, пашчасціла, таму, што я ў свой час была ягонай вучаніцай, ён добра ведаў і асабіста мяне, і мае творчыя інтарэсы, ды і мы з ім шмат у чым супадаем у поглядах на жыццё.

- Ваша першае знаёмства з ім, якім яно было?

 - Я паступала на курс рэжысёраў дакументальнага кіно ва Універсітэце культуры. У ПК трактарнага завода ў нас быў маленькі пакойчык, нешта накшталт "штаба", дзе мы - дзесяць чалавек - займаліся кожны сваім. І вось аднойчы... Адчыняюцца дзверы і ўваходзіць худзенькі немалады чалавек. Але - вочы!.. Гэта быў ашаламляльны погляд, які літаральна зачараваў прысутных. А Курган да нас проста так, з ледзь улоўнай жартаўлівай усмешкай: "Ну, добры дзень. Я- Тыгравіч"... І гэтае першае ўражанне адразу стварыла цудоўную атмасферу шчырага і даверлівага настрою.

- Відаць, таму, што Ілля Курган заўсёды вылучаўся надзвычайным уменнем кантактаваць з людзьмі, не заўважаючы ўзроставай "дыстанцыі", нібыта - на роўных, але ж, разам з тым, крыху "прыўзнімаючы" свайго субяседніка над яго ўласным "узроўнем"...

- І гэта - дарагога каштуе! Памятаю, як я рабіла свой дыпломны фільм "Вытокі". Спецыяльна для яго напісала вершы, і іх неабходна было прачытаць, як заўсёды - у апошнюю хвіліну. І раптам - усё не складваецца: пярэдадзень Вялікадня, усе тыя, з кім у мяне былі папярэднія дамовы, з розных прычын не могуць прыехаць на запіс, я, да ўсяго, цяжарная сваім першынцам... І ўжо як у апошнюю "інстанцыю" тэлефаную да Кургана: "Ілля Львовіч, не ведаю, што рабіць са сваёй праблемай!.." А ён мне: "Дзяўчынка мая, не хвалюйся!" І прыйшоў у перадсвяточны дзень. Яму тут жа вызвалілі студыю гуказапісу. А працавалі мы так: "Ілля Львовіч, - кажу,- неабходна ўкласціся ў хвіліну дваццаць дзевяць". І ён - дакладна секунда ў секунду, з першага ж дубля. Так і прачытаў усе тры вершы з трылогіі.

- Калі ж чытач пабачыць кнігу?/i/content/pi/cult/322/5768/9-2.jpg

 - Плануем арганізаваць прэзентацыю выдання пад час святочнага вечара, прысвечанага юбіляру, у Акадэміі мастацтваў, а таксама ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, дзе Ілля Львовіч таксама працуе. Магчыма, яно таксама з'явіцца і ў кнігарнях.

 - А што асабіста вы як аўтар адкрылі новага ў гэтым чалавеку пад час працы над кнігай?

- Вельмі шмат! Але больш за ўсё мяне ўразіла тое, што, нягледзячы на такую папраўдзе "ўсенародную" тэатральную любоў, гэты светлы, адкрыты чалавек у глыбіні душы - вельмі адзінокі. Прытым, што і да сёння, зведаўшы тры інфаркты, не можа без работы: "бегае" на чатыры працы, шмат сустракаецца з людзьмі. Уся ягоная кватэра ад падлогі да столі застаўлена кнігамі. "Яны - мае адзіныя сапраўдныя сябры", - кажа Ілля Львовіч. І я разумею гэта, калі ён распавядае, як некалі зусім хлапчуком у эвакуацыі ён проста-такі зачытваўся не кім-небудзь, а Сафоклам, Эўрыпідам, Арыстафанам, і аднойчы нават "сцягнуў" адну з гэтых кніг з бібліятэкі, за што і па сёння сорамна (магчыма, ніхто іншы там яе нават і не разгарнуў). Я бачу, як яму "баліць", калі сёння Ілля Львовіч глядзіць на тое, як развіваюцца і чым цікавяцца творчыя маладыя людзі, якія "каштоўнасці" выходзяць для іх на першы план. Аднак для мяне гэта і добрая прыкмета: значыць, нягледзячы на ўзрост, Ілля Курган не перастае жыць, актыўна рэагаваць на тое, што адбываецца навокал, і сваім прыкладам паказваць: існуюць іншыя "сцэнарыі" жыцця ў мастацтве.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА